Мікола Статкевіч: «Свабода не бывае на халяву»

Мікола Статкевіч не перастае заклікаць выходзіць на несанкцыянаваныя ўладамі акцыі, у тым ліку на дзяржаўныя святы.«Альтэрнатывы мірным пратэстам няма: пачаць страляць вельмі лёгка, а спыніцца цяжка».

963badfb_7f5b_4057_93e1_2e6ac8f5b5ea_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

На мірных вулічных акцыях 12 чэрвеня ў шэрагу гарадоў Расіі было затрымана больш за 1500 чалавек. Нягледзячы на фактычны дазвол «маўклівага пратэсту» ў Маскве, паліцыя ўчыніла хапун, ужывала гвалт супраць пратэстоўцаў. На мірным вулічным пратэсце 25 сакавіка ў Мінску таксама быў хапун; затрымлівалі нават тых, каго міліцыя прапусціла да месца пачатку сходу праз металашукальнікі.

Пры гэтым палітык Мікола Статкевіч не перастае заклікаць выходзіць на несанкцыянаваныя ўладамі акцыі, у тым ліку на дзяржаўныя святы.


«Ці варта ісці на акцыю?» Статкевіч разумее як «Ці варта змагацца за свабоду?»

Ці бяспечна будзе ў Беларусі праводзіць мірныя сходы, нават дазволеныя ўладамі, а тым болей несанкцыянаваныя?

«Пытанне дзіўнае, — кажа Статкевіч «Радыё Свабодзе». — У несвабодных краінах барацьба за свабоду заўсёды ёсць справай рызыкоўнай. Я думаю, хутчэй кіраўніцтва Расіі вучыцца ў кіраўніцтва Беларусі, як змагацца супраць апазіцыі. На хаду падноскі рвуць: не паспелі нашы зрабіць сістэму прэвентыўных затрыманняў лідэраў планаваных акцыяў, як гэты досвед быў пераняты ў Расіі.

У Расіі, мабыць, пасля 25 сакавіка варта было пытацца, ці бяспечна там праводзіць. Мабыць, тое і пыталіся, і вырашылі, што небяспечна, але выйшлі. І нам трэба выходзіць — змагацца за свабоду без рызыкі не атрымаецца. Вашае пытанне гучыць як «ці варта змагацца за свабоду», я так яго ўспрымаю.

Улады вучацца адна ў адной, але і дэмакратычныя сілы вучацца: вырашылі скарыстаць гэтую ідэю скарыстоўваць даты афіцыйных святкаванняў. Улады вучацца, але не ўсяму — надалі гэтай акцыі іншае гучанне, мабыць, і больш гучнае. Шмат хто ў Расіі пабачыў уладу ў зусім не прывабным выглядзе».

«Дэманстрацыі паводле сцэнару ўладаў задавольваюць улады, але не мэту пратэсту»

Ад ідэі акцыі пратэсту на 3 ліпеня, у беларускі Дзень Рэспублікі, Статкевіч не адмаўляецца (пытае, з чаго б?). На пытанне, ці ёсць рэцэпт, як пазбегнуць масавых затрыманняў на такіх акцыях (напрыклад, праводзіць толькі дазволеныя ўладамі шэсці на плошчу Бангалор), Статкевіч разважае:

«Кожная акцыя мае свае мэты. Калі мы праводзім дэманстрацыю, мы павінны дэманстраваць уладзе і грамадству сваю сілу, волю, нязгоду, рашучасць.

Калі мы пагаджаемся на тое, што прапануе нам улада; збіраемся ў яме пад кінатэатрам «Кастрычнік», калі пад нагамі міліцыянтаў прамаўляюць аратары, а потым кароткі час ідуць па вузкім тратуары, спыняючыся на святлафорах, то гэта дэманстрацыя чаго заўгодна, толькі не тых якасцяў, якія я назваў. Гэта дэманстрацыя нерашучасці, баязлівасці арганізатараў, слабасці.

Такія дэманстрацыі задавальняюць улады, але ці могуць яны задавальняць тых, хто хоча свабоды? На вашае пытанне адказана ўжо даўно, мо некалькі стагоддзяў таму: свабода не бывае на халяву. Як бы нам ні хацелася, якія б рэцэпты не прапаноўвалі.

Я шмат сустракаю рэцэптаў. Ды мне ледзьве не кожны дзень шлюць рэцэпты! Яны ўсе адны і тыя ж: давайце подпісы збярэм за імпічмент, давайце памяняем законы, давайце ў міжнародны суд падамо... Усё зразумела, што неахвота, страшна выходзіць насуперак уладам. Але калі мы не прадэманструем сваю волю, гэта будзе працягвацца — і скончыцца вельмі сумна, выміраючай тэрыторыяй».

«Альтэрнатывы мірным пратэстам няма: пачаць страляць вельмі лёгка, а спыніцца цяжка»

«Іншага выйсця быць проста не можа. Кіньце дурное, кіньце сябе суцяшаць і шукаць нейкія лёгкія бяспечныя шляхі. Уявіце людзей, якія ўхапіліся за гэтую ўладу, нарабілі там злачынстваў, рукі ў крыві — яны наркаманы ўжо! Уявіце, як вы бяспечна на іх паўплываеце, каб яны самі бяспечна адмовіліся ад улады. Так не бывае. Толькі моцны рашучы ціск, які прывядзе да таго, што пад ім усё захістаецца, і, каб не ляснуцца зверху, магчыма, чалавек вырашыць, што лепш пайсці на нейкія саступкі.

Безумоўна, ёсць яшчэ выйсце, але яно не для нас, я думаю. Тое, як любяць цытаваць Жырыноўскага пра снайпера і гэтак далей... Але пачаць страляць вельмі лёгка, а спыніцца цяжка. І калі ўлічыць геапалітычныя абставіны, мы можам проста страціць сваю дзяржаву.

Таму, калі хочам мірных пераменаў, трэба запасціся мужнасцю, сілай і цярпеннем. І выходзіць — іншага выйсця няма».

www.svaboda.org