Ізраіль нанёс авіяўдары ў адказ па поўдні Лівана і сектары Газа
17 гадоў не прылятала ў Ізраіль за дзень столькі ракет з Лівана. Цяпер у Ліване высвятляюць, хто запусціў ракеты з іх тэрыторыі.
Пасля ўчорашняга масіраванага абстрэлу тэрыторый краіны Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) нанесла авіяўдары па сектары Газа і аб'ектах палесцінскага ісламісцкага руху ХАМАС на поўдні Лівана.
«ЦАХАЛ не дазволіць тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС дзейнічаць з тэрыторыі Лівана і будзе ўскладаць на Ліван адказнасць за кожны абстрэл з яго тэрыторыі», — заявілі ізраільскія вайскоўцы.
Усяго за мінулую ноч ЦАХАЛ атакавала тры інфраструктурныя аб'екты ХАМАС на поўдні Лівана і больш за 10 ваенных аб'ектаў руху ў сектары Газа, паведамляе Ізраільскае радыё «Kan» са спасылкай на вайскоўцаў.
Як піша «The Times of Israel», гукі выбухаў, у прыватнасці, былі чутны ў раёне горада Цір. У руху ХАМАС, як паведамляе арабскі тэлеканал «Аль-Джазіра», асудзілі «сіянісцкую агрэсію супраць Лівана» і пацвердзілі абстрэлы ў ваколіцах Ціра.
Улады Лівана таксама асудзілі абстрэлы тэрыторый краіны і заявілі, што «адпрэчваюць любую ваенную эскалацыю». Прэм'ер-міністр Лівана Наджыб Мікаці заявіў, што таксама асуджае запуск ракет з тэрыторый на поўдні Лівана. Паводле яго слоў, мясцовыя вайскоўцы і міратворцы ААН расследуюць, хто стаяў за абстрэламі Ізраіля, якія адбыліся напярэдадні.
Нагадаем, учора поўнач Ізраіля падверглася ракетным абстрэлам з Лівана. Так, каля 14:30 чацвярга, 6 красавіка, па ізраільскай тэрыторыі было выпушчана мноства ракет з боку Лівана. У гарадах Бетсет і Шломі ў Заходняй Галілеі, якая мяжуе з Ліванам, быў чутны сігнал аб набліжэнні ракет. У выніку абстрэлу ёсць пацярпелыя і разбурэнні.
Вядома, што большая частка выпушчаных ракет была перахоплена сістэмай СПА «Жалезны купал». Таксама Ізраіль падняў баявую авіяцыю.
Пазней стала вядома, што ўчора па Ізраілі з Лівана выпусцілі каля 30 ракет.
У апошні раз Ізраіль падвяргаўся падобным абстрэлам з Лівана ў жніўні 2021 года, але тады было выпушчана больш за 20 ракет. Учора ж міністр абароны Ізраіля даручыў прапрацаваць адказ на ракетны ўдар па краіне. Ізраіль адзначыў, што ракетны шквал, выпушчаны з паўднёвых раёнаў Лівана і абрынуты на паўночны Ізраіль, стаў найбуйнейшай такой атакай за апошнія 17 гадоў.
Паводле www.timesofisrael.com, «Медуза»