Спіс фанатаў-хуліганаў, якіх не будуць пускаць на футбол, выставяць на сайт МУС
Увядзенне адміністратыўнай забароны для фанатаў-хуліганаў на наведванне стадыёнаў і спарткомплексаў падчас матчаў і спаборніцтваў стане эфектыўнай прафілактыкай парушэнняў парадку на стадыёнах.
Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў старшыня пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Валянцін Міхневіч.
Такая забарона можа быць уведзеная ў адпаведнасці з папраўкамі ў некаторыя законы Беларусі па пытаннях аховы грамадскага парадку. На думку Міхневіча, законапраект носіць прафілактычны характар. Рашэнні аб зарабоне на наведванне спартовых мерапрыемстваў будуць прымаць толькі суды. Пры гэтым дзеянне паправак не будзе распаўсюджвацца на фанатаў, якія парушалі грамадскі парадак за прыняцця зменаў у заканадаўства.
Тэрмін дзеяння забароны можа скласці ад трох месяцаў да трох гадоў. Прадугледжана адказнасць і за яго парушэнне — гэта штраф ад 2 да 20 базавых велічынь (цяпер 1 БВ роўная Byn23). Спіс фанатаў, якім будзе забаронена з'яўляцца на стадыёнах, размесцяць у адкрытым доступе на сайце МУС. Чакаецца, што гэты blacklist будзе невялікім. У Расіі, напрыклад, дзе падобная мера дзейнічае ўжо некалькі гадоў, у яго трапілі усяго 43 чалавекі. І ў Беларусі такіх парушальнікаў наўрад ці будзе шмат. Праваахоўнікі будуць адсочваць іх па фота і з дапамогай тэхнічных сродкаў, якімі абсталяваныя спартовыя арэны.
Адпаведныя папраўкі ў заканадаўства могуць прыняць падчас вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў.
Паводле euroradio.fm