Зварот Руху «За Свабоду» да беларускай арміі
У сувязі з падзеямі ва Украіне, Рух «За Свабоду» занепакоіўся наконт маральна-патрыятычнага стану беларускага войска. Ці гатовае яно абараняць беларускую незалежнасць?
![bielaruskajie_vojska.jpg bielaruskajie_vojska.jpg](/img/v1/news/full/bielaruskajie_vojska.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Сяргея Гудзіліна
Крывавыя падзеі ва Украіне выклікаюць ў беларусаў непакой і трывогу. Ніхто не хацеў бы, каб на нашай беларускай зямлі ішла братазабойчая вайна або нехта імкнуўся праз сваіх дыверсантаў падзяліць
і акупаваць нашу Беларусь.
Беларусы - мірныя людзі, але ў крытычныя моманты трэба быць гатовым выйсці шчыльнымі радамі супраць агрэсара, каб бараніць мір, тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць нашай краіны.
Мы лічым патрэбным неадкладна прыняць новую канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, скіраваную на ўлічванне новых пагрозаў і рызыкаў для Беларусі і яе дзяржаўнасці. Павінна быць прынятая новая праграма
дзеянняў з прыярытэтам у разуменні абароны Айчыны як абароны менавіта незалежнай Беларусі. Належыць прыняць праграму сапраўднай беларусізацыі нашай арміі. Варта пашыраць выкладанне сапраўднай
беларускай гісторыі ў вайсковых вучэльнях і частках, трэба выхоўваць беларускіх вайскоўцаў на ўчынках не толькі герояў Вялікай Айчыннай вайны, але і іншых гістарычных постацях кшталту
Усяслава Полацкага, вялікіх князёў Альгерда і Вітаўта, Канстанціна Астрожскага, Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся
Каліноўскага. Дзяржаўная беларуская мова павінна шырэй і рэгулярна выкарыстоўвацца камандным і афіцэрскім складам падчас урачыстых мерапрыемстваў, вучэнняў, штодзённай дзейнасці. Сапраўднае
беларускае войска павінна спяваць і маршыраваць пад беларускія песні.
Мы заклікаем армейскае кіраўніцтва скіраваць выхаванне ваеннаслужачых у бок беларускага патрыятызму і гатовыя прапанаваць сваю дапамогу, напрыклад, у выглядзе адпаведных інфармацыйных матэрыялаў
і адукацыйных сустрэчаў.
Мы заклікаем моладзь прызыўнога ўзросту і дзейных вайскоўцаў браць прыклад з лепшых сыноў-абаронцаў Бацькаўшчыны, каб вокліч “Служу Рэспубліцы Беларусь!” быў напоўнены глыбокім
патрыятычным сэнсам.
Прэс-служба Руху “За Свабоду”