Дваццаць гадоў першаму Майдану. Дасье ў карыкатурах
Дваццаць гадоў таму, у лістападзе 2004-га, у Кіеве пачалася аранжавая рэвалюцыя, якая змяніла хаду гісторыі ў нашым рэгіёне. «Новы Час» паглядзеў, як на тыя падзеі рэагавалі карыкатурысты.
Унутрыпалітычныя прычыны ўкраінскага Майдана 2004 года трэба шукаць у супярэчнасцях курса Леаніда Кучмы, пры якім сфармаваўся клас мясцовых алігархаў. Нейкі час Кучма кантраляваў алігархаў і палітыкаў, якіх яны спансавалі. Аднак на нейкім этапе алігархі пачалі дыктаваць свае правілы. У прыватнасці, данецкі клан дамогся таго, каб Кучма зрабіў сваім пераемнікам Віктара Януковіча — фігуру спрэчную ў сілу яго крымінальнага мінулага, пра якое ахвотна нагадвалі тагачасныя мастакі.
Акрамя таго, многім украінцам не падабалася, што кампанію Януковіча фактычна курыраваў Крэмль. Выбарамі ва Украіне Пуцін займаўся як уласнымі — у 2004-м ён з'ездзіў ва Украіну сем разоў.
У супрацьвагу Януковічу ўзнікла шырокая кааліцыя «Сіла народа», якая патрабавала маштабных дэмакратычных рэформаў, ачышчэння органаў улады ад карупцыянераў і пераарыентацыі знешнепалітычнага курса Украіны з Расіі на Еўрапейскі саюз. Узначаліў блок былы галоўны банкір Віктар Юшчанка, чыё імя было звязана з паспяховай рэформай па ўвядзенні грыўны. Зрэшты, галоўным хобі Юшчанкі было пчалярства. Нядзіўна, што тэма мёду і пчол прысутнічала на шматлікіх малюнках, прысвечаных палітыку.
Першы тур не вызначыў пераможцу: Януковіч набраў 39,2%, Юшчанка — 39, 9%. 21 лістапада адбыўся другі тур выбараў. ЦВК Украіны абвясціў, што перамог Януковіч, набраўшы 49,4%, а за Юшчанку прагаласавалі 46,7%. На наступны дзень на Майдане ў Кіеве сабраліся прыхільнікі Юшчанкі, якія запатрабавалі новага галасавання праз паведамленні аб фальсіфікацыі вынікаў на карысць Віктара Януковіча. Паўсюль можна было ўбачыць аранжавую сімволіку — колер кампаніі Юшчанкі. У пратэсце таксама бралі ўдзел мастакі. Адна з мастачак пазней вось так адлюструе тыя падзеі.
Менавіта наступныя дні ўвайшлі ў гісторыю Украіны як Аранжавая рэвалюцыя. Каля двух месяцаў у Кіеве ішоў бесперапынны мітынг і стаяў намётавы лагер пратэстоўцаў. Побач размясціўся лагер прыхільнікаў Януковіча. Мабілізавалася і правінцыя. Асноўнай базай аб'яднанай апазіцыі сталі заходнія і цэнтральныя вобласці краіны (уключаючы Кіеў), у той час як В. Януковіча падтрымлівалі пераважна ўсходнія і паўднёвыя вобласці. Краіна падзялілася на два блокі, што арыгінальна адлюстраваў адзін з карыкатурыстаў.
Адначасова назіралася імклівая палітызацыя ўкраінцаў, якая пранікала нават у побыт і ў сямейныя адносіны. Фіксавалася шмат выпадкаў, калі сваякі сварыліся з-за палітыкі. Тэматычная карыкатура таго часу.
Парадаксальна, але нягледзячы на высокі градус супрацьстаяння, у прынцыпе ўсё адбывалася дастаткова мірна, без гвалту. Відавочна, што і палітыкі не хацелі жорсткага сцэнара. У рэшце рэшт, абодва бакі пагадзіліся на новы, трэці, тур выбараў. Паўторнае галасаванне зафіксавала перамогу Юшчанкі з адрывам у 7,8%. Грамадства ахапіла эйфарыя, але толькі на 2-3 месяцы. Аранжавая каманда, прыйшоўшы да ўлады, хутка перасварылася, забыўшыся пра абяцанні на Майдане. На гэтым малюнку 2005 года Юшчанка аблівае Юлію Цімашэнка брудам на радасць Януковічу.
Аднак некаторыя наступствы 2004-га адчуваюцца і зараз. Па-першае, Майдан даў вялізны імпульс дэмакратычнаму руху ў Расіі (пратэсты супраць манетарызацыі льгот у 2005-м) і ў Беларусі (Плошча 2006). Пуцін, баючыся паўтарэння «аранжавага сцэнару» ў Расіі, пачаў закручваць гайкі. Па-другое, на дзяржаўным узроўні ў РФ пачалася насаджацца канцэпцыя «рускага свету», якая павінна была ў тым ліку стварыць базу для сепаратызму ва Украіне ў выпадку новага Майдана. Ужо тады, у 2004-м, мастакі малявалі як Пуцін расколвае Украіну. Праз 10 гадоў гэты сюжэт стане рэальнасцю.