Футбольная рэвалюцыя пачалася

Рашэнне FIFA павялічыць колькасць удзельнікаў Чэмпіянату свету да 48 камандаў, як лічаць крытыкі, пагражае расколам футбольнага свету і крызісам папулярнай гульні.

futbolnaja.jpg

Адным з абавязковых атрыбутаў Чэмпіянатаў свету з’яўляецца спецыяльны выпуск альбому ад італьянскай фірмы Panini. Гэта сшытак са спісам гульцоў усіх зборных — удзельнікаў турніру. Прыхільнікам футболу прапануецца набываць налепкі з партрэтамі спартоўцаў і клеіць іх у сшытак. Каментуючы рашэнне Федэрацыі пра новую мадэль Кубку свету, прэса смяецца, што цяпер фанатам не абысціся не тое што сшыткам, а нават альбомам. Поўная калекцыя Panini да Кубку свету 2026-га пацягне на некалькі салідных фаліянтаў.

Усё таму, што пачынаючы з 2026-га, Кубак свету будзе праходзіць па схеме, калі 48 каманд размяркуюць у 16 груп па тры каманды ў кожнай. Дзве лепшыя ў кожнай групе выйдуць у 1/16 фіналу.

Неабходнасць пераменаў апарат Федэрацыі тлумачыць патрэбай прасоўваць моду на футбол у бедных краінах. Рэформа сапраўды пойдзе на карысць футбольнай перыферыі. Еўропа пры пашырэнні колькасці ўдзельнікаў Чэмпіянату свету атрымае квоту ў 16 месцаў (зараз 13), Афрыка — 9,5 (5), Азія — 8,5 (4,5), Паўднёвая Амерыка — 6,5 (4,5), Паўночная і Цэнтральная Амерыка — 6,5 (3,5), Акіянія (OFC) — 1 (0,5).

Аднак крытыкаў новай схемы такая добрая матывацыя не задавальняе. Прэса вядучых футбольных дзяржаў свету абураная. Калі верыць спартовым аглядальнікам, новы фармат Кубка свету дакладна пахавае міжнародны турнір на планеце. Нават левая прэса, якая традыцыйна вітае большую квоту краін Трэцяга свету ў вядучых спартовых мерапрыемствах, дазваляе сабе крытыкаваць рашэнне FIFA. Так, на думку нямецкай «Tageszeitung», чыноўнікамі Федэрацыі рухае банальны матыў: нарубіць капусты за кошт продажу квіткоў і правоў на трансляцыю спаборніцтваў. Чытачы выдання нават заклікаюць заўзятараў да байкоту чэмпіянату.

Што ўжо казаць пра іншыя медыя, дзе рэформа 10 студзеня ўспрымаецца як міна пад футбольны свет. Перш за ўсё, ніхто не разумее, як можна было рэфармаваць турнір, калі футбольная грамадскасць збольшага негатыўна ацаніла нядаўняе пашырэнне колькасці ўдзельнікаў фіналу Чэмпіянату Еўропы. Як вядома, на апошнім турніры ў Францыі ўпершыню гуляла не 16, а 24 каманды, аднак плюсаў у гэтым не пабачылі. Наадварот, вынікі вялікай колькасці матчаў праз палярны ўзровень гульцоў былі прадказальныя. Як кажа трэнер нямецкай зборнай Ёахім Лёў, чэмпіянат у Францыі праз раздутую колькасць удзельнікаў для развіцця футболу не даў нічога.

Сапраўды, новыя правілы дазволяць камандам такіх экзатычных футбольных краін, як Уганда або Узбекістан, усур’ёз разлічваць на паездку на Мундыяль праз дзевяць гадоў. Аднак тактыка іх гульні на турніры зразумелая ўжо зараз. Каманды будуць намагацца сядзець у глыбокай абароне, каб прапусціць мінімум галоў ад больш моцных зборных. На думку спецыялістаў, павальная стаўка на абарону можа змяніць стыль футбольнай гульні. «Я больш за ўсё занепакоены тым, што гэта (рэформа) зменіць футбол, пазбавіць яго прываблівасці. Мы ўсе любім адкрытую гульню. Рашэнне FIFA можа прымусіць каманды перайсці на прынцып абароны», — кажа прэзідэнт Нямецкага футбольнага саюзу Рэйнард Грындэль.

Салідарныя з Грындэлем і ўладальнікі футбольных клубаў Еўропы (ECA). Асацыяцыя еўрапейскіх клубаў ужо выказала пратэст супраць узбуйнення Кубка свету. У заяве, акрамя ўсяго, мякка намякаюць, што рашэнне было прадыктавана камерцыйнымі інтарэсамі кіраўнікоў FIFA. Некаторыя медыя не выключаюць, што кіраўнік Федэрацыі Джані Інфанціна мог атрымаць хабар за лабіяванне пастановы. Грошы вакол турніру 2026-га ўжо зараз круцяцца фантастычныя. Падлічана, што, дзякуючы новай формуле, Федэрацыя атрымае каля 4,1 мільярда еўра супраць трох, якія плануецца атрымаць за турнір 2018 года.

Якія яшчэ аргументы высоўваюцца супраць новай схемы? Некаторыя пралічылі, што напярэдадні фінальных спаборніцтваў штодня будуць гуляць каля шасці сустрэчаў. Такая празмерная насычанасць можа выклікаць эфект абыякавасці нават у футбольных фанатаў. Нагадваюць і пра тое, што менавіта ў групах, дзе гуляюць тры каманды, часцей за ўсё ў гісторыі ўзнікалі скандалы з подкупам футбалістаў.

Незразумела, колькі краінаў у свеце могуць пацягнуць правядзенне турніру ў 16 групах. З тых дзяржаў, якія сёння выставілі кандыдатуры на права прымаць турнір, — Канада, Новая Зеландыя, Кітай і Індыя па сумеснай заяўцы, таксама сумесна Эквадор, Балівія, Перу і Парагвай, напэўна, толькі Кітай здольны адпавядаць крытэру — мець 16 стадыёнаў алімпійскага ўзроўню ў 16 гарадах.

Праўда, ёсць у рэформы і прыхільнікі — у тым ліку са свету футболу. На іх думку, футбол ад пераменаў асабліва не страціць, паколькі за апошнія 20–30 гадоў ніякіх прынцыповых навацый у гульні не было. А славуты Дыега Марадона кажа, што новы фармат дазволіць футбалістам з бедных краін пабачыць узровень футболу, пра які яны толькі марылі. Гэта дасць штуршок для буму футбольнай інфраструктуры па ўсім свеце. Выданні Трэцяга свету таксама актыўна вітаюць гігантаманію FIFA.

Ёсць і трэцяя пазіцыя. Яе адэпты прапануюць не сварыцца наконт Чэмпіянату свету–2026, пакуль не пройдзе турнір 2018-га ў Расіі. Міжнародная палітычная напружанасць і нядаўнія допінг-скандалы вакол расійскіх алімпійцаў дазваляюць прагназаваць перанос турніру ў іншую краіну — або нават яго скасаванне. Натуральна, без скандалаў і дэмаршаў не абыдзецца, што адаб’ецца на ўсёй футбольнай сістэме. Можна сустрэць экстравагантную думку пра тое, што пасля 2018-га Чэмпіянаты свету ўвогуле знікнуць. Замест Мундыяляў створаць Сусветную лігу для нацыянальных зборных, удзельнікі якой штогод і будуць разыгрываць тытул чэмпіёна планеты.