Ці магла румынская рэвалюцыя быць негвалтоўнай?

Трыццаць тры гады таму, 16 снежня 1989-га, у Румыніі пачалася рэвалюцыя, якая прывяла да звяржэння рэжыму Нікалае Чаўшэску і пераходу краіны да дэмакратыі. Гэта была адзіная гвалтоўная змена камуністычнага рэжыму ў краінах былога сацыялістычнага лагера. Шмат хто і цяпер лічыць, што гвалт — самы дзейсны інструмент у барацьбе з дыктатурай.

Пратэстоўцы супраць войскаў у Бухарэсце

Пратэстоўцы супраць войскаў у Бухарэсце

На вуліцах Тымішаара

Падставай для пачатку рэвалюцыі з’явіліся падзеі ў горадзе Тымішаара. Улады паспрабавалі выслаць адтуль пратэстанцкага святара вугоркага паходжання Ласла Цёкеша, які ў сваіх казаннях крытыкаваў рэжым Чаўшэску. У адказ 16 снежня вернікі абкружылі дом святара. Іх колькасць увесь час расла. Хутка акцыя пратэсту ператварылася ў шматлюдную дэманстрацыю, якую ўлады разганялі пры дапамозе вадамётаў і слезацечнага газу.

Пратэсты працягнуліся і на наступны дзень. Пад вечар войскам быў аддадзены загад адкрыць агонь. Каля 300 чалавек было забіта і паранена. Да ночы пратэсты суцішыліся. Але на наступны дзень на вуліцах з’явілася невялікая група маладых людзей. Яны ўпершыню прадэманстравалі румынскі сцяг з дзіркай на месцы тагачаснага герба сацыялістычнай Румыніі. Гэта зрабілася сімвалам усіх далейшых пратэстаў. Удзельнікі той маніфестацыі таксама былі расстраляны войскамі. Целы тых, хто загінуў 17-18 снежня, былі ўпотай спалены ў крэматорыі, каб схаваць сляды бойні. Усяго былі забіты 43 чалавекі.

Палічыўшы, што сітуацыя ў краіне пад кантролем, Чаўшэску 18 снежня выправіўся з афіцыйным візітам у Іран. Шмат хто лічыць, што гэта было ягонай памылкай. Нягледзячы на ўгаворы, рэпрэсіі і страляніну рабочыя ў Тымішаары працягнулі абвешчаны страйк. 20 снежня ў горад увайшлі дзясяткі тысяч рабочых з іншых гарадоў. Аб’яднаўшыся з мясцовымі пратэстоўцамі, яны занялі цэнтральную частку горада. Рабочыя з суседняй вобласці Альтэнія, якіх улады ўзброілі дубінкамі і адправілі душыць пратэсты тымішаарцаў, адмовіліся біцца за дыктатарскі рэжым і абралі бок пратэстоўцаў. Тымішаара зрабілася першым горадам, свабодным ад камуністычнага рэжыму. 21 снежня там быў утвораны Румынскі дэмакратычны фронт, мэтай якога было правядзенне перамоў з румынскімі ўладамі.

Тым часам Чаўшэску вярнуўся з Ірана і аддаў загад навесці ў краіне парадак. 21 снежня ў Бухарэсце ўлады арганізавалі вялікі мітынг у падтрымку дыктатара. Але людзі, якіх сабралі для ўдзелу ў ім, вельмі млява рэагавалі на лозунгі і заклікі. У нейкі момант у натоўпе выбухнулі петарды, што прывяло да панікі і зрыву мітынгу. Увечар таго ж дня ў сталіцы краіны пратэстоўцы пачалі будаваць барыкады.

Па словах Пэтрэ Романа — удзельніка тых падзей і будучага прэм’ера Румыніі — барыкады будаваліся з офіснай мэблі. Увечар сабраліся 80 чалавек. Рэжым кінуў супраць іх танкі. Пасля страляніны і разбурэння барыкады на месцы засталіся ўсяго 15. У астатніх месцах горада пратэсты таксама былі разагнаны. Войскі і супрацоўнікі службы бяспекі дзейнічалі з надзвычайнай жорсткасцю, якая падагравалася інфармацыяй, што недзе там іх калег пратэстоўцы парэзалі адвёрткамі. У нейкі момант яны ўварваліся на станцыю метро «Універсітэцкая Плошча» і пачалі збіваць усіх пасажыраў — старых, малых, жанчын… Затрыманых кідалі штабелямі адзін на аднога. Ахвярамі разгонаў былі 50 чалавек, яшчэ 462 атрымалі раненні. 1245 чалавек былі арыштаваны.

Дэманстрацыя 16 снежня ў Тымішаары

Дэманстрацыя 16 снежня ў Тымішаары

Армія з народам

Але жорсткасць дзеянняў рэжыму толькі дадала пратэстам масавасці. На наступны дзень у цэнтры Бухарэста пачалі збірацца дзясяткі тысяч людзей. Пачаліся выпадкі пераходу вайскоўцаў, супрацоўнікаў міліцыі і спецслужбаў на бок партэстоўцаў. У гэты час стала вядома, што міністр абароны Васіль Мілея скончыў жыццё самагубствам.

Гэта нарадзіла шматлікія чуткі і тэорыі змовы. Найбольш папулярнай была версія, што яго забілі па загадзе Чаўшэску за тое, што ён адмовіўся аддаваць вайскам загад страляць па людзях. Была версія, што Мілея жадаў толькі параніць сябе, каб пазбегчы ролі душыцеля свайго народа. Эксгумацыя цела і даследаванне, што праводзілася ў 2005 годзе, паказала, што гэта было самазабойства куляй, выпушчанай наўпрост у сэрца.

На месца Мілеі Чаўшэску прызначыў генерал-лейтэнанта Віктара Станкулеску, які раней быў намеснікам Мілеі. Ён карыстаўся поўным даверам з боку дыктатара, бо менавіта Станкулеску займаўся задушэннем пратэстаў у Тымішаары і асабіста аддаваў загады страляць у людзей. Што праўда, вярнуўшыся адтуль, ён паспрабаваў схавацца ў шпіталі, папрасіўшы начальніка шпіталя — свайго добрага сябра — накласці яму гіпс на нагу (той наклаў), каб не быць зноў уцягнутым у крывавае процістаянне з народам. Але, калі яго паклікалі ў ЦК партыі, ён туды з’явіўся, каб выслухаць загады Чаўшэску.

Загады ён выслухаў. У тым ліку — страляць. Але не выканаў іх. Ён адмовіўся перадаваць вайсковым афіцэрам загад прымяніць зброю. Што значыла пераход Станкулеску і войска на бок народа. І, фактычна, падзенне рэжыму Чаўшэску, бо цяпер у таго не было аніякай магчымасці абараняць сваю ўладу «да апошняга румына».

Танк на вуліцах Бухарэста

Танк на вуліцах Бухарэста

Працэс пайшоў

Як кажуць у народзе, не будзеш ты, то будзе тры. На месца зніклага кіраўніцтва тут жа пачалі прэтэндаваць тры групы: малодшага брата Чаўшэску Іліі, старога паплечніка Чаўшэску Іліі Вердэ і толькі што ўтвораны з функцыянераў КПР Фронт нацыянальнага выратавання Румыніі. Яго ўзначаліў Ён Іліеску — калісьці папулярны дзеяч КПР, які пасля трапіў у апалу.

Менавіта Фронт стаў галоўнай палітычнай сілай у Румыніі ў тыя дні. Сваёй штаб-кватэрай ён зрабіў той жа будынак ЦК КПР, у якім раней месціўся імправізаваны штаб Чаўшэску і адкуль дыктатар апоўдні 22 снежня ўцёк на верталёце. Месца, дзе атабарваліся новыя ўлады, было не толькі сімвалічным для іх, але і добра знаёмым па папярэдняй працы. Увогуле, у новае кіраўніцтва не ўвайшоў аніводны дысідэнт ці, як бы мы сказалі, «стары апазіцыянер». На кіруючых пасадах апынуліся тыя людзі, якія да гэтага былі адданымі камуністамі. Тым не менш, працэс дэмакратызацыі яны больш-менш здолелі запусціць, а галоўнае — зрабіць яго незваротным.

У далейшым былыя камуністычныя функцыянеры з ФНВР зрабілі сябе асноўнымі палітычнымі бенефіцыярамі рэвалюцыі. Яны, канечне, арганізавалі дэмакратычныя выбары ў 1990 годзе. Але апазіцыйныя партыі,  адноўленыя пасля рэвалюцыі, падчас удзелу ў выбарчай кампаніі адчулі хоць і не абсалютны, але істотны эфект выкарыстання супраць сябе адміністрацыйнага рэсурсу.

У прыватнасці, пачынаючы з зімы 1990-га, урад ФНВР неаднойчы прывозіў у Бухарэст шахцёраў, каб тыя разганялі мітынгі, зладжаныя апазіцыйнымі («старымі» ці, іначай, «адноўленымі») партыямі. Падобная атака на мірны мітынг апазіцыі адбылася ў чэрвені 1990-га ў Бухарэсце, у выніку чаго загінулі чатыры чалавекі і яшчэ 1388 чалавек пацярпелі ад тых ці іншых незаконных дзеянняў прадстаўнікоў аховы парадку і гарнякоў. Ды і чальцы ФНВР у далейшым сцвярджалі, што рэвалюцыя была накіравана не супраць сацыялізму з камунізмам, а супраць Чаўшэску. Так ці іначай, першым дэмакратычным прэзідэнтам Румыніі быў абраны Ён Іліеску.

Нікалае і Алена Чаўшэску перад расстрэлам

Нікалае і Алена Чаўшэску перад расстрэлам

Смяротны прысуд дыктатару

Сам дыктатар паспрабаваў уцячы са сталіцы, але 22 снежня быў арыштаваны ў горадзе Тыргавіштэ. І ўжо 25 снежня ў 13.20 над ім пачаўся суд, які цягнуўся ўсяго каля 80 хвілін. Сярод абвінавачанняў былі: генацыд (тады лічылася, што з 16 снежня загінула каля 60 тыс. чалавек); падрыў дзяржаўнай улады шляхам арганізацыі ўзброеных выступленняў супраць народа; знішчэнне дзяржаўнай маёмасці; падрыў нацыянальнай эканомікі; спроба ўцёкаў з краіны за мяжу, дзе на ягоных рахунках захоўвалася больш за мільярд долараў.

Іліеску, кіраўнік ФНВ, выступаў супраць смяротнага пакарання. Але за смяротны вырак дыктатару актыўна выступаў генерал Станкулеску. На борце аднаго з верталётаў, накіраваных у Тыргавіштэ для арганізацыі суда, ужо былі два кавалкі брызенту, у якія трэба было загарнуць целы Чаўшэску і ягонай жонкі пасля пакарання.

Смяротны прысуд быў вынесены ў 14.45. У выкананне яго прывялі праз пяць хвілін, у 14.50, хоць яго можна было яшчэ абскардзіць, а румынскія законы забаранялі выконваць смяротны прысуд раней, чым праз 10 дзён пасля яго вынясення. У далейшым не была пацверджанай вялікая колькасць ахвяр, як не былі знойдзены і пацвярджэнні існавання замежных рахункаў Чаўшэску. Было меркаванне, што хуткі суд і расстрэл Чаўшэску былі вынікам жадання схаваць некаторыя факты і захаваць кіраванне ў руках камуністаў. Хоць пацвярджэнняў гэтаму таксама няма.

Целы забітых у горадзе Клуж-Напока.

Целы забітых у горадзе Клуж-Напока.

Распачаць гвалт вельмі лёгка

Што характэрна, уцёкі дыктатара і ягоны арышт не спынілі страляніны ў Бухарэсце ды іншых гарадах Румыніі. У некаторых выпадках падставай былі непаразуменні, калі адны групы пратэстоўцаў прымалі іншыя за абаронцаў дыктатуры. Але было шмат цьмяных сітуацый, калі грамадзян і вайскоўцаў, а таксама аддзелы міліцыянтаў і супрацоўнікаў бяспекі абстрэльвалі невядомыя.

Адзначаны нават выпадкі, калі рэальнай страляніны не вялося, а гукі стрэлаў і быццам бы спалохі ад іх імітаваліся праз адмысловую апаратуру. Менавіта праз дзейнасць гэтых невядомых груп загінула большая частка ахвяр рэвалюцыйных падзей. Па цяперашніх падліках, да 22 снежня загінула каля 300 чалавек (а не 60 тысяч, як сцвярджалася на судзе), а пасля арышту дыктатара — 862, то-бок амаль у тры разы болей. Але агучваюцца і іншыя лічбы: 1146 загінулых і 3138 параненых сярод грамадзянскага насельніцтва. Акрамя таго, загінулі 260 вайскоўцаў і 65 супрацоўнікаў службы дзяржбяспекі.

Страляніна, што адбылася ў той час, калі, падаецца, грамадзяне мусілі святкаваць сваю перамогу, яшчэ раз даказвае: распачаць гвалт — вельмі лёгка, а вось выкараскацца з яго — вялікая праблема. Некаторым нацыям на гэта спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе, з колькасцю ахвяр нашмат большай за 862 і нават за 60 тысяч.

Румынам пашчасціла: гвалт цягнуўся ўсяго некалькі дзён. 25 снежня, пасля таго, як па тэлевізары быў прадэманстраваны відэазапіс расстрэлу Чаўшэску. Пасля гэтага інтэнсіўнасць страляніны значна знізілася, хоць асобныя інцыдэнты адбываліся і пасля. Акрамя таго, падчас падзей у Бухарэсце пры нявысветленых абставінах згарэла бібліятэка Цэнтральнага ўніверсітэта. У выніку былі знішчаны каля 500 тысяч кніг, значная колькасць рэдкіх карт і каля 3700 рукапісаў.

Смерці патрабуюць адказнасці

Нельга казаць, што за эйфарыяй, выкліканай падзеннем дыктатарскага рэжыму, людзі забыліся на тую кроў, што пралілася ў дні рэвалюцыі. У далейшым як румынская дзяржава, так і румынскае грамадства прыкладалі значныя намаганні да таго, каб выявіць вінаватых у шматлікіх смярцях і прыцягнуць іх да адказнасці. Адным з першых пад суд трапіў генерал Станкулеску, які паспеў у 1989-1991 гадах пабыць міністрам абароны дэмакратычнай Румыніі.

Хоць ідэя прыцягнуць яго да суда за ўдзел у задушэнні пратэстаў у Тымішаары была агучана яшчэ ў 1990-м, сам суд пачаўся толькі ў 1997-м. У 1999 годзе за забойствы, здзейсненыя ў Тымішаары, яму прызначылі пакаранне ў 15 гадоў пазбаўлення волі. Пасля былі шматлікія апеляцыі, адмены папярэдніх судовых рашэнняў і вынясенне новых. У 2003-м на фоне ўсяго гэтага скончыла жыццё самагубствам жонка Станкулеску. Сам ён адсядзеў у выніку пяць гадоў з прысуджанага яму 15-гадовага тэрміну і выйшаў на свабоду ўмоўна-датэрмінова ў траўні 2014-га.

У 2019 годзе пад судом апынуўся сам Іліеску з групай былых чальцоў ФНВР. Падставай сталі менавіта падзеі 22-25 снежня 1989-га, калі, ужо пасля падзення дыктатуры і арышту Чаўшэску, у краіне працягнуліся гвалтоўныя дзеянні, вынікам якіх была гібель сотняў чалавек. Па даных следства, Іліеску і некаторыя генералы, якія падпарадкоўваліся ФНВР, хацелі атрымаць уладу. Дзеля гэтага з вечара 22 снежня яны разгарнулі складаную і маштабную аперацыю па правядзенні дыверсій і дэзынфармацыі, што прывяло (па словах следства) да ўзнікнення стану «тэрарыстычнага псіхозу», ахвяры якога былі большымі за ахвяры дзеянняў рэжыму Чаўшэску з 17 па 22 снежня. За два гады да гэтага у 2017-м, супраць Іліеску была распачата справа з нагоды крывавых падзей чэрвеня 1990 года.

Пакуль гэтыя судовыя працэсы не завершаны. Але сам факт іх пачатку дэманструе, што румыны добра разумеюць: аніякая рэвалюцыйная мэтазгоднасць не можа апраўдаць гвалту ў дачыненні да людзей, і выпадкі гэтага гвалту, як і тыя, хто за імі стаіць, будуць, як мінімум, аб’ектамі судовага разбіральніцтва. І праз дзесяцігоддзі вінаватыя панясуць адказнасць. Нават калі яны былі пераможцамі.