Масква мусіць заплаціць больш за невыкананне мінскіх пагадненняў — Байдэн

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн заяўляе, што Расія павінна заплаціць яшчэ большую цану ў выпадку невыканання мінскіх дамоўленасцяў.



238929df_ca86_49d1_8a7f_c5c60e69d5e7_w640_r1_s_cx0_cy3_cw0.jpg

«Расійскі бок не выконвае сваіх абавязацельстваў і дамоўленасцяў, але вы, са свайго боку, не можаце не выконваць, інакш у Еўропе скажуць, што яны аднолькавыя», — сказаў Байдэн падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Украіны Арсенем Яцанюком у панядзелак увечары ў Кіеве.

Раней у панядзелак на сумеснай з прэзідэнтам Украіны прэс-канферэнцыі Джо Байдэн падкрэсліў, што Масква павінна спыніць акупацыю Крыму, які з'яўляецца суверэннай тэрыторыяй Украіны, а таксама выканаць усе абавязацельствы па пагадненнях па спыненні канфлікту на ўсходзе Украіны.

Раней у ЗША заявілі, што адмены санкцыяў супраць Масквы не будзе да таго часу, пакуль Крым не вернецца ў склад Украіны.

Расія мінулай вясной анексавала ўкраінскі Крым; у свеце не прызнаюць гэтага кроку. Вярхоўная Рада Украіны афіцыйна абвясціла пачаткам часовай акупацыі Крыму 20 лютага 2014 года. Расія называе акупацыю і анексію паўвострава «аднаўленнем гістарычнай справядлівасці». Таксама Масква заяўляе, што не мае ніякіх абавязацельстваў па мінскіх пагадненнях, бо падпісвала іх не як удзельнік, а як «гарант», і не мае намеру выконваць дасягнутыя дамоўленасці.

На сумеснай прэс-канферэнцыі з Арсенем Яцанюком Джозэф Байдэн таксама заявіў, што Вашынгтон можа даць Украіне яшчэ 300 000 000 долараў на развіццё бяспекі. Паводле яго слоў, Кангрэс ЗША цяпер працуе над прыняццем адпаведнага закона.

«Цяпер ён не прыняты, але спадзяюся, што ён будзе прыняты», — сказаў віцэ-прэзідэнт ЗША.

Джозэф Байдэн падкрэсліў, што ўкраінскія кіраўнікі павінны выконваць рэкамендацыі МВФ і працаваць з міжнароднай супольнасцю, «каб працягваўся эканамічны прагрэс ва Украіне».

Арсень Яцанюк, у сваю чаргу, запэўніў, што ўкраінскі ўрад укараніць падатковую і фіскальную рэформы, а таксама будзе змагацца з карупцыяй на мытні.

«З боку ўкраінскага ўраду я магу дакладна запэўніць у нашым плане адносна далейшых дзеянняў — у першую чаргу, гэта дэрэгуляцыя, памяншэнне ўплыву ўлады на эканамічныя працэсы. Другое — гэта рэформа ўкраінскай падатковай сістэмы і фіскальнай службы. Трэцяе — барацьба з карупцыяй на мытні, чацвёртае — прыватызацыя», — адзначыў Арсень Яцанюк.

Раней у панядзелак пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам Байдэн заявіў, што ЗША дадуць Украіне 190 000 000 долараў дапамогі для правядзення рэформаў.

Віцэ-прэзідэнт ЗША прыбыў у Кіеў з рабочым візітам 6 снежня. 8 снежня ён выступіць са зваротам да парламенту.

www.svaboda.org