Экс-чыноўнік з’ехаў за мяжу, каб дапамагаць рэпрэсаваным беларускім спартсменам

Стала вядома, што былы чыноўнік з Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Анатоль Котаў з’ехаў за мяжу, дзе стаў часткай Беларускага фонду салідарнасці спартсменаў.

screenshot_42_i4em1.jpg

У сярэдзіне жніўня ён звольніўся з пасады намесніка загадчыка аддзела фінансавання дзяржорганаў Галоўнага фінансавага кіраўніцтва Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Чыноўнік звольніўся ў знак нязгоды з гвалтам, дзеяннямі сілавікоў і бяздзеяннем дзяржаўных органаў пасля прэзідэнцкіх выбараў.
У свой час Котаў быў генеральным сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэта, уваходзіў у склад дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў і пасля жнівеньскага звальнення прызнаваўся, што хацеў бы зноў звязаць сваё жыцца са спартыўнай сферай. У выніку яго запрасілі далучыцца да Беларускага фонду салідарнасці спартсменаў, дзе таксама цяпер працуюць журналіст Максім Беразінскі і кіраўнік гандбольнага клуба «Віцязь» Аляксандр Апейкін, які збіраў подпісы спартсменаў пад лістом аб непрызнанні вынікаў выбараў. У каманду ўваходзяць і іншыя людзі, але частка з іх застаецца ў Беларусі, таму іх імёны не раскрываюцца ў мэтах бяспекі.
У межах фонду мы будзем займацца аказаннем фінансавай і арганізацыйнай падтрымкі спартсменам, якія так ці інакш нешта страцілі ў выніку таго, што падпісалі адкрыты ліст ці заявілі пра сваю грамадзянскую пазіцыю. Напрыклад, звернецца да нас Аляксандра Раманоўская, якую звольнілі з нацыянальнай каманды, і мы ёй зможам дапамагчы фінансава ці, напрыклад, арганізаваць трэніровачны працэс за мяжой. Тая ж сітуацыя з іншымі спартсменамі. У прынцыпе, зусім хутка мы раскажам пра канкрэтныя кейсы дапамогі, чакайце навін, — распавёў суразмоўца «Нашай Ніве».
Новаўтвораны фонд існуе за кошт дабрачынных аўкцыёнаў і на ахвяраванні беларусаў, у тым ліку розных спартсменаў.
— Гэта зноў гісторыя салідарнасці, — каментуе Анатоль Котаў.
Анатоль расказаў, што з’ехаў разам з жонкай і перасоўваецца паміж трыма балтыйскімі сталіцамі — вымушаная геаграфія для вырашэння рабочых пытанняў.
Менеджар на волі і за кратамі — гэта абсалютна розныя ўзроўні карысці. Калі ў нас ёсць магчымасць рабіць нешта па-за межамі краіны для тых, хто пакутуе, знаходзячыся ў ёй, лепш гэта рабіць. Ніхто не хацеў з’язджаць з радзімы, але лепш так, чым ніяк. Вернемся, як толькі пераможам.