Цюркская інтэграцыя

У Баку абмяркоўваюць праект канфедэрацыі Азербайджану з Турцыяй. Эксперты губляюцца ў здагадках, што гэта — містыфікацыя, шантаж суседзяў ці сапраўды аднаўленне міфічнай дзяржавы Туран?



19d19f93a4200dca6148155b8ccc0afd.JPG

У Баку абмяркоўваюць праект канфедэрацыі Азербайджану з Турцыяй. Эксперты губляюцца ў здагадках, што гэта — містыфікацыя, шантаж суседзяў ці сапраўды аднаўленне міфічнай дзяржавы Туран?
«Гарантыяй бяспекі азербай­джанскай рэспублікі можа стаць ваенны саюз з Турцыяй, а пазней — стварэнне канфедэратыўнай азербайджана-турэцкай дзяржавы», — з такім аналізам сітуацыі ў рэгіёне выступіла блізкая да прэзідэнта Аліева газета «Азадлыг». Нататка ў «Азадлыг» стала прадметам для шматлікіх каментараў. Сапраўды, калі верыць выданню, гэта першы крок па стварэнню адзінай дзяржавы цюркаў, пра што даўно марылі панцюркісты.
Наогул, панцюркізм як цэльная канцэпцыя паўстаў у канцы ХІХ стагоддзя сярод казанскіх татараў. Галоўны пастулат — рэанімацыя міфічнага цюркскага каганата Туран. Пазней тэорыя была развіта «младатуркамі» ў Турцыі. Вядомым ідэолагам панцюркістаў з’яўляўся Тэкін Альп, які заклікаў стварыць суперімперыю — Вялікі Туран ад Ціхага акіяна да Балтыкі і Адрыятыкі. Знакам цюркскай расы мела быць ваўчыца (Bozkurt), пазначаная ў працах панцюркістаў як маці нацыі (у цюркаў панаваў культ ваўчыцы да прыняцця ісламу).
У выніку Першай сусветнай вайны Асманская імперыя, якой кіравалі младатуркі, як вядома, распалася. Узніклая на развалінах імперыі Турэцкая Рэспубліка будавалася на аснове свецкага нацыяналізму. Панцюркісцкая дактрына была амаль забытая і нават зрабілася забароненым вучэннем. Невялікі рэнесанс яна перажыла на мяжы 1930–1940-х, калі Турцыя падумвала падтрымаць Гітлера ў вайне з СССР. Агрэсія туркаў на Каўказ павінна была ісці пад лозунгамі вызвалення братэрскіх цюркскіх народаў.
Новае адраджэнне панцюркізму пачалося пасля Другой сусветнай вайны, калі Турцыя стала адыгрываць важную ролю ў блоку NАТО. Дэмакратычная партыя, якая знаходзілася ва ўладзе ў Турцыі ў 1949–1960 гадах, выкарыстоўвала ў сваім ідэйным арсенале некаторыя напрацоўкі панцюркізму.
Аднак яўнае дамінаванне Савецкага Саюза не пакідала гэтым колам ніякай тэарэтычнай магчымасці для рэалізацыі сваіх ідэй. З узнікненнем новых незалежных цюркамоўных дзяржаў Цэнтральнай Азіі і Закаўказзя перад Анкарой замаячыў новы шанец. Напачатку 1990-х зноў адраджаюцца традыцыйныя панцюркісцкія ідэі пра стварэнне Вялікага Турана. Замест слоў «азербайджанец», «узбек», «кіргіз», «татарын» і іншых для пазначэння этнічнай прыналежнасці сталі ўжывацца такія словазлучэнні, як «азербайджанскі турак», «узбекскі турак», «кіргізскі турак», «крымскі турак».
У кастрычніку 1992 года ў Анкары адбылася сустрэча на вышэйшым узроўні, у якой удзельнічалі тагачасны прэзідэнт Азербайджана Абульфаз Эльчыбей, прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, прэзідэнт Кіргізіі Аскар Акаеў, прэзідэнт Туркменістана Сапармурат Ніязаў і прэзідэнт Узбекістана Іслам Карымаў.
Але цюркскага адзінства не атрымалася. Анкара ўздымала пытанне пра наднацыянальную цюркскую эканамічную прастору, і нават вызначэнне агульнай мовы для цюркскіх дзяржаў. Лідары ж цэнтральнаазіяцкіх рэспублік бачылі галоўную задачу толькі ў каардынацыі сумеснай дзейнасці. А канец 1990-х гадоў наогул стаў часам глыбокага крызісу практычнага панцюркізму. Кіраўніцтва новых незалежных дзяржаў з насцярогай паставілася да лініі Анкары на замяшчэнне месца «старэйшага брата». Плюс палітычная мадэль Турцыі, якая прадугледжвае ратацыю ўлады па выніках выбараў, не вельмі цікавіла эліты былых савецкіх рэспублік.
Анкара, тым не менш, не адмовілася цалкам ад палітыкі, накіраванай на аб’яднанне цюркамоўных народаў. Адмысловая роля надаецца так званым «курултаям братэрства і супрацоўніцтва», якія праходзяць рэгулярна. Дадатковым кірункам узмацнення культурнага ўплыву Турцыі на цюркамоўныя краіны служыць лацінізацыя алфавітаў. У Расійскай федэрацыі спроба такога кшталту была здзейсненая ў Татарстане, але Канстытуцыйны суд РФ блакаваў яе.
І вось пасля 20 гадоў працы з’явіўся канкрэтны вынік. Баку, здаецца, гатовы на канфедэрацыю з Анкарой. Так далёка не заходзіў нават былы азербайджанскі прэзідэнт Эльчыбей, які лічыўся фанатычным панцюркістам.
Аднак пакуль тон у каментатарах задаюць песімісты. Уся справа ў тым, што артыкул у «Азадлыг» з’явіўся пасля перапалкі з Тэгеранам. 8 жніўня начальнік галоўнага штаба Узброеных сіл Ірана падверг крытыцы ўрад Азербайджана за «мерапрыемствы, якія супярэчаць прынцыпам ісламу». Гаворка пра пераслед у Азербайджане ісламістаў. Ён папярэдзіў, што Ільхама Аліева чакае горкая будучыня, калі той не паставіцца сур’ёзна да яго заявы. Быццам тая пагроза іранскага генерала і выклікала прыліў панцюркісцкіх настрояў у адміністрацыі Аліева.
Другі фактар — цяперашняя пазіцыя Расіі ў карабахскім пытанні. Сустрэча прэзідэнтаў Расіі і Азербайджана, прысвечаная карабахскаму канфлікту, якая адбылася ў Сочы ў сярэдзіне жніўня, у цэлым расчаравала азербайджанскае грамадства. Масква дала не толькі зразумець, што яна супраць сілавой спробы рашэння карабахскай праблемы. Палітолагі сцвярджаюць, што Аліеву нагадалі, чым закончылася для Грузіі авантура ў Цхінвалі.
«Такога кшталту заявы — гэта дэманстрацыя крыўды на Расію за карабахскае пытанне. Азербайджанскае кіраўніцтва абвясціла шматвектарнасць палітыкі — вось і спрабуе яе неяк дэманстраваць Маскве. Для ўраўнаважання пагроз, і не толькі, можна выказаць здагадку, што будзе далейшае збліжэнне Баку і Анкары, але да стварэння канфедэрацыі справа не дойдзе», — піша расійская «Незалежная газета».
У Маскве таксама спасылаюцца на тое, што месца панцюркізму ў сучаснай ідэалогіі кіруючага турэцкага класа прыкметнае, але далёка не самае галоўнае. Гэта толькі адзін з элементаў сцвярджэння замежнай палітычнай лініі ды ўплывы Анкары.
Як бачым, у песімістаў дастаткова сур’ёзныя падставы не верыць у пражэкт стварэння Турану. Хаця ўжо сама дыскусія ў Баку наконт інтэграцыі з Турцыяй вельмі яскравы сігнал, што панцюркісцкая опцыя ў азербайджанскай эліце існуе. І відавочна, яна будзе набываць большую папулярнасць хаця б з-за таго, што ў Азербайджане апошнім часам назіраецца станаўленне ісламскага праіранскага падполля. Паколькі аўтарытарны рэжым Аліева карыстаецца падтрымкай Захаду, моладзь бачыць адзіную грамадскую альтэрнатыву ў іранскай мадэлі. Таму турэцкі вопыт барацьбы за свецкую мадэль дзяржавы можа быць хутка запатрабаваны.