Брусэль у аблозе

Як выглядае Брусэль пасля жахлівых тэрактаў? Які ён — горад, дзе ўзровень тэрарыстычнай пагрозы абазначаны як «высокі»? Вось якім убачыў Брусэль наш журналіст.

62a21efb9805658585f19ca06681dcf6.jpg


Як вядома, сімвалам Брусэля лічыцца Manneken Pis — хлопчык, які сікае. Аднак хапае тут і іншых цікавых рэчаў. Так, пасля апошніх трагічных падзей бельгійская сталіца папоўнілася новым унікальным прадметам. Напэўна, толькі ў мясцовай падземцы можна пабачыць незвычайны, падобны да градусніка, прыбор, які вымярае ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. Стрэлка «градусніка», які размешчаны перад эскалатарам адной са станцый метро, рухаецца ўздоўж гарызантальнай шкалы і паказвае ступень актыўнасці тэрарыстаў.
Няма сумневаў, што «градуснік» прыдумалі для таго, каб брусэльцы і госці сталіцы не расслабляліся. На жаль, суб’ектыўна падаецца, што вайна з тэрорам па-бельгійску хутчэй спараджае не ўнутраную мабілізацыю, а пачуццё побытавага дыскамфорту, фаталізму і абсурду.
Прысмак абсурду выклікае супярэчнасць паміж маштабамі мабілізацыі сілавікоў на фоне ўпартага жадання ўсяго грамадства жыць паводле звыклых старых канонаў, калі індывідуальныя свабоды — недатыкальныя, а якаснае спажыванне — амаль рэлігія.
Чалавек з аўтаматам — цяпер паўсядзённы тыпаж на вуліцах Брусэля. У цэнтры Брусэля на іх натыкаешся амаль у кожным квартале. У дадатак да аўтамату жаўнеры носяць пісталет і часта — чорныя акуляры. Усё гэта надае ім надзвычай ваяўнічы выгляд, аднак першы ж кантакт разбурае гэта ўражанне. «Можна паглядзець вашу торбу, спадар?» — пытаецца аўтаматчык на ўваходзе на платформу адной са станцый. Такім жа тонам у Мінску бамжы просяць пакінуць ім пустую пляшку з-пад піва. Незвычайна? Так. Аднак іншая танальнасць размовы паміж паліцэйскім і грамадзянінам наўрад ці магчымая ў дэмакратычным грамадстве.
Асабліва яскрава гэта можна назіраць у аэрапорце Брусэля. Пасля выбухаў тут пабудаваная новая мадэль кантролю, якая, баюся, хутка будзе выкарыстоўвацца па ўсёй Еўропе. Цяпер, каб трапіць на борт самалёта пасажыру даводзіцца прайсці аж чатыры фільтры праверкі.
Падчас блукання паміж «кантралёрамі» вас, акрамя ўсяго, чакае сустрэча з апошнім словам тэхнічнага прагрэсу ў барацьбе з тэрарыстамі. Пасля праходу праз арку з металадэтэктарам, супрацоўнік аховы праводзіць па далоні рукі нейкім мікрасканерам, які выплёўвае папяровы купон. Купон тут жа ўстаўляюць у падобную на кававарку машыну на суседнім стале, якая выдае вердыкт наконт прысутнасці на вашых далонях слядоў выбуховых рэчываў. «Чысты», — кажа ахоўнік, дазваляючы ісці да наступнага пункту праверкі. Уздоўж усяго маршруту стаяць нейкія сумныя з выгляду асобы, якія павінныя сачыць, каб пасажыр не зрабіў нават паўкроку ўбок.

polis_sobaka.jpg


Геній таго, хто прыдумаў апісаную вышэй схему татальнай бяспекі, разбіваецца аб бытавыя сцэны, якія можна пабачыць у аэрапорце. Вось узброены да зубоў жаўнер замест таго, каб сачыць за чаргой, пачынае жартаваць з нейкім турыстам. Пакуль яны пасміхаюцца адзін аднаму, на пропуску ўзнікае затор — нехта згубіў і шукае білет — яго трэба паказаць, каб прайсці далей. Пакуль адзін шукае білет, з’яўляецца новая партыя пасажыраў, ствараючы натоўп — ідэальны аб’ект для атакі экстрэмістаў.
Тое ж самае тычыцца рэстаранаў і кафэ, якія спакойна функцыянуюць у Брусэлі, нягледзячы на тое, што «тэрмометр» у метро паказвае высокую ступень тэрарыстычнай пагрозы. Суседзі за столікамі ў такіх установах прызнаюцца, што баяцца тэрарыстаў, аднак хоць чымсьці ахвяраваць дзеля гэтага не збіраюцца.
Ці можна захаваць цяперашнюю палітычную і эканамічную сістэму ў Еўропе, і пры гэтым перамагчы тэрарызм? Вельмі актуальнае пытанне, сыходзячы з таго, што, магчыма, менавіта існуючая сістэма і спараджае экстрэмісцкія погляды. На мінулым тыдні ў Еўрапейскім парламенце адбылася канферэнцыя дэпутатаў мясцовых саветаў краін ЕС, у тым ліку з удзелам сяброў бельгійскіх муніцыпалітэтаў, дзе зараз праходзяць антытэрарыстычныя акцыі.
Народныя абраннікі кажуць, што маладых мусульман штурхае ў экстрэмізм кантраст іх побыту з тым, што дэманструюць на экранах. Пакінуць катэгорыю сацыяльных маргіналаў яны, аднак, не здольныя з-за кепскай адукацыі і ксенафобіі, якая пануе ў бельгійскім грамадстве. З трыбун канферэнцыі была агучаная прапанова запуску нейкай шырокай праграмы для мусульманскіх кварталаў Бельгіі, якая павінна падцягнуць тут узровень жыцця і інтэграваць тутэйшых мігрантаў у соцыум. Хаця самі дэпутаты прызнаюць, што фінансаваць такі доўгатэрміновы праект ніхто не збіраецца. Лепш ужо аддаць грошы на сілавікоў, якія перад камерамі эфектыўна правяраюць сумкі ў метро.
Магчыма, крыніца экстрэмізму ў іншым. У любым выпадку, Еўропа, каб змагацца з выклікам тэрарызму, павінна сама мяняцца. Калі меркаваць па Брусэлю, еўрапейцы абсалютна на гэта не здольныя. У такой сітуацыі застаецца спадзявацца толькі на супрацоўнікаў спецслужбаў. У прынцыпе, нядаўна бельгійскія праваахоўнікі, быццам, злавілі арганізатараў тэрактаў у аэрапорце, аднак наўрад ці гэта канчатковая перамога. Прынамсі, градуснік у метро не змяніў паказальнікі.