Дырэктара польскага Інстытута кнігі не ўпусцілі ў Беларусь
Ён не зможа прысутнічаць на адкрыцці Месяца польскай літаратуры, запланаваным на 29 кастрычніка.
— Гэта выразны сігнал з боку ўладаў Беларусі: Польшча занадта шмат падтрымлівае незалежных беларускіх пісьменнікаў, — кажа Гаўдэн.
У праграме Месяца польскай літаратуры ў Мінску — сустрэчы, прысвечаныя Віславе Шымборскай, Чэславу Мілашу, а таксама польскаму коміксу. У планах таксама канцэрт Андрэя Хадановіча ў памяць Яцка Качмарскага, перадае Радыё Свабода са спасылкай на “Газету выборчу”.
— Я меўся ляцець у Мінск у сераду, — распавядае Гжэгаж Гаўдэн. — Наш Інстытут кнігі фінансуе, сярод іншага, пераклады польскіх кніг на беларускую мову, запрашае апазіцыйных пісьменнікаў і выдаўцоў у Польшчу. Месяц польскай літаратуры павінен быў стаць нагодай для спаткання з незалежнымі беларускімі выдаўцамі і пісьменнікамі. На мінулым тыдні я здаў у беларускае пасольства ў Варшаве запрашэнне ад Польскага інстытута ў Мінску і ад тамтэйшага польскага пасольства.
Дырэктар Інстытута кнігі шмат разоў бываў ва Украіне і Літве, Беларусь ён збіраўся наведаць упершыню. У аўторак спадар Гаўдэн меўся атрымаць пашпарт з беларускай візай — у гэтым яго яшчэ тыдзень таму запэўнілі чыноўнікі. Аднак замест візы яму паставілі пячатку «Адмоўлена». Чаму?
— Гаворка не пра мяне як прыватную асобу, а пра ўрадавую ўстанову, якую я прадстаўляю, — кажа Гаўдэн. — Інстытут кнігі падтрымлівае беларускіх апазіцыйных пісьменьнікаў стыпендыямі ў Польшчы. У нас добрыя кантакты з незалежнымі выдаўцамі ў Беларусі. Я расцэньваю гэтую адмову як сігнал ад уладаў Беларусі: Інстытут кнігі не павінен падтрымліваць беларускіх апазіцыйных пісьменнікаў.