"Gazeta Wyborcza": Вялікая праваслаўная вайна на Марсе

Генералы, палітыкі ды нават праваслаўныя святары бачаць у “вялікай вайне” рэцэпт на вырашэнне сённяшніх праблем Расіі. Тэму асвятляе штодзёнка “Gazeta Wyborcza”.



gazeta_wyborcza.jpg

Першым пагрозы ў бок Турэччыны агучыў расійскі радыкал Уладзімір Жырыноўскі. Ён заявіў, што адным рухам можа ліквідаваць Турэччыну, помсцячы за збіццё самалёта. Маўляў, дастаткова скінуць атамную бомбу на Басфор — і Стамбул змые ў мора. Аднак да слоў Жырыноўскага людзі ўжо прызвычаіліся. Цяпер жа хор аматараў атамнага знішчэння пашыраецца. Расійскія вайсковыя эксперты пачалі пераконваць, што атамны канфлікт Расіі не страшны. У звязку з вялізарнымі памерамі нехта на тэрыторыі Федэрацыі ў любым выпадку застанецца, выжыве.

 

На днях да хору аматараў ядзернай вайны далучылася Руская праваслаўная царква — піша польскае выданне. Патрыярх Кірыл заявіў, што Расія мусіць пашыраць свой атамны арсенал, бо на свеце пашыраецца грэх. Расійскія бамбаванні Сірыі назваў крокам у бок міру. Прэсавы сакратар РПЦ пайшоў яшчэ далей, заявіўшы, што адзіны варыянт развіцця для Расіі — гэта супрацьстаянне з іншымі, як у 1941-м годзе. Цяпер жа ў Расеі няма жыццёвых перспектыў. Расіянам патрэбны новы драйв, бо яны ваяўнічая нацыя. Новая вайна прынясе свету ачышчэнне — пераконваюць расіян праваслаўныя іерархі, адзначае "Gazeta Wyborcza".

 

Гэтае ачышчэнне РПЦ гатова скіраваць і ў космас. Нядаўна ў Маскве прайшла канферэнцыя пра каланізацыю Марса. Прадстаўнікі РПЦ заявілі падчас дыскусій, што нельга туды дапусціць схізматыкаў, Марс павінен быць праваслаўным. Газета зазначае, што гэтая рыторыка знаходзіць водгук сярод расіян. Сёлета асноўным навагоднім падарункам сталі вайсковыя аксесуары ды пластыкавыя мадэлі расійскіх танкаў ды самалётаў.

www.radyjo.net