Германія падала на Італію ў Міжнародны суд ААН

Паміж дзвюма краінамі працягваюцца спрэчкі наконт кампенсацый за нацысцкія злачынствы. Германія лічыць спрэчку ўрэгуляванай і спасылаецца на папярэдняе рашэнне суда.

На месцы расправы нацыстаў над мірнымі жыхарамі ў Італіі ў 1944 годзе

На месцы расправы нацыстаў над мірнымі жыхарамі ў Італіі ў 1944 годзе

Германія падала на Італію ў Міжнародны суд ААН у Гаазе ў сувязі з канфліктам вакол выплаты кампенсацый за нацысцкія злачынствы, учыненыя ў гады Другой сусветнай вайны. Федэратыўная рэспубліка абвінавачвае Італію ў тым, што тая, насуперак рашэнню Міжнароднага суда ААН ад 2012 года, дапусціла супраць Германіі новыя працэсы па справе аб кампенсацыях (не менш за 25 іскаў, у 15 з іх рашэнне вынесена на карысць пазоўнікаў).
Вышэйшы суд ААН дзесяць гадоў таму вынес па выніках працяглага разгляду рашэнне, паводле якога Германія не павінна выплачваць індывідуальныя кампенсацыі інтэрнаваным і іншым ахвярам нацызму ў Італіі. Тым самым Міжнародны суд пацвердзіў прынцып дзяржаўнага імунітэту, паводле якога судовыя рашэнні, вынесеныя ў Італіі на карысць прыватных пазоўнікаў, з'яўляюцца несапраўднымі.

Пазіцыя Германіі ў судзе

Урад Германіі аргументуе сваю пазіцыю тым, што пытанні кампенсацый ужо ўрэгуляваныя ў рамках міждзяржаўных пагадненняў па выніках Другой сусветнай вайны. У 2008 годзе ФРГ звярнулася ў Міжнародны суд ААН, каб устанавіць, ці сумяшчальныя з нормамі міжнароднага права вынесеныя ў Італіі судовыя рашэнні, якія абавязваюць Германію да выплаты індывідуальных кампенсацый.
Гэтыя рашэнні распаўсюджваюцца на злачынствы, учыненыя паміж вераснем 1943 і траўнем 1945 года ў перыяд нацысцкай акупацыі Італіі.
Прыгаворы Міжнароднага суда маюць абавязковую сілу. У той жа час суд ААН не мае інструментаў, каб забяспечыць выкананне вынесеных ім рашэнняў.
dw.com