Хочаш замуж — насі паранджу!

Рашэнне ўладаў шэрагу еўрапейскіх краін забараніць жанчынам насіць паранджу і хіджаб выклікала цікавыя дэбаты ў ісламскіх краінах. Прапануем агляд інтэрнэт-форумаў Сярэдняй Азіі на тэму стаўлення да нашэння паранджы.

Нагадаем, што вясной гэтага года парламент Бельгіі прыняў закон, які разглядае нашэнне паранджы крымінальным злачынствам. Пазней аналагічны закон быў прыняты ў суседняй Францыі. Зараз яшчэ ў некалькіх краінах (Іспанія, Аўстрыя, Швейцарыя) уплывовыя палітычныя сілы заклікаюць пайсці шляхам бельгійцаў і французаў.



765d5fb115a9f6a3e0b23b80a5b2e4c4.jpg

Рашэнне ўладаў шэрагу еўрапейскіх краін забараніць жанчынам насіць паранджу і хіджаб выклікала цікавыя дэбаты ў ісламскіх краінах. Прапануем агляд інтэрнэт-форумаў Сярэдняй Азіі на тэму стаўлення да нашэння паранджы.
Нагадаем, што вясной гэтага года парламент Бельгіі прыняў закон, які разглядае нашэнне паранджы крымінальным злачынствам. Пазней аналагічны закон быў прыняты ў суседняй Францыі. Зараз яшчэ ў некалькіх краінах (Іспанія, Аўстрыя, Швейцарыя) уплывовыя палітычныя сілы заклікаюць пайсці шляхам бельгійцаў і французаў.
У сярэдняй Азіі таксама існуе праблема ісламскага жаночага адзення. Улады разглядаюць паранджу, хіджаб як праяву ісламізацыі грамадства. Ва Узбекістане і Таджыкістане ўжо прынятыя законы, якія забараняюць нашэнне паранджы ў публічных месцах. Праваабаронцы кажуць, што на цяперашні дзень у тым жа Узбекістане за кратамі аказаліся тысячы паслядоўнікаў нефармальных мусульманскіх арганізацый, сярод якіх ёсць шмат жанчын. Некаторыя з іх, па словах экспертаў, пакараныя за тое, што прытрымліваліся кансерватыўных канонаў ісламу ў адзенні.
Так ці інакш, працэсы ў Еўропе актуалізавалі пытанне, як грамадзянам рэспублік Сярэдняй Азіі ставіцца да нашэння паранджы.
Парадаксальна, аднак, калі меркаваць па дэбатах, большасць з карыстальнікаў папулярных інтэрнэт-форумаў Сярэдняй Азіі вітае жаночую моду на паранджу і хіджаб.
Перш за ўсё, гэта перакананыя вернікі: «Твая жонка, дочкі і сёстры няхай ходзяць напалову аголенымі, няхай радуюць вока чужынцаў, — піша нехта Саід. — А мы, мусульмане, не жадаем, каб на нашых жанчын нехта пяліў вока і крыўдзіў словам і справай. Бог патрабуе ад жанчын пакрываць свой твар».
Аднак значна больш у лагеры прыхільнікаў паранджы абаронцаў маралі. Людзей, якія лічаць, што паранджа стане дамбай на шляху дэградацыі нораваў. «Калі нашы дзяўчыны ходзяць напалову аголенымі, з 15 гадоў п’юць, паляць — гэта нармальна. А калі дзяўчына апранула хустку, то гэта «дзікія традыцыі арабаў» (Азаль).
Для шмат каго паранджа — гарантыя моцных сямейных вузаў. Нехта Азнар піша: «Я сам вельмі раўнівы чалавек і не жадаю, каб мужчына глядзеў на маю жонку. Таму хацеў бы, каб мая другая палова была ў хіджабе. У мяне ў такім разе душа спакойная і ў сям’і ціха». Да пазіцыі Азнара блізкая думка жанчыны, якая адзначае: «Як жа часам хочацца апрануць нешта чорнае. Каб ніхто не глядзеў на цябе. Гэта ўсё з-за вас, мужыкі».
Ёсць у гэтай фракцыі і эстэты: «Мне дзяўчыны ў доўгіх спадніцах здаюцца больш прыгожымі, чым тыя, хто ходзіць у вузкіх джынсах кітайскай вытворчасці. Як надакучылі гэтыя гёрлы ў абцяжку».
Права на нашэнне хіджаба таксама звязваюць з правамі чалавека. «Забараняць насіць хіджаб — гэта парушэнне права чалавека на свабодны выбар адзення. Каму можна перашкодзіць хіджаб? Чыё права парушаецца, калі мусульманка ходзіць на вучобу ў хіджабе?» — пытаюцца некаторыя наведвальнікі форума.
Аднак не ўсе думаюць так. Самыя арыгінальныя праціўнікі хіджаба — гэта тутэйшыя нацыяналісты, якія бачаць у хіджабе элемент чужынскай арабскай культуры. Казахскі блогер пад мянушкай Мусульманін сцвярджае: «Вельмі кепска, што ў Казахстане расце колькасць дзяўчат у хіджабах і нават паранджах. Гэта супярэчыць нашым гістарычным караням. Казахскія жанчыны ніколі не былі «забітыя» і мелі правы. Гэта чужыя практыкі, якія вязуць нам барадатыя місіянеры. Сорамна, што нас абалваньваюць і імпартуюць нам не звыклыя для качэўнікаў каштоўнасці».
Касцяк праціўнікаў ісламскіх канонаў адзення складаюць скептыкі. Яны не вераць, што шматок тканіны — панацэя ад заняпаду маралі. Адзін з іх, блогер «Алма-Ата», палемізуе са сваім апанентам: «Ты думаеш, што калі жанчыны апрануць паранджы, не будзе парнаграфіі? Можна хоць тройчы ў дыван захінуцца і пры гэтым заставацца распушчанай. Звычайнае ханжаства і крывадушнасць. Вось гэта дрэнна».
Часам на форумах можна сустрэць людзей, якія баяцца, што хіджаб — гэта фрагмент радыкальнага ісламу. Юсуп піша: «Вельмі мяне стала палохаць усё большая колькасць людзей на вуліцах з характэрнымі бародкамі ў цюбецейках і дзяўчыны ў хіджабах і доўгіх сукенках. Так, глядзіш, і да экстрэмізму дабяжым. Хто б і што ні казаў, але ў наш час іслам, прынамсі яго немалая частка, вельмі па-экстрэмісцку ставіцца да навакольнага свету».
Знайшліся ў гэтай спрэчцы нават аматары кампрамісу. Іх прапанова вельмі арыгінальная: «Ва ўсім трэба быць памяркоўнымі. Не трэба паранджы. Няхай проста носяць сукенкі ніжэй кален» (Ахмед).
Увогуле, цалкам магчыма, што праблема паранджы абсалютна штучная. Папросту, закрываючы твар, у дзяўчат больш шансаў выйсці замуж. Вось што піша адна жыхарка Ташкенту: «Я сама стала сведкай таго, як сярод мужчын расце попыт на дзяўчат у хіджабе. Калі 14-гадовая дзяўчына носіць хіджаб, да яе пачынаюць сватацца, пытаць бацькоў, калі аддадуць яе замуж. Дзяўчат у хіджабе выдаюць замуж маладымі. Напрыклад, у маім атачэнні шмат незамужніх дзяўчат, якія не носяць хіджаб. Аднак, калі бачыш на вуліцы дзяўчыну ў хіджабе, нельга думаць, што яна абавязкова перакананая мусульманка. Паколькі магла апрануць хіджаб толькі для таго, каб выйсці замуж».
З усяго гэтага зразумела толькі адно (і ў гэтым пагаджаюцца прадстаўнікі абодвух лагераў) — тэндэнцыя хадзіць у хіджабе мае ўстойлівы рост, што, у сваю чаргу, ёсць наступства росту ў рэгіёне ўплыву ісламу. А іслам у аўтарытарных краінах Сярэдняй Азіі — часам адзіная надзея на нешта новае, справядлівае і лепшае.