Бразілія вызваліць Венесуэлу ад левага аўтарытарызму
Эрнэста Араужо, будучы дырэктар бразільскага МЗС пры нядаўна абраным правапапулісцкім прэзідэнце Жаіры Балсанару, уступіць на пасаду толькі на пачатку наступнага года — пасля інаўгурацыі новага кіраўніка дзяржавы. Аднак ён ужо прымусіў гаварыць пра сабе, дзякуючы скандальным рэплікам.

Фота SERGIO LIMA/AFP/Getty Images.
Ён публічна ўсумніўся ў глабальным пацяпленні, якое, паводле яго слоў, прыдумалі марксісты. І новая выхадка, якая можа мець больш сур’ёзныя наступствы: Эрнэста заклікаў сусветную супольнасць «аб’яднацца, каб вызваліць Венесуэлу ад левага аўтарытарызму Нікаласа Мадуры».
Сваю ваяўнічую пазіцыю адносна Каракаса будучая адміністрацыя прадэманстравала, калі не запрасіла Мадуру на інаўгурацыю Балсанару на падставе «павагі да венесуэльскага народа».
Адказ Каракаса вытрыманы ў такім жа ваяўнічым духу. «Сацыялістычны, рэвалюцыйны і свабодны ўрад Венесуэлы ніколі не будзе прысутнічаць на інаўгурацыі прэзідэнта, які з’яўляецца ўвасабленнем нецярплівасці, фашызму і адмовы ад інтарэсаў краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна», — заявіў МЗС краіны.
Варта дадаць, што на мінулым тыдні Нікалас Мадура абвінаваціў адміністрацыю ЗША ў падрыхтоўцы перавароту ў Венесуэле, які амерыканцы, маўляў, збіраюцца ажыццявіць рукамі бразільцаў.
Самае смешнае, што многія бразільцы правых поглядаў асудзілі дзеянні Араўжо. На іх думку, Мадуру трэба было, наадварот, запрасіць на інаўгурацыю, каб на месцы арыштаваць і судзіць.