Гномы Кім Чэн Ына

Калі верыць некаторым публікацыям, вынаходніцтвам паўночных карэйцаў у магчымым канфлікце з ЗША стане падземная вайна. Усе, хто ў свядомым узросце застаў перыяд «халоднай вайны», напэўна, памятаюць істэрыку савецкай прапаганды вакол фільму «Чырвоны ўсход». Амерыканская стужка, якая пабачыла свет у 1984 годзе, распавядае пра маладых партызан у акупаваных Саветамі Злучаных Штатах.



1320779314_103.jpg

У мінулым годзе на экраны выйшаў рымейк культавай карціны з невялікай розніцай. Ролю інтэрвентаў у ЗША на гэты раз выконваюць паўночныя карэйцы. Армія КНДР ставіць на калені янкі з дапамогай суперзброі — апарату, які дазваляе нейтралізаваць усю электронную апаратуру праціўніка.

 

Напэўна, тэма гэтага апарату — самы слабы момант фільму. Больш праўдзівай выглядала б цуда-рыдлёўка. Справа ў тым, што паўночныя карэйцы дабіліся вялікіх поспехаў у стварэнні падземнай інфраструктуры, якая, на іх думку, дапаможа лёгка перамагчы Сеул і яго амерыканскіх саюзнікаў.

 

Каб зразумець канцэпцыю падземнай вайны, трэба ўзгадаць асаблівасці тэатру магчымых вайсковых дзеянняў. Ландшафт — горны рэльеф, складаная перасечаная мясцовасць з наяўнасцю значнай колькасці папярочных водных перашкод — па сутнасці, адразу абмяжоўвае атакуючым свабоду выбару і прымушае, так ці інакш, рухацца па загадзя вядомых суперніку напрамках. Такім чынам, любімай амерыканцамі манеўранай вайны, накшталт апошняй іракскай кампаніі, не будзе. Як мінімум, на пачатковым этапе вайны давядзецца прарываць падрыхтаваную абарону на некаторых участках. Акрамя таго, летам для КНДР характэрны так званы «сезон дажджоў» — у гэтых умовах, сапраўды, эфектыўнае прымяненне сучасных сродкаў разведкі і ўдараў, акрамя як па загадзя выяўленых буйных стацыянарных аб’ектах, як гэта было ў Лівіі ці Іраку, папросту нерэальнае.

 

Нічога не свеціць і амерыканскаму марскому дэсанту, хаця краіна абмываецца Жоўтым морам на захадзе і Японскім — на ўсходзе. Карэйская Народная Армія (КНА) яшчэ ў гады Карэйскай вайны зразумела, што такое дэсант у неабаронены тыл — дзякуючы такому дэсанту амерыканцы разблакавалі абкружаны Кім Ір Сэнам Сеул, які быў на мяжы падзення. Яшчэ ў мірны час з 1960-х гадоў многія ўчасткі ўзбярэжжа абсталявалі міннымі загародамі, уздоўж берага размешчаны значныя вайсковыя кантынгенты. Такім чынам, без размініравання акваторый пра класічны марскі дэсант можна адразу забыцца, а ліквідацыя паўнавартасных мінных загарод нават ад марскіх мін 1940-х гадоў і сёння патрабуе некалькіх тыдняў.

 

Праўда, яшчэ застаецца авіяцыя, якая можа метадычна разбіць тылавую інфраструктуру КНДР, выклікаць хаос у кіраванні і ў выніку аслабіць перадавыя часткі. Вось тут і ўступае сілу той самы фактар нетрывіяльнага бачання паўночнымі карэйцамі вядзення будучай вайны.

 

Лепшай абаронай ад бомбаў з’яўляецца падземная інфраструктура КНДР, дакладныя памер і параметры якой не вядомыя. Варта ўзгадаць, што ў ваенных КНДР яшчэ з Карэйскай вайны застаўся па-сапраўднаму паспяховы вопыт пазіцыйнай абароны з высокай роляй падземных збудаванняў. Менавіта ваенныя інжынеры з КНДР дапамагалі саюзнікам у В’етнаме яшчэ ў 1954 годзе ў выкарыстанні падземных збудаванняў у барацьбе з тэхналагічна лепш падрыхтаванымі супернікамі — французамі. Спатрэбіліся кансультанты з КНДР і ў гады В’етнамскай вайны. Ёсць звесткі, што для дапамогі ў праектаванні падземных збудаванняў карэйцаў запрашала кіраўніцтва ісламскай арганізацыі «Хізбала», якая кантралюе сектар Газа. Так што ў чым у КНДР дакладна добрыя спецыялісты, дык гэта ў будаўніцтве разнастайных падземных бункераў.

 

Прычым выкарыстоўваюць іх не толькі, каб хаваць асабісты састаў і тэхніку на перадавой. У глыбокім тыле выкапаныя аб’екты вайсковай прамысловасці, якія падчас вайны здольныя забяспечыць узброеныя сілы ўсім неабходным.

 

На пачатку 2000-х гадоў у адкрытым друку сцвярджалася, што, паводле ацэнак замежных спецыялістаў, у КНДР пабудавана больш за 8 000 падземных бункераў, а таксама 527 кіламетраў падземных тунеляў. Ёсць ацэнкі, якія даюць лічбу ў 12 000 бункераў. Глыбіня многіх бункераў складае 40–70 метраў, глыбіня залягання камандных цэнтраў — 300 метраў.

 

То бок, вялікую частку часу сухапутныя сілы КНА проста могуць знаходзіцца на дастатковай глыбіні, наогул не з’яўляючыся ў зоне дзеяння разведкі і зброі праціўніка. Каб знішчаць іх, трэба патрапіць спецыяльнымі бомбамі ў асобныя ўразлівыя элементы камунікацый гэтых самых збудаванняў.

 

Аднак рыдлёўкі былі патрэбныя не толькі, каб перасядзець налёт варожай авіяцыі. На думку экспертаў, існуе магчымасць манеўру КНА па падземных камунікацыях. Яшчэ Кім Ір Сэн лічыў, што «адзін тунель эфектыўней за дзесяць атамных бомбаў». З гэтай мэтай паўночнікі даўно таемна рылі праходы пад дэмілітарызаванай зонай з разлікам нечакана атакаваць Сеул.

 

Час ад часу такія тунэлі сапраўды знаходзілі. Першы быў знойдзены ў лістападзе 1974 года. Яго даўжыня — каля 3,5 кіламетраў, а цягнецца ён кіламетр на поўдзень ад дэмаркацыйнай лініі. Тунэль уяўляе сабой калідор шырынёй 0,9 метра і вышынёй 1,2 метра, абліцаваны жалезабетоннымі плітамі. У ім пракладзеныя рэйкі для ваганетак, праведзена электрычнае асвятленне. Праз тунэль за 1 гадзіну можна перамясціць падраздзяленне з 30 тысяч чалавек. Выйсце з тунэля размешчана ў 65 кіламетрах ад Сеула. Пасля падобныя тунэлі знаходзілі яшчэ тры разы. Апошні — у 1990 годзе.

 

Улічваючы, што вайна, з пункту гледжання стратэгаў Пхеньяна, будзе татальнай, паколькі ў ёй будзе пастаўлена пытанне аб самім існаванні кіруючага рэжыму і дзяржавы КНДР, асноўны акцэнт будзе зроблены на магчымасць нанясення суперніку як мага большых страт з мэтай прымусіць яго адмовіцца ад далейшых дзеянняў.

 

Вось такая, калі верыць некаторым спецыялістам, канцэпцыя пераможнай падземнай вайны, распрацаваная генштабам КНДР. Праўда, у яе ёсць відавочныя слабыя месцы. Нават за кошт цуда-тунэляў паўночныя карэйцы наўрад змогуць доўга ўтрымліваць атакуючую ініцыятыву і будуць вымушаны перайсці да абароны. І хаця КНА можа нанесці праціўніку пэўную шкоду, аднак, паводле разлікаў спецыялістаў, больш, чым 30 дзён, з улікам дэфіцыту паліва, ёй не пратрымацца. Такім чынам, для адносна «лёгкай» перамогі над КНДР трэба толькі знішчыць артылерыйскія пазіцыі, якія пагражаюць грамадзянскаму насельніцтву Паўднёвай Карэі, а таксама ракетны патэнцыял і ядзерную зброю КНДР. Пасля гэтага можна не спяшацца, бо час пачне працаваць супраць Кім Чэн Ына.

 

Такі варыянт вайны быў бы аптымальным для ЗША, паколькі ён мае адну важную перавагу — КНДР пакуль не здольная даставіць ядзерны фугас на тэрыторыю Злучаных Штатаў, над чым у Паўночнай Карэі актыўна працуюць. Акрамя таго, вайна ў КНДР можа прадухіліць вайну ў Іране. Урок КНДР, быццам, дапаможа Тэгерану зірнуць у твар рэальнасці. Нарэшце, Кім Чэн Ын са сваімі вар’яцкімі выхадкамі, накшталт абвяшчэння вайны Сеулу, дае Вашынгтону прымальнае апраўданне ў вачах грамадскасці. Не дарма, як жартуюць некаторыя на Захадзе, «Кім Чэн Ын — гэта Божы падарунак».