Лявон Вольскі атрымае ўзнагароду падчас «Еўрабачання»
8 траўня Лявон Вольскі атрымае ўзнагароду Freemuse Award 2016 на вялікай сцэне ў вёсцы "Еўрабачання" ў Кунгстрэдгардане.

Фота: 1080.plus
Гэта адмысловая фестывальная зона ў Стакгольме, дзе будзе праходзіць конкурс “Еўрабачанне”. Такую інфармацыю паведамляе сайт Freemuse.
Арганізатары ў сваім паведамленні звяртаюць увагу:“Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на “Еўрабачанні” Ivan з песняй “Help You Fly” быў абраны на нацыянальным конкурсе, які арганізоўвала БТРК. Акурат гэтая тэлекампанія і забараняе Вольскага і іншых крытыкаў рэжыму”.
Лявон Вольскі атрымае прэмію а 17-й вечара. На сцэне ён сустрэніцца з папярэднім пераможцам Рэмі Эсамам, вядомым як “спявак рэвалюцыі плошчы Тахрыр”.
Прэмія Freemuse Award 2016 прысуджаная Лявону Вольскаму за руплівую і бясстрашную барацьбу за свабоду музычнага выказвання. Яна ўручаецца з 2008 года.
Першы паўфінал Еўрабачання адбудзецца 10 траўня. Удзельнік ад Беларусі Ivan з песняй “Help You Fly” выступіць падчас другога паўфінала 12 траўня. Фінал конкурсу будзе ладзіцца 14 траўня на арэне “Эрыксан-Глоб”.
Паводле euroradio.fm