Ці зрыне Пуціна смех?

Пасля калапсу СССР пра досвед сатырычнай вайны забыліся. Спецыялістаў, што маніторылі савецкія анекдоты, звольнілі. Аднак сёння, як піша заходняя прэса, ёсць патрэба адрадзіць тое ведамства. «Гумар сёння мае тыя ж перавагі, як гэта было падчас «халоднай вайны».

1458218014_30.jpg

Вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Расіі выклікалі буйную дыскусію на старонках заходніх СМІ. Шмат удзельнікаў спрэчак пагаджаюцца з тэзісам пра тое, што агрэсіўная рыторыка на адрас Расіі не выклікае чаканага эфекту. Наадварот, у якасці рэакцыі назіраецца кансалідацыя расіян вакол рэжыму. Самі заходнія палітыкі, згодна з прынцыпам рыкашэту, становяцца ахвярамі сваіх жорсткіх «наездаў» на Маскву. У Брытаніі, напрыклад, цяпер папулярна жартаваць, што Крэмль нясе адказнасць за аўтамабільныя коркі на вуліцах.

Часопіс «The American Interest», які паспрабаваў адшукаць выхад з сітуацыі, звярнуў увагу на тое, што сучасныя заходнія медыя ігнаруюць гумар як важны сродак палітычнай барацьбы. Між тым, як адзначае тое ж выданне, у часы «халоднай вайны» да гумару ў заходніх сталіцах ставіліся больш сур’ёзна. Напрыклад, сярод абавязкаў супрацоўнікаў інфармацыйнай службы, што працавалі пры дыпламатычных установах ЗША ў СССР, значыўся збор анекдотаў. Усе сабраныя дыпламатамі байкі пра Чапаева, Штырліца, чукчаў і гэтак далей пасля дасылаліся ў цэнтральны офіс у Вашынгтоне, дзе іх аналізавалі спецыялісты.

Падчас працы над матэрыялам асаблівая ўвага надавалася анекдотам пра неэфектыўнасць савецкай эканамічнай мадэлі. Таксама каціраваліся байкі, якія даводзілі скептыцызм насельніцтва наконт хуткага прыходу камунізму. Выбраныя анекдоты апрацоўваліся, выдаваліся ў межах асобнай анталогіі і распаўсюджваліся ў сусветных СМІ. Журналісты ахвотна прыводзілі апублікаваныя ў зборніку анекдоты падчас агляду міжнародных навінаў.

Некаторыя з тых жартаў лічацца класікай. Напрыклад, вось якую аб’яву перадавала ВВС пасля падаўленне венгерскага паўстання ў 1956 годзе: «Савецкі ўрад прыме на працу прэм’ер-міністра Венгрыі. Кваліфікацыя — судзімасць і руская нацыянальнасць. Свой пункт гледжання і хрыбетнік не патрэбныя».

Кульмінацыя выкарыстання гумару супраць СССР прыйшлася на часы адміністрацыі Рэйгана. З улікам яго акцёрскага бэкграўнду гэта, напэўна, не дзіўна. Акрамя таго, ён навучыўся вельмі добра выкарыстоўваць палітычныя жарты на пасадзе губернатара Каліфорніі.

karikatura_putin_politika_ne_moe_2872155.jpeg

Узгадалі сёння на Захадзе і спадчыну «Аранжавай альтэрнатывы» («Pomarańczowa Alternatywa» — блізкая да анархістаў групоўка артыстаў, якая дзейнічала ў некалькіх гарадах Польшчы ў 1980-х гадах). Групоўка праславілася на ўсю Польшчу сваімі вулічнымі акцыямі накшталт «Дапамажы міліцыянеру — збівай сябе сам!». Лаяльныя на першы погляд лозунгі артыстаў ставілі ўлады ў тупік. Сапраўды, за што, напрыклад, можна арыштаваць чалавека, які дзеліцца з людзьмі на вуліцах дэфіцытнай у той час туалетнай паперай? Міліцыянты не адразу разумелі, што лепшай дыскрэдытацыі сістэмы цяжка прыдумаць.

Пакуль сілавікі тармазілі, да артыстаў далучаліся простыя мінакі, што дазваляла збіраць да некалькіх тысяч чалавек — ва ўмовах рэжыму вайсковага становішча колькасць маніфестантаў папросту фантастычная. Кульмінацыйным пунктам гісторыі «Аранжавай альтэрнатывы» быў «Марш гномаў» 1 чэрвеня 1988 года, калі на вуліцы Вроцлава выйшлі некалькі тысяч чалавек, апранутых у аранжавыя капялюшыкі гномаў.

Пасля калапсу СССР пра гэты досвед сатырычнай вайны забыліся. Тых жа спецыялістаў, што маніторылі савецкія анекдоты, звольнілі. Аднак сёння, як піша прэса, ёсць патрэба адрадзіць тое ведамства. «Гумар сёння мае тыя ж перавагі, як гэта было падчас «халоднай вайны». Жарты могуць стаць часткай папулярнай культуры, якая абяззбройвае прапагандыстаў. Жарты могуць ствараць адчуванне агульнага вопыту, які, у сваю чаргу, дапамагае пераадолець адчужэнне, створанае дэзінфармацыяй», — адзначае «The American Interest».

Праўда, ёсць думка, што ствараць сатырычны фронт супраць Крамля занадта позна. Так склалася, што фігура Пуціна была ў свой час запатрабаваная заходнімі сатырыкамі для таго, каб смяяцца з недахопаў сваёй эліты. У шматлікіх карыкатурах або скетчах на тэлебачанні Пуцін выглядае дурным, аднак крутым хлопцам, які здзекуецца са слабых амерыканскіх палітыкаў, адданых старым дэмакратычным забабонам.

Акрамя таго, змяніліся правілы інфармацыйнай вайны. У часы «халоднай вайны» гэта была барацьба паміж дзяржавамі, якія намагаліся рацыянальна давесці сваю перавагу, або даводзілі праз гумар ірацыянальнасць аргументаў праціўніка. Сёння як у Расіі, так і ў ЗША вялікая колькасць насельніцтва страціла інтарэс да факталагічнага абгрунтавання перавагі таго ці іншага палітыка або дзяржаўнай мадэлі. Наадварот, гэты сегмент грамадзян атрымлівае задавальненне, што адмаўляецца ад любога дыскурсу, заснаванага на рацыянальных доказах. Адным словам, калі сатырычны фронт супраць Пуціна і паўстане зноў, гэта павінна быць нешта абсалютна новае.