Ці будзе Кубань украінскай?
Сто гадоў таму Кубань ледзь не стала часткай Украіны. Аднак у Кіеве спадзяюцца, што ўсё яшчэ наперадзе.
Славутая «Розпрягайте, хлопці, коней» і іншыя ўкраінскія песні ў рэпертуары цяперашніх кубанскіх казакоў могуць здзівіць толькі прафанаў. Украінскі кампанент быў вельмі важны ў стварэнні кубанскага казацтва, якое фармавалася і за кошт запарожцаў. Напрыканцы ХVIII стагоддзя Кацярына Другая ліквідавала Запарожскую Сеч, прапанаваўшы казакам прыняць удзел у каланізацыі Кубані. Апынуўшыся па-за Украінай, былыя запарожцы не забыліся пра свае карані. Пра гэта сведчыць гісторыя абвешчанай імі роўна сто гадоў таму Кубанскай Народнай Рэспублікі (КНР).
Кубанская Народная Рэспубліка, якую абвясцілі 16 лютага 1918 года, была адным са шматлікіх дзяржаўных праектаў, якія нараджаліся, як грыбы пасля дажджу, у полымі Грамадзянскай вайны. Хаця Кубанская Рада — галоўны орган маладой рэспублікі — была ідэалагічна стракатым аб’яднаннем, ініцыятыву там захапілі прыхільнікі арыентацыі на Украіну.
Украінафілам спрыяла тагачасная кан’юнктура. Германія, якая пасля Брэсцкага міру захапіла Беларусь і Украіну, выступала куратарам усіх антыбальшавіцкіх праектаў. Хутка паміж кубанцамі і Кіевам, дзе панаваў пранямецкі гетман Павел Скарападскі, завязаліся кантакты.
Спрыяла тым кантактам і папулярная ў асяроддзі ўкраінскіх нацыяналістаў ідэя інтэграцыі Кубані ў склад Украіны. Напрыклад, бацька ўкраінскага нацыяналізму Міхаіл Міхноўскі ў сваім Дэкалогу бачыў усходнімі межамі Украіны горы Каўказу.
Калі верыць гісторыкам, прыкладна ўвесну 1918 года ў Кіеве быў складзены план далучэння Кубані да гетманскай дзяржавы. Паводле яго, кубанцы падымуць праўкраінскае паўстанне на Тамані, якое Кіеў падтрымае, даслаўшы каля 15 тысяч жаўнераў. Паўстанне сапраўды выбухнула, аднак яго наступствы былі дыяметральна супрацьлеглыя плану. Антыбальшавіцкі выступ казакоў згуляў на руку Дзянікіну, які захапіў Кацярынадар. Дзянікін жа бачыў Расію выключна «адзінай і непадзельнай».
Не дзіўна і тое, што сітуатыўны антыбальшавіцкі саюз паміж белымі і кубанцамі цягнуся нядоўга. Хутка лідар «кубанскіх» Мікола Рабавол быў забіты ў растоўскім гатэлі акурат пасля прамовы пра небяспеку, якую нясе адраджэнне манархізму. Інцыдэнт выклікаў незадаволенасць і масавы сыход казакоў з фронту, што ў выніку дапамагло Леніну спыніць наступ белых у 1919-м.
Кубанская Народная Рэспубліка фармальна працягвала існаваць, і нават спрабавала далучыцца да Грузіі. Пасля прыходу на Паўночны Каўказ чырвоных усе рэшткі кубанскай дзяржаўнасці былі знішчаныя. Апошняя кропка была пастаўленая, напэўна, у 1930-х гадах, калі ў Кубані была ліквідаваная ўкраінская нацыянальна-культурная аўтаномія.
Нягледзячы на фіяска КНР, думка пра тое, што Кубань — гэта Украіна, заўжды была папулярная ва ўкраінскім палітыкуме. Расійска-ўкраінскі канфлікт спрыяў рэнесансу планаў стогадовай даўніны. Прычым, іх агучваюць нават на ўзроўні міністраў. Напрыклад, міністр інфраструктуры Уладзімір Алеян падтрымаў ідэю Крымскага мосту, паколькі канструкцыя, маўляў, дапаможа далучыць украінскі Крым і ўкраінскую Кубань. У мінулую нядзелю ў Кіеве адбыліся масавыя беспарадкі радыкалаў, якія скандавалі: «Крым, Данбас і Кубань — гэта Украіна!».
Праўда, за амбіцыйнымі планамі няма ніякай канкрэтыкі або дарожнай карты. Далучэнне Кубані ў Кіеве разглядаюць, як правіла, як следства калапсу Расіі, чаго даўно чакаюць. Пры гэтым таксама апускаецца вельмі важны момант. У 1918 годзе Кубань была гатовая выключна на федэралісцкія адносіны з Кіевам. Сёння ж патрабаванне федэралізацыі разглядаецца ва Украіне ледзь не як замах на дзяржаўную бяспеку.
Нарэшце, аптымізм украінскіх нацыяналістаў слаба карэлюецца з этнічна-нацыянальным складам цяперашняга кубанскага насельніцтва. На цяперашні момант менш чым два працэнты насельнікаў кубанскага краю лічаць сябе ўкраінцамі. Гэта без уліку таго, што сярод іх, натуральна, ёсць людзі розных палітычных поглядаў. Наадварот, Кубань выклікае асацыяцыю з вельмі кансерватыўным у палітычным плане рэгіёнам Расіі. Дастаткова ўзгадаць, што кубанскія казакі часцяком выкарыстоўваюцца пуцінскай адміністрацыяй для ціску на дэмакратычную грамадскасць.
Тым не менш, нават лаяльныя расійскія публіцысты заклікаюць Крэмль трымаць кубанскае пытанне пад асобным кантролем. Як сведчыць практыка, цяпер, дзякуючы медыя, за адносна невялікі час можны стварыць новую ідэнтычнасць для рэзідэнтаў той ці іншай тэрыторыі.