Еўрабачанне выратуе Еўрасаюз
Цяжка сказаць, які ўнёсак зробіць "Еўрабачанне–2016" у культурную спадчыну, аднак у гісторыю шоў гэтага года ўжо ўвайшло. Яшчэ ніколі раней музычны конкурс не быў такім палітызаваным.

Лічыцца, што працэс палітызацыі "Еўрабачання" пачаўся ў 1990-х
гадах. Тады, праз падзенне камуністычных рэжымаў ва Усходняй Еўропе, былы
конкурс еўрапейскай поп-музыкі нечакана набыў палітычную афарбоўку.
У гэтым годзе палітызацыя дасягнула небывалых памераў. Справа не толькі ў скандале вакол украінскай канкурсанткі. Нагадаем, што Украіну ў Стакгольме прадстаўляе Джамала з песняй «1944», прысвечанай дэпартацыі крымскіх татар. У адказ на такі выбар украінскага журы ў Расіі пачалася кампанія супраць спявачкі, якую абвінавацілі ў палітызацыі конкурсу (гэта забаронена паводле статуту мерапрыемства). Дайшло да таго, што некаторыя расійскія палітыкі заклікалі палякаў даслаць на "Еўрабачанне" артыста, які б выканаў песню «Валынь» пра генацыд палякаў украінскімі нацыяналістамі ў 1943 годзе. Украінцы адказалі сіметрычна: некаторыя грамадскія арганізацыі ў Кіеве заклікалі ўрад у выпадку перамогі Джамалы правесці "Еўрабачанне–2017" у Севастопалі.

Праўда, табу на сцягі не спыніла найбольш палітызаваных. 10 мая ў час першага паўфіналу Івета Мукучан, якая на конкурсе прадстаўляла Арменію, разгарнула сцяг непрызнанай рэспублікі Нагорны Карабах. Перформанс выклікаў зубоўны скрыгат у Баку, дзе пакуль нічога зрабіць не могуць. Справа ў тым, што ў мінулым годзе пасля "Еўрабачання" ў Азербайджане мелі месца затрыманні тых, хто скеміў даслаць СМС у падтрымку армянскага выступоўцы. Пераслед прыпыніўся толькі ў жніўні 2015-га пад пагрозай увогуле пазбавіць Азербайджан удзелу ў конкурсе.

Асаблівы інтарэс да Еўрабачання ў Вялікабрытаніі. Брытанскі меламан традыцыйна слаба цікавіцца конкурсам (гэта, дарэчы, забаўна, бо большасць песень-пераможцаў у гісторыі шоў былі выкананыя па-англійску). Аднак у сувязі з пагрозай Brexit — выхаду Вялікабрытаніі са складу ЕС пасля прызначанага на чэрвень рэферэндуму, — інтарэс да музычнага праекту значна ўзрос. Аматары еўраінтэграцыі спадзяюцца, што добры выступ брытанскага прадстаўніка дапаможа ўзняць інтарэс простых брытанцаў да еўрапейскага праекту.
Не прайшлі міма Еўрабачання і тутэйшыя еўрафобы. У сваіх матэрыялах яны прыводзяць музычнае спаборніцтва як прыклад жахаў еўрапейскай бюракратыі і свядомай маргіналізацыі Аб’яднанага Каралеўства. Першы тэзіс аргументуюць тым, што важныя рашэнні на конкурсе прымае журы, чыя дзейнасць, маўляў, такая ж непразрыстая, як дзейнасць еўрачыноўнікаў у Брусэлі. Што тычыцца тэмы маргіналізацыі, то тут еўрафобы звяртаюць увагу на формулу галасавання.
Паводле гэтай формулы, усе ў журы і тэлегледачы з кожнай краіны маюць роўныя правы. Такая сістэма справядлівая толькі на першы погляд. З-за наяўнасці агульнага культурнага рынку ў СНД і на Балканах галасаванне тут спецыфічнае. На першае месца часцяком выходзіць не прынцып вызначэння лепшага, а рэгіянальная салідарнасць. Сапраўды, тыя ж расійскія прадстаўнікі традыцыйна набіраюць шмат балаў у краінах-суседзях — таксама, як і сербскія. Тое, што Балканскія краіны і дзяржавы СНД — нашчадкі СССР і сацыялістычнай Югаславіі, дазваляе правым палітыкам, якія, як правіла, выступаюць за Brexit, казаць пра камуністычную змову.
Ці выратуе "Еўрабачанне" Еўрасаюз, мы даведаемся вельмі хутка. Аднак тэма на гэтым яўна не скончыцца. У спіс забароненых на конкурсе сцягоў трапіў і сцяг Палесціны, які выкарыстоўваўся на фінале "Еўрабачання" як сродак нагадаць пра праблему акупаваных арабскіх тэрыторый. Забарона выклікала дэбаты ў арабскіх краінах наконт таго, каб таксама даслаць сваіх прадстаўнікоў на конкурс, што, безумоўна, яшчэ больш палітызуе яго. Раней сярод арабаў існаваў кансенсус наконт байкоту "Еўрабачання" праз удзел у ім прадстаўніка Ізраіля.
З іншага боку, ці трэба баяцца палітызацыі "Еўрабачання"? Шмат хто лічыць, што свята папсы нарадзілася ў 1956 годзе менавіта як палітычная акцыя з мэтай прапаганды першых панеўрапейскіх структур — падмуркаў цяперашняга ЕС.