Ганконг: «каляровая рэвалюцыя» альбо другі Цяньаньмэнь?

Пасля некалькіх месяцаў дастаткова масавых, але перыядычных пратэстаў, рух супраціву рашэнням Пекіна ў Ганконге выліўся ў разнавіднасць «вулічных рэвалюцый».



Масавы рух паўстаў раптоўна, пасля таго, як у нядзелю 28 верасня мірны пратэст «Акупацыя Цэнтра», у якім удзельнічае шэраг НДА і студэнцкіх арганізацый, быў жорстка атакаваны паліцыяй. Пасля ўжывання слезацечнага і перцавага газу, 48 удзельнікаў апынуліся ў шпіталях. Аднак тысячы людзей засталіся начаваць на вуліцах, і яшчэ дзесяткі тысяч прыйшлі на вуліцы раніцай 29 верасня.

Аўтобусны рух на востраве Ганконг, дзе знаходзіцца цэнтр горада, быў паралізаваны. Метро спыняецца на станцыі «Адміралцейства», побач з якой размешчаныя ўрадавыя будынкі, але масавы пратэст распаўсюдзіўся далёка за межы гэтага раёна. На станцыях метро зачыненыя выхады на «акупаваныя» вуліцы. На загародках вісяць напісаныя «гарлапанячым шрыфтом» транспаранты. Пасля заканчэння працоўнага дня многія офісныя супрацоўнікі пайшлі проста на вуліцы. Да вечара панядзелка дзясяткі тысяч чалавек запаланілі не толькі ўрадавы і фінансавы раёны, але нават даволі аддалены Косвен Бэй, знакаміты ў першую чаргу як раён крамаў, і густа населены раён Монг-Кок, які знаходзяцца далёка за межамі цэнтра.

Назіральнікі адзначаюць высокую ступень арганізацыі і сталасці ўдзельнікаў. Нягледзячы на паліцэйскі штурм і начны час на працягу некалькіх гадзін яны арганізавалі перакрыццё некалькіх буйных вуліц адначасова па ўсім горадзе. Дзеянні ўдзельнікаў акцыі рпатэста носяць выключна мірны характар. Пешаходныя пераходы застаюцца свабоднымі, каб не перашкаджаць тым, хто не ўдзельнічае у пратэсце. На вуліцах стаяла так кіёскі па прыёме вады і медыкаментаў для валанцёраў.

Чакаецца, што рух будзе доўжыцца на працягу тыдня — ўрад адмяніў святочныя салюты 1-га кастрычніка - на Дзень Нацыі, афіцыйнае свята КНР, што ўзмоцнена «прышчапляе» Ганконгу пекінскі ўрад у апошнія гады.

Штуршком да масавых вулічных дзеянняў паслужыла публічнае і рэзка заяўленае рашэнне Пекіна адхіліцца ад абяцанага ў 1997 годзе ўсеагульнага выбарчага права пры выбарах выканаўчай улады Ганконга. У якасці адной з умоў вяртання тэрыторыі Ганконга Кітаю з’яўлялася і тое, што ў 2017-м годзе на выбарах кіраўніка адміністрацыі Ганконга змогуць галасаваць ўсе грамадзяне горада. Замест гэтага Пекін агучыў, што выбары ў 2017-м годзе мусяць адбыцца праз падвойную сістэму калегіі выбаршчыкаў, чальцы якой кантралююцца Пекінам.

Па словах удзельнікаў пратэсту, гэта ўсяго толькі адна праява курсу Пекіна на адмену прынцыпу «Адна краіна, дзве сістэмы». Гэты прынцып гарантаваны канстытуцыяй 1997 года, аднак у апошні час ён прыкметна размыты на справе. Наступ на свабоду слова, праз звальненні і напады на журналістаў, ціск на судовую сістэму і заяўлены Пекінам прынцып, што суддзі «павінны любіць краіну», насаджэнне дзяржідэалогіі ў школах — і вось зараз невыкананне абяцання аб выбарах — прымушаюць ганконгцаў думаць, што тая будучыня, на якую яны прывыклі разлічваць, будзе адабраная ў іх, і іх горад назаўжды страціць тое, што робіць яго такім асаблівым і прывабным.

rojl_u_logo.jpg

Рой Ліу

Удзельнік руху Рой Ліу (28 гадоў) кажа: «У апошніх распараджэннях урада — ні слова пра ўсеагульнае выбарчае права. Улада (кіраўніка адміністрацыі Ганконга) Лян Чжэньіна жудасная, а ён паводзіць сябе як тыран. Дзеянні паліцыі ў нядзелю былі неапраўдана жорсткія. Прынцып «адна краіна, дзве сістэмы» больш не існуе. Знікае свабода слова. Грамадзяне Ганконга зараз адчуваюць, што іх правы, месца ў свеце і каштоўнасці патаптаныя. Таму мы мірна выказваем нашыя жаданні».

Кэці Люнг (30 гадоў) супрацоўніца міжнароднай кампаніі адзначае: «Напэўна, нам наўрад ці ўдасца дамагчыся дэмакратыі і свабодных выбараў ад Пекіна. Але нягледзячы на гэта мы ўсё роўна павінны выказаць сваё меркаванне, нават калі гэта асуджаны на няўдачу».

Па ўсіх прыкметах Пекін, у якім толькі што адбылася нябачаная з часоў Мао кансалідацыя ўлады ў руках галоўнага лідара, не мае намераў саступіць. Чуткі пра ўжыванне рэгулярнай арміі Кітая супраць дэманстрантаў напаўняюць горад трывожным пачуццём, што падзеі на на плошчы Цяньаньмэнь могуць паўтарыцца.

Сяргей Кароль, Ганконг, спецыяльна для "Новага часа"