Гістарычная палітыка Расіі: сталінскія рэпрэсіі

Гісторык Зміцер Віцько піша пра змену стаўлення да сталінскіх рэпрэсій у Расіі.

179e93aebe179babd94c405fa50b645a.jpg


Калі кажуць пра змены ў расійскай гістарычнай палітыцы ў плане стаўлення да сталінскіх рэпрэсій, то ў першую чаргу згадваецца справа гісторыка Юрыя Дзмітрыева, кіраўніка карэльскага аддзялення таварыства “Мемарыял”, які адкрыў у Карэліі месцы растрэлаў вязняў Беламорска-Балтыйскага і Салавецкага лагероў, самае значнае з якіх – урочышча Сандармох, дзе былі растраляныя ад 7,5 да 9,5 тыс. чалавек, а таксама апублікаваў спісы растраляных.
У 2016 г. ён быў арыштаваны і яму былі выстаўлены абвінавачанні ў захоўванні зброі, разбэшчванні малалетняй (прыёмнай) дачкі і вырабе дзіцячай парнаграфіі. Доказы па апошнім эпізодзе былі здабытыя шляхам пранікнення ў жыллё ў адсутнасць гаспадароў. Сам Дзмітрыеў тлумачыў, што баяўся, каб у яго не забралі дачку і рабіў здымкі, каб мець магчымасць у выпадку чаго пацвердзіць яе фізічны стан. Прычым размова ішла пра некалькі здымкаў з больш чым сотні. Такое тлумачэнне можа падацца дзіўным, але абвінавачаны наогул быў чалавекам своеасаблівым. У выніку экспертыза не знайшла там прыкмет парнаграфіі, і ў 2018 г. Дзмітрыеў па гэтай справе быў апраўданы. Але ў тым жа годзе апраўдальны прыгавор быў адменены вышэйшым судом і была ўзбуджана новая справа – наконт гвалтоўных дзеянняў у дачыненні дачкі, па якой яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Што вялікі тэрмін можа быць цалкам рэальным, сведчыць яшчэ адна справа, узбуджаная ў тым жа 2018 г. у Карэліі супраць Сяргея Калтырына, дырэктара Мядзвежагорскага музея і галоўнага наглядчыка мемарыяльнага комплекса “Сандармох”. Ён абвінавачваўся ў распусных дзеяннях у дачыненні да непаўналетняга, здзейсненых групай асобаў, і таксама ў незаконным захоўванні зброі. Разам з ім быў затрыманы яго знаёмы. Пры гэтым хтосьці з іх даў прызнальныя паказанні. У выніку Калтырын быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі.
Але гэта толькі фармальны бок. Ёсць у гэтых справах і грамадскі фон, які заключаецца ў тым, што адначасова ў Карэліі пачаліся спробы перагледзець гісторыю месца, якое аб’ядноўвае двух фігурантаў. Спачатку з’явіліся публікацыі і заявы асобных карэльскіх гісторыкаў, што ў Сандармоху пахаваныя не толькі савецкія вязні, але і растараляныя фінамі падчас вайны савецкія ваеннапалонныя (версія падазрона нагадвае спробы перагледзець гісторыю Курапатаў). Потым у асобных публікацыях іх колькасць стала большай за колькасць савецкіх вязняў. Версію з савецкімі ваеннапалоннымі актыўна адстойвае “Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства”, старшынёй якога з’яўляецца міністр культуры РФ Уладзімір Мядзінскі. У 2018 г. таварыства, па ўсёй верагоднасці, без адпаведных дазволаў правяло ў Сандармоху раскопкі з мэтай знайсці растраляных палонных, і на яго думку, гэтая спроба з першага разу аказалася паспяховай. Сяргей Калтырын, хаця і не падтрымліваў гэтую версію, вымушаны быў супрацоўнічаць з капальнікамі і ўжо тады заяўляў, што баіцца паўтарыць лёс Дзмітрыева. А ўжо праз месяц быў арыштаваны. Усе гэтыя супадзенні выглядаюць даволі злавесна і, незалежна ад таго, ці былі да гэтага нейкія падставы, ці гэта проста правакацыя, відавочна адно – што вакол месца пахаванняў ідзе зацятая барацьба.
Тут трэба адзначыць, што ў Расіі існуе даволі шмат мемарыяльных комплексаў і музеяў палітычных рэпрэсій, пачынаючы ад Дзяржаўнага музея гісторыі ГУЛАГа ў Маскве, адчыненага ўжо пры Пуціне. Створана Асацыяцыя музеяў памяці, якая аб’ядноўвае 33 музеі.
Прызнаемся шчыра, штосьці падобнае складана ўявіць сабе сёння ў Беларусі. Адкрыццё музея палітычных рэпрэсій з’яўляецца для нас першачарговай задачай. А наведванне яго ў старэйшых класах, падобна да таго, як гэта адбываецца з Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, павінна стаць абавязковай прышчэпкай у юнацкім узросце ад крайне левых ідэй.
Тое, што расійская дзяржава бярэ ўдзел ва ўшанаванні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, прызнаюць і падпісанты ліста ў падтрымку Дзмітрыева (больш за 200 дзеячоў навукі і культуры).
Акрамя выканання дзяржавай узятых на сябе абавязкаў, спрабуе сябе ў гэтай сферы і РГВА Мядзінскага. Вынік можна пабачыць непасрэдна паблізу беларускай мяжы – каля в. Катынь пад Смаленскам.
Зміцер Віцько, gazeta.arche.by