Дасье ў карыкатурах: Святая Сафія — царква, мячэць або музей?
На мінулым тыдні ў Турцыі падпісаны ўказ, які скасаваў музейны статус сабора Святой Сафіі. Гэты храмавы комплекс называюць Восьмым цудам свету, сімвалам «залатога стагоддзя» Візантыйскай імперыі і турсімвалам Стамбула. Больш за тысячу гадоў Святая Сафія заставалася самым вялікім праваслаўным храмам.
Пасля заваявання Візантыі асманамі сабор быў мячэццю да 1934 года, калі рашэннем Кемаля Атацюрка яму быў прысвоены статус музея. І вось зараз тут зноў, як і 86 гадоў таму, мячэць Айя-Сафія. Навіна, натуральна, была «на ўра» сустрэта турэцкімі клерыкаламі. Адзін з турэцкіх праўрадавых карыкатурыстаў нават параўнаў новы статус храма з вызваленнем ад ланцугоў.
На самай справе, усё даўно ішло да гэтага У 2013-м за ператварэнне музея ў мячэць упершыню публічна выказаўся віцэ-прэм'ер Турцыі. Пазней вернікі пачалі кампанію за дазвол маліцца ў храме. Прыкладна год таму, пасля таго, як Трамп афіцыйна абвясціў Іерусалім сталіцай Ізраіля, Эрдаган падтрымаў гэтую ідэю. З тых часоў тэма новага статусу для сабору ўвесь час прысутнічала ў афіцыйнай дыскусіі, што адбілася ў карыкатурах. Так, аўстрыйскае выданне Voralberger Nachrihten адлюстравала Эрдагана ў выглядзе Кінг-Конга, які выкарыстоўвае мінарэт (частка комплексу Святой Софіі), каб адбівацца ад крытыкі ЕС.
У дадзеным выпадку Эрдаган, безумоўна, гуляе на пачуцці часткі турэцкага электарату, намагаючыся адрадзіць нацыянальныя звычаі і традыцыі, звязваючы гэта менавіта з рэлігіяй і гонарам за асманскае мінулае. Культ сярэднявечча, уласцівы прэзідэнту, даўно высмейваецца мастакамі. Неаднойчы яго выяўлялі ў выглядзе султана. А выданне Toonsmag выявіла турэцкага гаранта на дыване-самалёце, на якім той ляціць змагацца з крыжакамі.
Але ёсць і іншая Турцыя. Для яе змена статусу Святой Сафіі выглядае як замах на спадчыну Атацюрка. Турэцкая апазіцыя лічыць, што гісторыяй са Святой Сафіяй партыя Эрдагана спрабуе згуртаваць свой асноўны электарат — кансерватыўна настроеных мусульман з сельскай мясцовасці з нізкім узроўнем адукацыі. Аднак рэсурсаў для пратэстаў у апанентаў Эрдагана няма. Пасля правалу перавароту ў 2016-м у краіне адбылася маштабная палітычная зачыстка. Рэпрэсіўная палітыка рэжыму Эрдагана — тэма брытанскага мастака Стыва Бэла.
А што хрысціянскі свет? Хрысціяне шмат дзе абураюцца. Армянская апостальская царква заклікае Турцыю не рабіць паспешлівых крокаў. Грэцыя ўспрыняла навіну з Стамбулу наогул як абразу і ледзь не падставу для вайны. З Афінамі салідарны практычна ўсе еўрапейскія кабінеты. Аднак наўрадці ўрады Еўропы будуць настойлівыя ў сваёй крытыцы змены статусу Святой Сафіі. Турцыя фактычна кантралюе транзіт мігрантаў з Азіі ў Еўропу. Гэта дазваляе Анкары шантажаваць еўрапейцаў магчымай пагрозай адкрыцця межаў. Не дарма брытанскі The Spectator лічыць, што фармат адносінаў Турцыі і ЕС, лідарам якога з'яўляецца Ангела Меркель, выглядае сёння наступным чынам.
Хоць рэлігійныя войны з-за стамбульскага храма, здаецца, кантыненту не пагражаюць, апошнія крокі турэцкіх уладаў будуць мець наступствы. Як лічаць эксперты, яны прывядуць да змены і парушэння тых далікатных міжканфесійных і міжрэлігійных балансаў, якія склаліся раней. У тым ліку рэлігійную тэматыку будуць больш ахвотна эксплуатаваць папулісты. Алегарычна працэс маніпулявання палітыкамі рэлігіяй адлюстраваў мастак лонданскай газеты Alaraby Aljadeed newspaper.