ХАМАС зноў пагражае спаліць зямлю пад нагамі ізраільцян. Прычым тут казляня?
У Ерусаліме пасля сутыкненняў ля мячэці Аль-Акса на Храмавай гары затрыманы 350 палесцінцаў.
Паліцыя заявіла, што правяла 5 красавіка, самай раніцай, рэйд на Храмавай гары пасля таго, як людзі з фальшфаерамі, палкамі і камянямі замкнуліся і забарыкадаваліся ў мячэці пасля малітвы, паведамляе ВВС.
Па сцвярджэннях палесцінскага боку, пацярпелі 14 чалавек: ізраільская паліцыя ўжыла святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі, каб разагнаць натоўп.
Пазней з сектара Газа па тэрыторыі Ізраіля было выпушчана не менш за дзевяць ракет, а ў горадзе Сдэрот спрацавалі сірэны паветранай трывогі.
Ізраільская армія паведаміла, што пяць ракет былі перахоплены, а яшчэ чатыры ўпалі на адкрытай мясцовасці.
Пакуль ніхто не ўзяў на сябе адказнасць за абстрэл, але, як мяркуецца, ён адбыўся з ухвалы радыкальнай ісламісцкай групоўкі ХАМАС, якая кантралюе Газу.
Намеснік кіраўніка ХАМАС Салех Аль-Ауры прыгразіў, што «напад на ісламскія святыні будзе каштаваць дорага». «Мы спалім зямлю пад нагамі ізраільцян», — паабяцаў ён.
Пазней ізраільскія вайскоўцы заявілі, што іх баявыя самалёты нанеслі ўдар па аб'ектах баевікоў.
Што здарылася?
Сутыкненні ва ўсходнім Ерусаліме, анексаваным Ізраілем, пачаліся пасля таго, як група палесцінскіх вернікаў забарыкадавалася ў мячэці пасля малітвы ў Рамадан.
На кадрах, знятых у мячэці, бачна, як пратэстоўцы запускаюць феерверкі. Ізраільская паліцыя сцвярджае, што ў праваахоўнікаў кідалі камяні і паранілі аднаго паліцэйскага. На іншым відэа бачна, як ізраільскія паліцыянты б'юць палесцінцаў дубінкамі.
Палесцінскі Чырвоны Паўмесяц пазней заявіў, што ізраільскія войскі не пускаюць медыкаў у мячэць.
Палесцінскія баевікі раней заклікалі мусульман замкнуцца ў мячэці на фоне паведамленняў аб тым, што яўрэйскія вернікі нібыта хочуць прынесці ў ахвяру казляня на Храмавай гары на свята Песах, які пачынаецца ў сераду.
Храмавая гара — вяршыня ўзгорка ў Старым горадзе Ерусаліма — лічыцца ў іўдаізме самым святым месцам, на якім знаходзіўся першы, а затым і другі Ерусалімскі Храм. Для мусульман гэта трэцяе па святасці месца, якое яны называюць Харам аль-Шарыф і шануюць як месца, адкуль Махамед быў узнесены на неба.
На Храмавай гары размяшчаюцца дзве мусульманскія святыні — мячэць Аль-Акса і Купал Скалы. Мусульмане лічаць увесь комплекс мячэццю Аль-Акса, але апошнія сутыкненні адбыліся ў самім будынку мячэці.
Яўрэям і іншым немусульманам дазволена наведваць тэрыторыю комплексу ў пэўныя гадзіны, але забараняецца маліцца. Палесцінцы расцэньваюць наведванне Храмавай гары яўрэямі як спробу змяніць яе хісткі статус-кво.