«Голад, чума і жорсткае абыходжанне нішчаць нават адважных і моцных людзей»
Бразілія 8 красавіка прынесла ўрачыстыя прабачэнні карэнным народам за зверствы, здзейсненыя падчас дыктатуры.
60 гадоў таму ў ноч на 31 сакавіка 1964 года бразільскія вайскоўцы зрынулі законнага прэзідэнта краіны ў выніку бяскроўнага дзяржаўнага перавароту. Пачалася эра дыктатуры, якая працягнулася больш за два дзесяцігоддзі. Бразілія павернецца да дэмакратыі толькі ў 1985 годзе.
Аднак расследаванне злачынстваў дыктатуры зацягнулася праз слабыя дэмакратычныя інстытуты. Толькі ў 2014-м пасля заслухоўвання пацярпелых і сведкаў і правядзення публічных слуханняў адпаведная Камісія апублікавала афіцыйнае заключэнне аб злачынствах вайсковых.
У дакладзе гаворыцца, што ваенны рэжым нясе адказнасць за 434 забітых і зніклых без вестак людзей. А таксама дакументальна пацвярджае сістэматычную практыку адвольных затрыманняў, катаванняў, пакаранняў смерцю і гвалтоўных знікненняў. Названы імёны 377 непасрэдных удзельнікаў рэпрэсій. Раней закон аб амністыі вызваліў ад турэмнага зняволення і рэабілітаваў тысячы палітычных вязняў. А адзін з самых сумнавядомых цэнтраў катаванняў у Сан-Паўлу сёння пераўтвораны ў цэнтр Мемарыялу супраціўлення.
Асобным кірункам расследавання сталі шматлікія злачынствы, што былі здзейснены бразільскімі дзяржаўнымі чыноўнікамі супраць карэнных народаў краіны. Камісія не ўключыла індзейцаў у афіцыйную колькасць забітых дыктатурай, але зафіксавала, што 8350 абарыгенаў сталі ахвярамі рэпрэсій.
Вельмі дапамагла працы камісіі т.зв. «Справаздача Фігейрэда». Яе склаў у канцы 60-х гадоў пракурор Хадэра дэ Фігейрэда (Jader de Figueiredo), якому ўлады даручылі падрабязна апісаць дзейнасць дзяржаўнага агенцтва «Служба абароны індзейцаў» (SPI). Пракурор у тым ліку апісаў злоўжыванні службы, якая была створана для паляпшэння ўмоў жыцця карэнных абшчын, але часта ператваралася ў механізм рабавання іх земляў і забойствах іх уладальнікаў.
Катаванні ў дзейнасці SPI былі самай звычайнай з'явай. Найбольш часта згаданым прыёмам для катаў быў «хобат», калі ахвяраў душылі шлангам. Альтэрнатыву «хобату» ўяўляла катаванне, калі індзейца вешалі за пальцы і збівалі.
Акрамя таго людзьмі гандлявалі як жывёламі. У дакладзе згадваецца як адзін агент SPI «набыў» у бацькі дзяўчынку, прапанаваўшы за яе нейкую драбязу. Затым збіў бацьку, калі той пачаў пратэставаць. Іншыя афіцэры прымушалі дзяцей збіваць сваіх бацькоў, братоў біць сваіх братоў і сясцёр, а жанчын прымушалі павяртацца на працу адразу пасля родаў.
Індзейцы таксама масава паміралі ад хвароб, ад якіх ім не рабілі прышчэпак, а таксама ад катаванняў і жорсткага абыходжання ў турме. Некаторыя з метадаў забойстваў былі вельмі шакавальнымі, напрыклад, індзейцам уводзілі ў кроў цукар, змяшаны са стрыхнінам або пацучыным ядам.
У дакладзе чыноўнік зроблены выснову, што адмова ў дапамозе з'яўляецца найбольш эфектыўным спосабам здзейсніць забойства. «Голад, чума і жорсткае абыходжанне нішчаць нават адважных і моцных людзей», — пісаў пракурор.
На працягу дзесяцігоддзяў лічылася, што справаздача пракурора была знішчана падчас пажару. Але, на шчасце, не. Вырашальную ролю ў тым, што бразільцы даведаліся пра жахлівыя падрабязнасці злачынстваў дыктатуры адносна карэнных жыхароў краіны, адыграла настойлівасць даследчыка Марсела Зеліча. Зелічу ўдалося знайсці «Справаздачу Фігейрэда» ў 2013 годзе ў нейкім музеі ў Рыа-дэ-Жанэйра.
Выкладзеных у працы камісіі фактаў было дастаткова, каб лічыць бразільскую дзяржаву злачынцам. Таму праз 60 гадоў пасля перавароту бразільскі ўрад афіцыйна выбачыўся перад індзейцамі ў рамках афіцыйнага мерапрыемства. У фінале цырымоніі прадстаўнік урада сказала правадырам двух плямёнаў, якія найбольш пацярпелі ад рэпрэсій у часы дыктатуры: «Я хачу папрасіць прабачэння ад імя Бразіліі. І перадаць гэтую просьбу аб прабачэннях вашым народам», — сказала яна.
Але «індзейцамі» справа не абмежавалася. Бразілія пагружана ў пакутлівы працэс прызнання сваёй віны ў самых змрочных старонках сваёй калектыўнай гісторыі. Нядаўна Банк Бразіліі прынёс прабачэнні за свой саўдзел у гандлі рабамі.