Гары Потэр і незалежнасць Шатландыі

Аўтар сагі пра Гары Потэра выпісала чэк на мільён фунтаў для грамадскай ініцыятывы «Bitter Together». Публічная падтрымка Джаан Роўлінг кампаніі супраць незалежнасці Шатландыі выклікала неадназначную рэакцыю брытанскага грамадства. 



dsc02219.jpg

Грамадская ініцыятыва «Bitter Together» агітуе шатландцаў выказацца супраць незалежнасці на восеньскім рэферэндуме. Матывам для Джаан стала перш за ўсё агрэсіўная прапаганда прыхільнікаў незалежнасці. На днях Роўлінг, якая жыве ў Эдынбургу, атакавалі мясцовыя нацыяналісты, якія пачалі даставаць яе пытаннямі пра яе паходжанне. Як вядома, Джаан нарадзілася ў Англіі, хаця яе маці мае шатландскія карані. Гэты інцыдэнт і падштурхнуў Роўлінг заняцца палітыкай. 
Сваю пазіцыю Джаан тлумачыць рызыкай, якая можа ўзнікнуць пасля выхаду Шатландыі са складу Вялікабрытаніі. Увогуле, сама ідэя выхаду з’яўляецца, на яе думку, «глабальнай гістарычнай памылкай». «Калі мы пойдзем ад Вялікабрытаніі, у нас не будзе магчымасці вяртання. Гэты падзел не будзе хуткім і чыстым: нам прыйдзецца мікрахірургічна расхлёбваць тры стагоддзі цеснай узаемасувязі», — лічыць пісьменніца. Пры гэтым Роўлінг падкрэслівае, што асабіста нічога супраць Шатландыі не мае, лічыць яе ўнікальным і прыгожым краем, дзе ёй вельмі ўтульна. 
Некаторыя славутыя персоны таксама падтрымлівалі кампанію супраць незалежнасці, аднак іх удзел быў больш сціплы. Напрыклад, вядомы экс-трэнер «Манчэстер Юнайтэд» Алекс Фергюсан абмежаваўся чэкам у 500 фунтаў.  
Грамадства актыўна каментуе ўчынак Роўлінг. Актывісты фонду «Yes Scotland», які заклікае галасаваць за незалежнасць, выказалі «расчараванне ўчынкам Джаан» і прапанавалі ёй пісаць кніжкі, а не лезці ў палітыку. У сацыяльных сетках разгарнулася сапраўдная вайна супраць Роўлінг. Некаторыя нацыяналісты нават заклікаюць да байкоту твораў пісьменніцы. Мелі месца і больш брутальныя заклікі. 15 чэрвеня паліцыя Эдынбургу ледзь не завяла справу з прычыны з’яўлення ў сацсетках постаў з пагрозамі расправы над Роўлінг.


Аднак больш цікавым быў адказ часткі лонданскіх левых інтэлектуалаў і дэмакратаў. Яны выступілі з правакацыйным тэзісам — місія кожнага сапраўднага англійскага дэмакрата заклікаць людзей галасаваць за незалежнасць Шатландыі. Шатландская незалежнасць — адзінае, што можа змяніць Англію пазітыўна. 


На іх думку, шатландская незалежнасць будзе спрыяць захаванню сацыяльных стандартаў на Брытанскіх астравах. Як вядома, дзве дамінуючыя партыі ў шатландскай палітыцы — нацыяналісты і лейбарысты — прытрымліваюцца левых поглядаў. У выпадку абвяшчэння незалежнасці і стварэння самастойнага шатландскага парламента, гэта будзе самы левы парламент у Еўропе. Аднак куды важней тое, што выканаўчыя структуры такога парламенту змогуць праводзіць сацыяльна-эканамічную палітыку, кантрастную той, што праводзіць цяпер Лондан. 
Нават у межах існуючай зараз не вельмі шырокай аўтаноміі Шатландыя намагаецца захоўваць, а не дэмантаваць сацыяльную падтрымку, як гэта робіць кансерватыўны кабінет Дэвіда Кэмерана. Так, на Поўначы захавалі мадэль бясплатнага навучання ў ВНУ. У выпадку абвяшчэння незалежнасці, Шатландыя будзе на першым месцы ў свеце па колькасці людзей з вышэйшай адукацыяй. Сёння 45 працэнтаў шатландцаў ва ўзросце з 22 да 64 год маюць універсітэцкі дыплом або вучацца ва ўніверсітэтах (другія — люксембуржцы і фіны з 40 працэнтамі). Гэты факт ужо выклікаў дэбаты ў Англіі за вяртанне да сістэмы бясплатнай адукацыі.  

Тое ж самае тычыцца і грамадзянскіх правоў. Ужо сам рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі з’яўляецца сімвалам таго, што людзі могуць дабівацца мірным шляхам змены дзяржаўных інстытутаў. Эксперты прагназуюць, што дэкларацыя аб суверэнітэце Шатландыі адразу ўзрушыць палітычныя працэсы ў Англіі.


Як мінімум, уздымуцца рэгіёны, якія будуць патрабаваць пашырэння сваіх паўнамоцтваў. Таксама не выключана, што англічан зацікавіць канстытуцыйны працэс у незалежнай Шатландыі. Алекс Салмонд, старшыня шатландскага ўраду, ужо паабяцаў, што канстытуцыя Шатландыі будзе першым у свеце асноўным законам, напісаным калектыўна праз інтэрнэт. Пра такую дэмакратыю англічане могуць толькі марыць. 
Джаан Роўлінг
Як сведчыць статыстыка, 63 працэнты ўсіх прыхільнікаў незалежнасці ў Шатландыі складаюць жанчыны. У рэгіёне нават дзейнічае шырокая грамадская кааліцыя «Жанчыны за незалежнасць». Паводле дакументаў арганізацыі, незалежнасць будзе спрыяць развіццю сістэмы аховы дзяцей і маці, дазволіць пазбавіцца ад лакальных брытанскіх вайсковых баз, на якіх знаходзіцца атамная зброя. Актыўнасць жанчын у Шатландыі таксама звязваюць з харызматычнай фігурай Ніколы Старжыон, намесніцы старшыні ўраду і галоўнага кандыдата ў пераемнікі Алекса Салмонда.  Нарэшце, незалежная Шатландыя, якая арыентуецца на ўступленне ў Еўрасаюз, можа дапамагчы Англіі захаваць еўрапейскую перспектыву. Зараз Англію захлынула хваля шавінізму і еўраскептыцызму, следствам чаго можа быць рэферэндум аб выхадзе Вялікабрытаніі са складу ЕС. Вопыт Шатландыі, якая застанецца ў ЕС, можа пераканаць брытанцаў у неабходнасці еўраінтэграцыі. 
Застаецца праблема нацыяналізму, які можа набываць рэакцыйныя формы. Аднак, як прызнае большасць экспертаў, у тым ліку вядомы левы філосаф і крытык нацыяналізму Ноам Хомскі, шатландскі нацыяналізм мае хутчэй тэрытарыяльны характар. Ключавой ідэяй шатландскай незалежнасці з’яўляецца права на народны суверэнітэт. 
Нагадаем, рэферэндум 18 верасня 2014 года. Пакуль што праціўнікаў незалежнасці Шатландыі на 6 працэнтаў больш, чым прыхільнікаў.