Польшча будзе за сваіх

Вынікам польскіх выбараў у Беларусі надаецца вялікая ўвага, хіба не большая, чым нашым прэзідэнцкім. Але чаканні аналітыкаў ад новага ўраду Польшчы, хутчэй, перабольшаныя. Якой будзе польская палітыка ў дачыненні да Беларусі?



poland_450.jpg

Такога ў Польшчы яшчэ не было. Парламент Польшчы цалкам правы. Упершыню ўрад будзе не кааліцыйным. Акрамя таго, зноў і прэзідэнт, і ўрад належаць да адной ідэйнай платформы, што дае значна больш магчымасцяў у прыняцці рашэнняў. Таму вынікам польскіх выбараў у Беларусі надаецца вялікая ўвага. Якой будзе польская палітыка ў дачыненні да Беларусі?

Адказ на гэта пытанне шматлікія аналітыкі ўжо далі: у афіцыйнага Мінска ўзнікае моцны галаўны боль. Справа ў тым, што PiS традыцыйна надавала шмат увагі палякам замежжа. Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі зазначыў, што праблема «афіцыйнага» Саюза палякаў, які прызнаецца беларускай уладай, але не прызнаецца Польшчай, і «неафіцыйнага», які не прызнаецца ўладай, але мае падтрымку ў Польшчы, — можа значна абвастрыць адносіны паміж нашымі краінамі.

Больш радыкальна выказаўся на гэтую тэму палітык і гісторык Анатоль Сідарэвіч. «Гэты ўрад будзе адстойваць і абараняць правы польскай меншасці ў Беларусі, пра што я дакладна ведаю», — заявіў ён у інтэрв’ю Радыё «Свабода».

Таксама PiS традыцыйна ўспрымае як, па меншай меры, «не сябра», Расію, і марыць бачыць Беларусь дэмакратычнай еўрапейскай краінай. І не толькі марыць. Менавіта падчас знаходжання PiS ва ўладзе, у 2006–2007 гадах (прэзідэнтам быў Лех Качыньскі, а прэм’ерам — Яраслаў Качыньскі) былі рэалізаваныя такія праекты, як «праграма Каліноўскага», тэлеканал «Белсат» і вяшчанне «Радыё Рацыя». На гэты ж перыяд прыпадаюць і найбольш складаныя адносіны Беларусі і Польшчы — менавіта з-за Саюза палякаў.

Як зазначыў у інтэрв’ю сайту charter97.org былы дарадца-намеснік пасла Польшчы ў Беларусі Марэк Буцька, зараз Польшча будзе заклапочаная павышэннем свайго статусу ў ЕС, каб «зрабіць так, што Польшча будзе мець голас у ЕС, прапарцыйны яе геаграфічнаму становішчу, эканамічнаму і дэмаграфічнаму патэнцыялу». Акрамя таго, PiS «цалкам ўсведамляе тую небяспеку, якая зыходзіць ад расійскага імперыялізму. І тут проста не можа быць розначытанняў: новы ўрад адназначна зоймецца аднаўленнем моцы польскай арміі».

«З іншага боку, PiS усведамляе, што толькі цалкам незалежныя Беларусь і Украіна адпавядаюць інтарэсам бяспекі Польшчы. Калі раней падтрымка дэмакратычнай супольнасці ў Беларусі і падтрымка Украіны засноўваліся хутчэй на ідэалістычных матывах, то зараз ёсць дакладнае ўсведамленне таго, што гэта звязана з пытаннем нашай уласнай бяспекі», — адзначыў Буцька.

Такім чынам, у адносінах афіцыйнага Мінска і Варшавы настаюць больш складаныя часы. Зразумела, што пытанням польскай меншасці і дэмакратызацыі Беларусі Варшава дасць новы штуршок. Але таксама цалкам зразумела, што адна Польшча ніяк не здолее «дэмакратызаваць» Беларусь ці прыняць нейкія захады, якія б істотна паўплывалі на становішча ў нашай краіне.

А доўгатэрміновая палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі застаецца няўцямнай. Можна сказаць, што такой палітыкі нават не існуе. Напрыклад, зараз Еўропа мае намер прыпыніць санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Нагадаем, што санкцыі ўводзіліся ў 2006 годзе як адказ на беларускія «выбары» і парушэнне правоў чалавека. З таго часу ані ў выбарах, ані ў правах чалавека нічога не змянілася. Тым не менш, санкцыі прыпыняліся ў 2008-м годзе, потым зноўку ўводзіліся ў 2010-м, зараз зноўку прыпыняюцца… Ну, палітыку ЕС вы зразумелі.

Апроч таго, Мінск зараз «нармалізуе адносіны з Захадам». Гэтая «нармалізацыя» можа паўплываць на тое, што польскія заўвагі і інтарэсы могуць быць адкладзеныя ўбок, дзеля агульных інтарэсаў ЕС, як ужо не раз здаралася.

Такім чынам Польшча, найперш, будзе вырашаць свае праблемы з Захадам. Па-другое, будзе праводзіць больш радыкальную антырасійскую палітыку і палітыку ўласнай бяспекі. І толькі на трэцім месцы ў яе стаяць адносіны з Беларуссю. Да таго ж, як сказаў tut.by палітолаг, дактарант Польскай акадэміі навук Аляксандр Папко, «ёсць пэўныя колы сярод польскіх кансерватараў, якія лічаць, што не трэба ўступаць ні ў якія супярэчнасці з Лукашэнкам, можа лепш з ім дамовіцца, каб ён не здаў Беларусь Расіі, і не злаваць яго спробамі падтрымкі дэмакратызацыі».

Такім чынам, Польшча, хутчэй, будзе вырашаць у адносінах да Беларусі лакальныя задачы, якія найперш адпавядаюць інтарэсам гэтай краіны і інтарэсам польскай меншасці тут. Іншая справа, што і гэтыя пытанні могуць напружыць адносіны. Але ў глабальным плане нічога звышрадыкальнага ад новага польскага ўраду чакаць не даводзіцца. Хутчэй за ўсё, агульная палітыка Польшчы ў дачыненні да Беларусі будзе палягаць на пазіцыях палітыкі ЕС.