Ці паўстане Чацвёртая Рэч Паспалітая?

Кансерватыўная партыя «Права і Справядлівасць» (PiS) — пераможца польскіх парламенцкіх выбараў, абяцае палякам новую Канстытуцыю. Што за дзяржаву плануюць пабудаваць Яраслаў Качыньскі і яго аднапартыйцы?



poland_s_eurosceptic_pis_party_logo.jpg

Аб праекце новай канстытуцыі польскія правыя кажуць даўно. Цяперашні варыянт Асноўнага закону яны разглядаюць як вынік кампрамісу, які быў заключаны ў рамках Круглага стала — перамоваў камуністаў і «Салідарнасці» ў 1989 годзе. На перамовах была прынятая дарожная карта польскай трансфармацыі, у тым ліку абмеркаваныя контуры канстытуцыі посткамуністычнай Польшчы. Сама Канстытуцыя Трэцяй Рэчы Паспалітай, што была прынятая ў 1997 годзе, на першы погляд, мала адрозніваецца ад асноўных законаў еўрапейскіх дзяржаў з парламенцка-прэзідэнцкай сістэмай.

Але, на думку правых партый, у гістарычнай перспектыве гэты тэкст заклаў прававы фундамент для прыватызацыі на карысць экс-камуністаў, дазволіў ім пазбегнуць адказнасці за былыя злачынствы. Тая Канстытуцыя, маўляў, таксама дазволіла абмежаваць суверэнітэт Польшчы ў рамках еўраінтэграцыі, адкрыла допуск іншаземнаму капіталу, які скупіў польскую гаспадарку і г.д. А слабая роля дзяржавы ў эканоміцы спрыяла росту эміграцыі.

У 2010 годзе, калі PiS знаходзіўся пры ўладзе, быў распрацаваны праект альтэрнатыўнай Канстытуцыі. Яе пісалі пад новую дзяржаву — Чацвёртую Рэч Паспалітую. Дакумент, які складаецца са 199 пунктаў, пасля публікацыі выклікаў шмат заўваг.

На думку крытыкаў, браты Качыньскія вырашылі стварыць у Польшчы нейкі гібрыд клерыкальнай дзяржавы і цяперашняй Венгрыі, якой кіруе нацыянал-кансерватыўны ўрад Віктара Орбана. Варта адзначыць, што ідэя пісаць канстытуцыю ў польскіх правых узнікла ў хуткім часе пасля таго, як сваю канстытуцыю пралабіравалі іх венгерскія аднадумцы.

Прэтэнзіі да новага варыянту канстытуцыі пачынаюцца з прэамбулы, дзе некалькі разоў узгадваецца, што палякі — хрысціянская нацыя, а ўвесь лёс народу звязаныя са справай божай. На думку юрыстаў, знак роўнасці паміж вернікамі і грамадзянамі супярэчыць прынцыпам дэмакратыі, паколькі свабода веры — гэта асабістая справа кожнага. 

Акрамя таго, у варыянце канстытуцыі ад PiS няма прысутнага ў цяперашняй параграфу пра тое, што рэлігійная адукацыя не з’яўляецца абавязковай, а правы вернікаў і атэістаў у грамадстве маюць быць збалансаванымі. Гэта, на думку некаторых аналітыкаў, робіць рэлігійныя практыкі абавязковымі, а таксама дае магчымасць абмежавання ў правах таго, хто іх праігнаруе. Закладзеная ў асноўны закон дэкларацыя пра ролю царквы, быццам, будзе падставай для новых падаткаў на карысць Касцёла. Знік з Канстытуцыі і блок пра тое, што «ад нараджэння кожны чалавек мае годнасць».

Няма таксама ў тэксце слоў пра тое, што мужчына і жанчына маюць роўныя правы. Незадавальненне феміністак таксама выклікаў пункт пра тое, што дзяржава гарантуе права на жыццё «ад пачатку да натуральнай смерці». Такая фраза можа быць выкарыстаная для атакі на права на аборт. Таксама праект новай канстытуцыі падкрэслівае ролю сям’і, якая можа быць «выключна сувяззю мужчыны і жанчыны». 

Не прайшлі крытыкі і міма пункту пра люстрацыю, з дапамогай якой польскія правыя абяцаюць ачысціць грамадства ад камуністычных злачынцаў і спадчыны камуністычнай Польшчы. Абстрактны характар прапісанай у праекце такой меры, як «барацьба з сімваламі камунізму і нацызму», прадстаўляе, на думку інтэлігенцыі, пагрозу для даследаванняў у сферы гуманітарных дысцыплін. Шмат каго перапужала, што «дзяржава дзейнічае ў імя агульнага дабрабыту». Зразумела, што барацьбой за агульны дабрабыт можна апраўдаць любыя ўчынкі. 

«Атрымліваецца сістэма, у якой Касцёл не мае нейтральнай пазіцыі адносна дзяржавы і грамадства. Прапанаваная мадэль PiS — гэта яшчэ не тэакратычная дзяржава, аднак яна надае царкве галоўную ролю ў дзяржаве, або, лепш сказаць, дзяржаве польскага каталіцкага народу», — пісала ў 2010 годзе «Gazeta Wyborcza».

Так ці інакш, смаленская катастрофа, у выніку якой загінула ўся кансерватыўная эліта разам з прэзідэнтам Лехам Качыньскім, і прыход да ўлады лібералаў змянілі кан’юктуру. Тэма Чацвёртай Рэчы Паспалітай адышла на другі план грамадскай дыскусіі.

Але рэнесанс польскіх правых, што пачаўся гэтай вясной, зноў актуалізаваў пытанне прыняцця новай канстытуцыі. Яшчэ падчас прэзідэнцкай кампаніі Анджэй Дуда абяцаў канстытуцыйныя змены. Пасля 25 кастрычніка такая перспектыва падаецца непазбежнай. Электарат кансерватараў папросту не зразумее, чаму Дуда і Качыньскі не скарысталіся фантастычнымі ўмовамі для таго, каб пакончыць з ненавіснай ім Трэцяй Рэччу Паспалітай

Нагадаем, што ўпершыню за 25 гадоў пасля краху камунізму ў адной з польскіх партый з’явілася магчымасць самастойна сфармаваць кабінет і разам з іншымі правымі партыямі ў Сейме атрымаць канстытуцыйную большасць. Акрамя таго, калі верыць прэсе, цяперашні прэзідэнт Анджэй Дуда як адказны за прававы дэпартамент адміністрацыі Леха Качыньскага, асабіста курыраваў працу над праектам асноўнага закону.

Сёння на старонках левых і ліберальных СМІ пануе татальная паніка. Адзін з публіцыстаў ліберальнага часопісу «Polityka» ўвогуле піша, што «дэмакратычны эксперымент у Польшчы закончыўся». Аднак пакуль паддавацца панічным настроям, думаецца, рана. У тым ліку таму, што Анджэй Дуда раней абяцаў, што кожная папраўка ў Канстытуцыю будзе прымацца праз рэферэндум.