Чаго чакаць ад маладзёнаў Навальнага?
У Маскве, Санкт-Пецярбургу і дзясятках іншых гарадоў Расіі 12 чэрвеня прайшлі антыкарупцыйныя мітынгі, якія закончыліся масавымі затрыманнямі ўдзельнікаў. «Новы Час» абмяркоўвае вынікі Дня Расіі з маскоўскім журналістам Дзмітрыем Кастэнкам.
— Што адбылося, на вашу думку, 12 чэрвеня?
— Калі гаворка пра Маскву, дык, у двух словах, — маладыя людзі сарвалі фестываль, прымеркаваны да свята «Дзень Расіі». Пры гэтым адбылася незвычайная для расійскай пратэстнай культуры з’ява — рэпрэсіі і запалохванні на адрас маладых людзей не спрацавалі. Яны свядома ішлі на забароненую палітычную акцыю. Пры гэтым усе, хто хацеў пазбегнуць затрыманняў, мелі такую магчымасць. Таксама пратэстоўцы (праўда, галоўным чынам у Піцеры) спрабавалі аказаць супраціў спецназу. Гэтыя сцэны шмат каго ўразілі, нагадаўшы кіеўскі Майдан.
— Як улады і праўладныя СМІ адрэагавалі на зрыў святкаванняў?
— Падаецца, што ўлада трошкі разгубленая. Інакш бы ў дзяржаўных медыя не пачалася інфармацыйная кампанія супраць прыхільнікаў Навальнага. Калі раней праўладныя каналы намагаліся смяяцца з Навальнага і яго «шкалаты», дык цяпер ужываецца больш жорсткая лексіка — Навальнага называюць «палітычным педафілам», а яго паплечнікаў — «упырамі», «хунвэйбінамі», «гапатой». Падзеі на Цвярской падаюць як бунт мажораў — дзяцей карупцыянераў, якія, маўляў, баяцца Пуціна. Паліцыю заклікаюць больш не цацкацца з пратэстоўцамі, а ВНУ — не дапускаць да іспытаў абітурыентаў, якіх затрымалі 12 чэрвеня.
Чытайце таксама:
Пратэсты і хапуны ў Расіі — затрыманныя больш за 1500 чалавек
— Адначасова з пратэстам на Цвярской на праспекце Сахарава адбыўся мітынг супраць так званай рэнавацыі — зносу старога жыллёвага фонду ў Маскве. Чаму Навальны адмовіўся ад удзелу ў тым мітынгу?
— Логіка Навальнага — падтрымліваць высокі напружаны градус кампаніі, выкарыстоўваць пагрозу беспарадкаў як фактар ціску на Крэмль. Такая радыкальная логіка прывабная толькі для моладзі. У гэтай схеме немагчымыя іншыя формы грамадскай самаарганізацыі — той жа рух супраць рэнавацыі. Ахвяры рэнавацыі — пажылыя і бедныя масквічы, якія, вядома, не пойдуць на несанкцыянаваныя акцыі, каб пагуляць з паліцыяй у кошкі-мышы. І наадварот: тынейджарам сумна на звычайных мітынгах. Пакуль гэтыя два пратэстныя светы ніяк не могуць сустрэцца.
— Раней шмат хто ў расійскай апазіцыі лічыў, што Навальны — засланы Пуціным «казачок». Ці не змянілі аматары гэтай версіі свае погляды пасля падзей 12 чэрвеня?
— Наадварот, некаторыя яшчэ больш пераканаліся ў сваёй тэорыі. Напрыклад, звяртаюць увагу, што Навальны парушыў стары кодэкс дысідэнта — напярэдадні акцыі ніколі не начаваць у сваёй кватэры. А яго, як вядома, паліцэйскія затрымалі менавіта на выхадзе з кватэры.
Па-другое, антыкарупцыйная кампанія Навальнага накіраваная не супраць Пуціна, а супраць «Дзімона» — прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева. Гэта памяншае шансы Мядзведзева стаць кандыдатам у прэзідэнты, а між тым менавіта ён негалосна лічыцца лідарам ліберальных колаў крамлёўскай адміністрацыі. То бок, па факце Навальны дапамагае фракцыі «ястрабаў» у расійскім кіраўніцтве. На гэта звярнуў увагу Эдуард Лімонаў. «Так беспакарана, як Навальны, чалавек можа дзейнічаць толькі ў тым выпадку, калі ў яго ёсць добрая «крыша» ва ўладзе», — піша Лімонаў.
Чытайце таксама:
У Маскве перакрылі Цвярскую. Сцягнутыя аўтазакі і бронетэхніка
З іншага боку, у параўнанні з акцыямі ў сакавіку, зараз значна больш апазіцыянераў пагадзіліся стаць пад сцягі Навальнага. На іх думку, цяпер ва ўсіх антыпуціністаў агульная мэта — вярнуць грамадзянам палітычныя свабоды. Супярэчнасці ў трактоўцы асобы Навальнага трэба пакуль пакінуць на другім плане.
— Ці здольная нарастаючая незадаволенасць моладзі сарваць крамлёўскі сцэнар прэзідэнцкіх выбараў у наступным годзе?
— Сапраўды, вырасла новае пакаленне. Сапраўды, геаграфія пратэсту пашыраецца. Сапраўды, ёсць пару тысяч маладых чалавек, якія лічаць сваёй мэтай жыцця змену рэжыму. Аднак настрой гэтых маладых людзей хутчэй несур’ёзны. У дадатак пакуль увесь пратэст пабудаваны як вертыкальны персаналісцкі рух, і без фігуры Навальнага, якога можна проста часова прыбраць з палітычнага працэсу, ён адразу згубіць дынаміку.
У любым выпадку, каб разумець формулу выбараў 2018-га, трэба дачакацца восені 2017-га. Увосень у краіне адбудуцца муніцыпальныя выбары. Калі сталічны рух супраць рэнавацый, які карыстаецца адносна вялікай падтрымкай масквічоў, зможа гучна заявіць пра сябе, не выключаны варыянт фармавання на яго базе новай шырокай апазіцыйнай кааліцыі.
На той час вызначыцца з кандыдатурай у прэзідэнты і ўлада. І не факт, што гэта будзе Пуцін.
Пасля 12 чэрвеня з’явілася нейкае калектыўнае пачуццё, што Расія жыве прадчуваннем пераменаў. Тыя перамены для адных абавязкова прынясуць пазітыў, а для іншых, наадварот, патыхаюць трывогай. Аднак усе згодныя, што перамены непазбежныя. Гэты фактар — маральна-псіхалагічны запыт грамадства на новае — здольны паўплываць на кастынг кандыдата ад ўлады і змест яго праграмы.