Freеdom House: Інтэрнэт-свабоды ў Беларусі найменш у Еўропе
Амерыканская няўрадавая арганізацыя Freеdom House абнародавала штогадовую Справаздачу аб свабодзе карыстання інтэрнэтам у свеце.

svaboda.org
Беларусь у справаздачы чарговы раз залічана да краінаў, у якіх карыстанне інтэрнэтам несвабоднае, перадае Радыё Свабода.
Паводле Freedom House, індэкс свабоды інтэрнэту ў Беларусі ў 2014 годзе — 64. Летась гэты індэкс быў крыху лепшы — 62 (у метадалогіі Freedom House індэксы 0-30 адносяцца да свабодных краінаў; 31-60 — да часткова свабодных; 61-100 — да несвабодных).
У справаздачы адзначаецца, што Беларусь, разам з Інданэзіяй, Іранам, Казахстанам, Узбекістанам і Эфіопіяй — сярод краінаў, якія спрабуюць забараніць сродкі абыходу інтэрнэт-цэнзуры, — такія як Tor.
З еўрапейскіх краінаў, якія ёсць у аглядзе, Беларусь мае найгоршы паказнік. З колішніх савецкіх рэспублік, якія патрапілі ў агляд, горшы індэкс за Беларусь зноў мае толькі Узбекістан — 78. Рэйтынг Расіі пагоршыўся на два пункты і цяпер такі ж як у Беларусі летась — 62.