Украіна. Неабходнасці мабілізацыі няма, нягледзячы на прысутнасць на Данбасе 8000 ваенных РФ

Міністр абароны Украіны Сцяпан Палтарак заяўляе, што сёння на Данбасе знаходзіцца 8 тысяч расійскіх вайскоўцаў.



1446025788_3691.jpg

Фота УНІАН

Сёння неабходнасці праводзіць чарговую хвалю мабілізацыі няма. Пра гэта міністр абароны Украіны Сцяпан Палтарак сказаў журналістам, перадае УНІАН.

"На сённяшні дзень неабходнасці праводзіць чарговую хвалю мабілізацыі няма. Дэмабілізацыя будзе планавай вясной. Калі будзе рэзка мяняцца сітуацыя на фронце, калі пачнецца адкрытая агрэсія Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, тады мы разам — і вы, і я — возьмем зброю і пойдзем на фронт", — адзначыў міністр.

Учора кіраўнік Генштаба Мужэнка распавёў, што на Данбас увайшло новае падраздзяленне ўзброеных сіл Расіі. Ён заявіў пра атрыманне аператыўнай інфармацыі пра ўваходжанне на тэрыторыю Украіны падраздзялення, якое мае на тэхніцы ромб і лічбу 29.