Іх норавы
Былы зяць прэзідэнта Казахстана Рахат Аліеў, які пасварыўся з Назарбаевым і эмігрыраваў на Захад, апублікаваў скандальную кнігу пра сакрэты назарбаеўскага двара. Афіцыйная Астана ўжо адрэагавала на навінку кніжнага рынку: генпракурор краіны прыгразіў кожнаму казаху, які прачытае, набудзе або распаўсюдзіць кнігу Аліева, крымінальным артыкулам. Пытанне: за што?
Былы зяць прэзідэнта Казахстана Рахат Аліеў, які пасварыўся з Назарбаевым і эмігрыраваў на Захад, апублікаваў скандальную кнігу пра сакрэты назарбаеўскага двара. Афіцыйная Астана ўжо
адрэагавала на навінку кніжнага рынку: генпракурор краіны прыгразіў кожнаму казаху, які прачытае, набудзе або распаўсюдзіць кнігу Аліева, крымінальным артыкулам. Пытанне: за што?
Па-сутнасці, кніга Аліева «Хросны цесць» — гэта кароткі курс найноўшай гісторыі Казахстана. На думку аўтара, галоўным чыннікам гэтай гісторыі была эвалюцыя поглядаў і
нормаў паводзін Нурсултана Абішавіча Назарбаева.
Калі верыць Аліеву, то Назарбаеў — гэта прыроджаны двурушнік. Ён пачынаў кар’еру ў савецкія часы як выхадзец з рабочых. Апаратчыкі лічылі яго простым хлопцам, які ніколі не зможа
гуляць першыя ролі. Аднак камсамолец Назарбаеў быў не такі просты. У кнізе згадваецца нейкі ліст, які малады Нурсултан быццам напісаў тагачаснаму сакратару Кампартыі Казахстана Кунаеву.
«Яго аўтар кляўся, што ніколі не здрадзіць свайму старэйшаму таварышу-правадыру. Заўсёды будзе браць з яго прыклад, кіравацца ягонымі ідэямі і пастулатамі вучэння Маркса — Леніна,
дзеля якіх ён гатовы ахвяраваць усім», — піша Аліеў.
На думку аўтара кнігі, той ліст пакінуў у свядомасці Назарбаева глыбокі след. «Праз шмат гадоў Назарбаеў, які ўжо быў прэзідэнтам, увёў практыку напісання лістоў падобнага кшталту. Кожны
чалавек з бліжэйшага атачэння прэзідэнта мусіў напісаць так бы мовіць «асабістую клятву гаспадару», — сцвярджае Аліеў.
Адрасат таго ліста — Кунаеў — думаецца, быў уражаны. Інакш у 1984 годзе Назарбаеў не атрымаў бы пасаду кіраўніка Савета міністраў Казахскай СССР. З пачаткам перабудовы, адчуўшы, што
пачынаюцца вялікія перамены, Назарбаеў пачынае публічна крытыкаваць патрона. Такім чынам, ён робіцца сваім чалавекам у вачах Масквы, з падачы якой хутка становіцца кіраўніком рэспублікі. На момант
распаду СССР гэта фактычна гарантавала пасаду кіраўніка маладой незалежнай дзяржавы.
Аліеў прызнае, што ў першыя гады незалежнасці Назарбаеў паводзіў сябе як і павінен лідэр дэмакратычнай краіны, аднак хутка прэзідэнт пачаў закручваць гайкі. У тым ліку гэта было выклікана зменамі ў
сямейным атачэнні Назарбаева.
Яго першая жонка Сара Алсыпаўна не любіла аўтарытарных забабонаў мужа. Аліеў піша: «Гэта дзякуючы ёй (Сары) краіна да гэтага часу не абрасла залатымі бюстамі і гіганцкімі партрэтамі першага
прэзідэнта. «Ты як хочаш, а я гэта трываць не збіраюся, нам не патрэбны тут культ асобы, як у Туркменіі», — казала яна падчас сямейных сустрэч. У майго цесця незадаволена
выцягваўся твар, аднак пайсці супраць волі жонкі ён не рашаўся. Магчыма, будучы не ў стане змяніць сітуацыю ў сям’і, Нурсултан Назарбаеў вырашыў завесці новую сям’ю».
Хутка фаварыткай Нурсултана стала 26-гадовая бортправадніца Гульнара Ракішаева (Аліеў называе яе «казахская Памела Андэрсан»). Флірт з ёй нагадваў камедыю.
«З моманту пераезду ў Астану, прэзідэнт пачаў жыць на два дамы. Было цікава назіраць, як ён адпраўляецца да сваёй такал (маладой жонкі) поўным картэжам з мігалкамі, але пры гэтым збіраецца
захаваць сувязь у строгім сакрэце. Пасля служба аховы прэзідэнта пачала мяняць нумары, аднак куды схаваеш картэж браніраваных чорных джыпаў», — успамінае Аліеў.
З часам казахская Памела Андэрсан нарадзіла Нурсултану дзве дачкі (усяго іх у яго пяць). Ён, у сваю чаргу, зрабіў яе віцэ-прэзідэнтам авіякампаніі «Эйр Астана».
«Аднак Нурсултану Назарбаеву і дзве сям’і падалося замала, — працягвае аўтар. — І ён пайшоў на рэкорд — ён адзіны ў сучаснай гісторыі кіраўнік дзяржавы,
які жыве адначасова ў трох сем’ях».
Трэцюю пасію Нурсултана завуць Асель Імабаева (на момант пачатку раману з прэзідэнтам ёй ледзь споўнілася 18 год). Менавіта Асель (каб падняць яе прэстыж у вачах прэзідэнта, сцвярджае Аліеў, яе
штучна зрабілі міс Казахстана) рэалізавала даўнюю мару прэзідэнта, нарадзіўшы яму сына Султана. Як вядома, хлопчык быў зачаты ў прабірцы. Аліеў сцвярджае, што загад прымяніць сучасныя тэхналогіі даў
асабіста ягоны былы цесць. Нур (мянушка Назарбаева) баяўся, што зноў нарадзіцца дзяўчынка. Дарэчы, чыноўнік, адказны за аперацыю па нараджэнню нашчадка, у якасці ўзнагароды атрымаў міністэрства
спорту.
Што да былой сцюардэсы Гульнары, то яна з дочкамі зараз жыве на прэзідэнцкай віле ў Іспаніі. А першая жонка Сара даўно пераехала жыць у Алма-Ату.
Прэзідэнт паказаў сябе не толькі парушальнікам маральнага кодэксу будаўніка камунізму. На пачатку 1990-х пачала складвацца, паводле вызначэння Аліева, сістэма раскрадання багаццяў краіны. У
перакладзе на афіцыйную тэрміналогію гэта называецца «кантраляваная прыватызацыя».
Формула кантраляванай прыватызацыі вельмі простая. Напрыклад, дзяржава вырашае прыватызаваць прадпрыемства «Кармет». Аб’ектам цікавіцца індуская кампанія. Заключаецца
здзелка паміж урадам і фірмай. Цяпер прадпрыемства фармальна належыць індускаму прадпрымальніку Міттау. На самай справе, палова акцый пасля набыцця «Кармету» перададзеная індусамі ў
кампанію, якой валодае Нурсултан Абішавіч. Плюс апошні атрымаў 50 мільёнаў долараў «кэшам». Такія правілы, са слоў Аліева, дзейнічаюць для прадстаўнікоў замежнага бізнесу, якія
хочуць працаваць у краіне.
Натуральна, такая схема можа працаваць ва ўмовах адсутнасці дэмакратычных інстытутаў, у тым ліку правамоцнага парламенту. Аліеў распавядае пра сістэму фальсіфікацый выбараў, якая склалася ў
краіне.
Выдавецтва «Дауір», якое належыць родзічу Назарбаева, друкуе два абсалютна аднолькавых наклады бюлетэняў па замове Цэнтрвыбаркаму. Першы наклад адпраўляецца на выбарчыя ўчасткі і
раздаецца выбаршчыкам. Тыя кідаюць паперкі ў скрыні для галасавання. Пасля гэтага ўсё, што ёсць у скрынях, ідзе на сметнік. Замест гэтага закладаецца другі наклад бюлетэняў, на якіх крыжыкі стаяць
супраць патрэбнай уладзе кандыдатуры. Гэтыя бюлетэні запаўняюцца ў мясцовых аддзелах КНБ. Застаецца згадацца, што старшынёй выбарчай камісіі, як правіла, абіраецца дырэктар якога-небудзь дзяржаўнага
прадпрыемства.
«Што яго (дырэктара) чакае, калі ён адмовіцца падпісваць дасланы зверху пратакол? На яго завядуць крымінальную справу за гандаль наркотыкамі або згвалтаванне школьніцы, у яго сына знойдуць
улёткі «Хізб ут-Тахрыр» (радыкальная тэрарыстычная ісламская арганізацыя) і г. д. А калі на гэты момант ужо былы дырэктар пачне нешта казаць пра падмену бюлетэняў, яго адправяць у
дом для вар’ятаў. Або арганізуюць аўтамабільную катастрофу. Галоўнае, каб была стабільнасць, як кажа наш пажыццёвы прэзідэнт», — сцвярджае Аліеў.
Аднак Назарбаеў, калі верыць Аліеву, у гэтай галіне аддае належнае тэхнічнаму прагрэсу: «А яшчэ ў нас ёсць перадавая тэхналогія электроннага галасавання «Сайлау». Яна
нарадзілася, калі ў адміністрацыі палічылі, што механізм фальсіфікацыі выбараў з дапамогай друкарскіх станкоў тыпаграфіі «Дауір» надзейны, аднак складаны. У
«Сайлау» ўсё вельмі проста. Выбаршчыкі націскаюць на тыя кнопкі, якія пажадаюць, а сістэма пакажа на маніторы тыя лічбы, якія ў кампутары загрузіць выбаркам. Сэрвер —
двайнік сістэмы, які падключаны па кабелю да галоўнага сэрверу выбаркама, знаходзіцца ў спецыяльнай інфармацыйнай службе КНБ, літаральна ў ста кроках ад будынка выбаркама ў Астане».
Сама Астана — новая сталіца краіны — дарэчы, таксама, на думку Аліева, праява аўтарытарнай прыроды Назарбаева. Аліеў мяркуе, што праект пераносу сталіцы матываваны выключна страхам
перад ліберальнай грамадскасцю Алма-Аты, комплексамі перад старой інтэлігенцыяй горада.
«Адна справа — сядзець у кабінеце ў цэнтры Алма-Аты, гэтага незразумелага прэзідэнту горада. Прычым сядзець у 100 метрах ад людской плыні, ад якой цябе аддзяляе хліпкі слой
ахоўнікаў. І зусім іншая — аддаваць загады з далёкай дыстанцыі, калі цябе ад грамадзян аддзяляюць рэчка, вялікі стэп, байцы МУС, спецназу і служба аховы прэзідэнта, якая разраслася да 10
тысяч чалавек. Вось гэта сапраўдная бяспека!» — піша Аліеў.
Алах з той Астаною... Аліеў адстойвае версію, што Назарбаеў сістэматычна забівае сваіх грамадзян: «Забіваць рэжым Назарбаева пачаў даўно, яшчэ ў 1990-я. Першымі ахвярамі наёмных забойцаў
Хроснага цесця сталі бандыты, якія канкуравалі з цэнтральнай уладай у галіне кантролю за структурамі бізнесу. Іх баяліся, ім плацілі падатак, іх слухалі. На старце 1990-х крымінальныя аўтарытэты
часта мелі большы ўплыў, чым паралізаваная крызісам дзяржаўная машына… Хутка яны паплаціліся за свае амбіцыі жыццём. У краіне пачалася крымінальная вайна, у выніку якой не выжыў ніводны
крымінальны аўтарытэт. Адпаведна афіцыйнай версіі, гэтую вайну вялі паміж сабой кланы. На самай справе, яе пачаў Хросны цесць.
Менавіта тады, сцвярджае Аліеў, быў пяройдзены рубікон: «Наступным крокам пасля ачысткі крымінальнай пляцоўкі стала забойства канкурэнтаў на палітычным полі».
Аліеў падрабязна аналізуе некалькі рэзанансных забойстваў, напрыклад, Сарсенбаева (адзін з лідэраў апазіцыі). Той паехаў на паляванне з шафёрам і ахоўнікам і не вярнуўся. Усіх забілі. Гісторыя проста
анекдатычная. Забойцы, каб стварыць ілюзію рабаўніцтва, забралі ў нябожчыкаў мабільныя тэлефоны. Адзін з тых апаратаў забойца падараваў каханцы. Міліцыя хутка знайшла дзяўчынку. Якім жа было
здзіўленне следчых, калі яны даведаліся, што яе каханкам аказаўся… афіцэр КНБ. Справу, натуральна, хутка замялі.
Цяпер, паводле Аліева, Назарбаеў заклапочаны тым, як перадаць усю ўладу трохгадоваму сыну Султану. З гэтай мэтай прыняты план «Суперхан». У рамках ягонай рэалізацыі для поўнага
гарантавання перадачы ўлады ўсе эканамічныя рэсурсы краіны павінны быць да 2030 года падпарадкаваныя прэзідэнцкім структурам.
Але ў прынцыпе пры двары Назарбаева жывецца не так ужо і сумна. Аліеў піша, як быў куратарам так званых «клоунаў» — кандыдатаў у прэзідэнты, якія стваралі ілюзію наяўнасці
палітычнай канкурэнцыі Назарбаеву. Вось як ён апісвае тое, што адказаў Аліеў на загад Назарбаева знайсці яму «клоуна», і што адбывалася потым: «Прапаную Гані Касымава з
мытні. Гані славіцца сваім вяр’яцкім самадурствам! Наколькі я разумеў, гэтыя якасці і патрэбны былі прэзідэнту. Назарбаеў трошкі падумаў і прапанову ўхваліў. Ён патрабаваў, каб я асабіста
паразмаўляў з Касымавым, прынёс ад яго «клятву гаспадару» на паперы і скрытую відэастужку для надзейнасці. Мытніку праект спачатку не спадабаўся… Тым часам я арганізаваў
яму сустрэчу з прэзідэнтам у апартаментах прэзідэнцкага палацу. Сустрэча прайшла цудоўна. Назарбаеў зацвердзіў кандыдатуру Касымава ў якасці свайго ліпавага канкурэнта, пераканаўшы Гані, што баяцца
няма чаго: яго чакаюць выключна бонусы».
Самае смешнае, што падчас выбарчай кампаніі Гані Касымаў сапраўды паверыў у свае магчымасці стаць прэзідэнтам, і нават заявіў у прэсе: «Мы яшчэ паглядзім, хто на гэтых выбарах
пераможа». Пасля заканчэння выбарчай кампаніі яму згадалі тую заяву і пазбавілі ўсіх пасадаў. Цяпер Гані Касымаў — адзін з лідэраў казахскай апазіцыі.
Дзіўна, аднак напрыканцы сваёй кнігі Аліеў агітуе за тое, каб у Казахстане быў створаны рэжым канстытуцыйнай манархіі. Кіруючай дынастыяй павінны быць Назарбаевы.
Як можа казаць такое чалавек, якога з-за апазіцыйнай дзейнасці без яго згоды развялі з жонкай, пазбавілі кантактаў з дзецьмі, завочна прыгаварылі да 20 гадоў турмы, і нават завялі крымінальную справу
на ягоных бацькоў, не зразумела...
Усход ёсць Усход.