Грымасы тапанімікі

Паводле ўкраінскага закону аб дэкамунізацыі, 21 лістапада мусіла стаць апошнім днём, калі на мапах краіны прысутнічала савецкая тапаніміка. Але на самай справе так не атрымалася. Чаму буксуе тапанімічная рэформа? 



image_preview.jpg

Фота www.victoriouspobed.beon.ru

Тры працэнты ад агульнай колькасці населеных пунктаў Украіны — 871 найменне — павінны змяніць назвы ў рамках рэалізацыі закона пра дэкамунізацыю. Гэта без уліку назваў вуліц, плошчаў і нават футбольных клубаў — марыупальская каманда «Ільічэвец» таксама шукае сабе новы брэнд.

Неабходнасць закону аб дэкамунізацыі, што быў прыняты ўвесну, тлумачылі зменамі геапалітычнага вектара краіны, што лагічна звязвалі з адмовай ад савецкай спадчыны, у тым ліку тапанімікі. Саму рэформу планавалася правесці дастаткова хутка, фактычна на працягу пяці месяцаў. 

Аднак, як бачым, запланаваныя параметры не выкананыя. Галоўная прычынай, падаецца, — супярэчлівасць і недапрацаванасць рэформы. Перш за ўсё, не зразумела, што трэба пераназываць. Па закону, спіс аб’ектаў для перайменавання вызначае Інстытут нацыянальнай памяці, аднак яго дзейнасць выклікае шмат крытыкі. Так, у Кіеве пад дэкамунізацыю трапіла вуліца імя Емяльяна Пугачова. Пікантнасць сітуацыі палягае не толькі ў тым, што гэты чалавек паклаў жыццё на барацьбу з расійскім самадзяржаўем. Ён яшчэ і паходзіў з «украінскай» станіцы Зімавейскай, якая была заселеная выхадцамі з Запарожжа. Гэты факт доўга смакавалі на старонках украінскай гістарычнай і вайсковай прэсы, якую супрацоўнікі Інстытута нацыянальнай памяці, падаецца, папросту ніколі не чыталі.

Шмат смяюцца і з пункту, які патрабуе дэкамунізацыі вулічных назваў, якія звязаныя з прапагандай савецкага ладу. Але агульнавядома, што культ Тараса Шаўчэнкі быў важным інструментам для папулярызацыі камунізму ва Украіне.

Калі ў цэнтральнай Украіне тапанімічная рэформа прахо­дзіла больш-менш спакойна (у Кіеве перайменавалі 122 вуліцы), то на рускамоўных поўдні і ўсходзе краіны яе імплементацыя, як і чакалася, выклікала незадаволенне. Не кажучы пра тое, што мясцовыя адміністрацыі, дзе дамінуюць экс-рэгіяналы, таксама не гарэлі жаданнем мяняць шыльды.

Кіраўнікі адміністрацый што толькі ні прыдумляюць, каб абысці цыркуляры Інстытута нацыянальнай памяці. Напрыклад, у Адэсе тапанімічная камісія гарсавету дасюль не сабралася з-за таго, што яе старшыня знаходзіцца «на бальнічным». А кіраўніцтва суседняга Ільічэўску ўсур’ёз даводзіла Кіеву, што горад названы не ў гонар правадыра сусветнага пралетарыяту, а з-за павагі да святога Іллі. У Валнавасе помнік Чапаеву вырашылі перайменаваць у «Помнік казаку», каб, па словах прадстаўнікоў мясцовай улады, не зносіць манумент.

Далей за ўсё пайшлі аматары захавання тапанімічнай назвы «Днепрапятроўск». Яны вырашылі захаваць статус-кво праз версію, паводле якой горад названы ў гонар існуючага прэзідэнта, які, як вядома, мае імя Пётр. Цікава, што ў абарону старой назвы на днях выступіў і нядаўна абраны на пасаду мэра горада Барыс Філатаў — прадстаўнік радыкальных нацыяналістаў. Гэта адлюстроўвае новую тэндэнцыю, калі лакальныя адміністрацыі за кошт сабатажу рэформы ствараюць сабе імідж апанентаў непапулярнага цэнтральнага ўраду. 

0_3f5c1_63209499_xl.jpg

Фота www.carabaas.livejournal.com

Дадатковым фактарам стаў кепскі стан мясцовых бюджэтаў. Асабліва не хапае грошай на рэформу ў раёнаў — ахвяраў вайны.

Матэрыяльныя праблемы дэвальвуюць значэнне рэформы ў вачах насельніцтва. Сведчанне таму — вынікі інтэрнэт-апытанняў на старонках муніцыпальных сайтаў гарадоў наконт новых назваў, якія павінны шукаць адміністрацыі. Спачатку мясцовыя жыхары ставіліся да гэтых апытанняў сур’ёзна, аднак у апошні час яны ўспрымаюцца як сродак іранічнага пратэсту. Так, на сайце гораду Арджанікідзе ў выніку перамагла пазіцыя, паводле якой горад трэба назваць Нью-Ёрк.  

Тым часам супярэчлівая рэформа можна выйсці на новы этап. Стымулам стала незвычайная эпапея з перайменаванем Кіраваграду, які ў гонар расійскай імператрыцы Елізаветы яго заснавальнікі назвалі Елізаветград. Мясцовыя чыноўнікі і частка грамадскасці выступілі менавіта за такі варыянт. Аднак гэта назва, зразумела, не спадабалася нацыянальна арыентаваным грамадзянам.

Жарсці разгарэліся да такой ступені, што ў парламенце з’явіўся законапраект пра забарону надаваць геаграфічным аб’ектам назвы, якія з’яўляюцца імёнамі або псеўданімамі манархаў, дзяржаўных, палітычных, ваенных дзеячаў Расійскай імперыі. Калі закон пройдзе, пачнецца наогул неразбярыха з улікам таго, што вялізарная колькасць гарадоў і вёсак на поўдні краны ў часы руска-турэцкіх войнаў і каланізацыі краю называлі ў гонар расійскіх чыноўнікаў або генералаў. Гэта — Паўлаград, Сінельнікава, Дэбальцава, Кахоўка, Ілавайск, Енакіева, Акімаўка…

«Перспектывы рэформы па дэкамунізацыі тапанімікі  дыферэнцыяваныя па рэгіёнах. У некаторых рэгіёнах гэта ўспрымаюць пасіўна. У некаторых, дзе ў выніку апошніх выбараў да ўлады прыйшлі радыкальныя правыя, змены ўспрымаюцца станоўча, паколькі папулярнасць такіх партый сярод мясцовых таксама вырасла. Ну, і ёсць такія рэгіёны, галоўным чынам на ўсходзе і поўдні краіны, дзе палітыка перайменавання раздражняе насельніцтва. Маркерам гэтага служаць эпізоды, калі мясцовыя ўлады і часам палітыканы пачынаюць гуляць на гэтай тэме. Аднак увогуле рэформа будзе паступова ісці, у тым ліку таму, што ўраду трэба пра нешта рапартаваць, а здабываць перамогі на культурным фронце — самая мілая справа», — лічыць кіеўскі палітолаг Юрый Палянін.