Саакашвілі збірае адэсітаў на акцыю супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў (відэа)

Губернатар Адэскай вобласці Украіны Міхаіл Саакашвілі заклікае жыхароў Адэсы на акцыю супраць фальсіфікацыяў вынікаў галасавання на выбарах у мэры горада.



saakashvili_reuters.jpg

Reuters

Раніцай 28 кастрычніка ён напісаў у сваім Фэйсбуку, што “фальсіфікатары гарадскіх выбараў, з хуткасцю “зялёных чалавечкаў” захапілі адэскую мэрыю”.

“Я запрашаю неабыякавых грамадзян, у якіх скралі выбар, сабрацца ў 18.00 на Траецкай, 43 і ўтварыць камітэт дзеяння супраць злодзеяў і прайдзісветаў, які не дазволіць і далей разбураць і рабаваць горад і зможа змяніць сітуацыю да лепшага для кожнага адэсіта. Сумеснымі намаганнямі мы пакончым з засіллем алігархава-кланавай мафіі і сапраўды ператворым Адэсу ў чысты горад, чысты ад смецця, а таксама бандытаў, казнакрадаў і карупцыянераў, зробім гарадскі бюджэт празрыстым і не дазволім далей красці, спынім вымагальніцтва з боку чыноўнікаў і паборы ў нашым школах, вернем Адэсу адэсітаў”, — напісаў палітык.

Еўрарадыё нагадвае, што напярэдадні Міхаіл Саакашвілі заявіў на прэс-канферэнцыі, што прынамсі на 80% выбарчых участкаў у Адэсе былі фальсіфікацыі. У якасці доказаў старшыня Адэскай абласной адміністрацыі паказаў копіі пратаколаў са змененымі лічбамі, якія яму падалі назіральнікі. Паводле гэтых сфальсіфікаваных пратаколаў, выбары мэра ў першым туры выйграў дзеючы кіраўнік горада Генадзь Труханаў. Саакашвілі абвінаваціў яго ў тым, што ён адабраў галасы ў свайго канкурэнта Аляксандра Баравіка.