Лявон Вольскі атрымаў прэмію Freemuse
8 мая ў стакгольмскай "вёсцы Еўрабачання" рок-музыка Лявон Вольскі атрымаў прэмію Freemuse Awards. Беларускага творцу ўзнагародзілі за выбітную працу дзеля "свабоды музычнага выказвання".

Выканаўчы дырэктар Freemuse Оле Рэйтоў распавёў, чаму "Еўрабачанне" вырашыла звярнуцца да гісторыі забароненых музыкаў. "Беларусь мае пераможцу, але ён забаронены ў сваёй краіне, таксама як і папярэдні ўладальнік прэміі Freemuse Рэмі Эсам — у сваёй краіне", — перадае Радыё "Свабода" яго словы.
Са сцэны Вольскі выказаў падзяку за ўвагу да сваёй персоны, музычнай дзейнасці і змагання за дэмакратычныя каштоўнасці. Словы беларускага музыкі перакладаў былы амбасадар Швецыі ў нашай краіне Стэфан Эрыксан.
Вольскі: "Я хачу, каб вы яшчэ раз зразумелі, што ў Беларусі ёсць сур’ёзная праблема са свабодай слова. Я прысвячаю гэтую прэмію маёй жонцы Ганне, якая не так даўно нас пакінула".
Разам з уладальнікам прэміі мінулага года егіпцянінам Рэмі Эсамам Вольскі выканаў на сцэне песню "Чужы" з сольнага альбому "Грамадазнаўства" 2014 года.