Іран можа зрабіць тры атамныя бомбы — Reuters

З часу апошняй справаздачы ад 5 верасня гэты аб'ём вырас на 6,7 кілаграма — да 128,3 кілаграмаў. Хоць ЗША і еўрапейскія саюзнікі раней пагражалі прыняць яшчэ адну рэзалюцыю супраць Ірана, цяпер дыпламаты кажуць, што на гэты раз гэтага не адбудзецца з-за сітуацыі ў сектары Газы.

Атамнае прадпрыемства ў Іране. Фота  AP 

Атамнае прадпрыемства ў Іране. Фота  AP 

У распараджэнні Ірана маецца ўжо 128,3 кілаграма урану, узбагачанага да 60 працэнтаў, піша «Нямецкая хваля». Пра гэта паведаміла ў сераду, 15 лістапада, агенцтва Reuters са спасылкай на канфідэнцыйны даклад Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ). Паводле яго ацэнак, для стварэння атамнай бомбы «тэарэтычна» дастаткова каля 42 кілаграмаў гэтага рэчыва, узбагачанага да 90 працэнтаў. Такім чынам, наяўных у Ірана запасаў урану, пры ўмове далейшага яго ўзбагачэння, дастаткова для стварэння трох атамных бомбаў.

«Гэта значная колькасць, асабліва калі яна ні для чаго не выкарыстоўваецца», — пракаментаваў вестку Reuters высокапастаўлены амерыканскі дыпламат. Ён дадаў, што Іран — адзіная краіна ў свеце, якая ўзбагачае ўран да такога высокага ўзроўню — і не вырабляе пры гэтым атамную зброю.

Да таго ж, паводле звестак МАГАТЭ, апошнім часам у Іране штомесяц у сярэднім узбагачаюць да 60 працэнтаў каля 3 кілаграмаў урану. Раней у гэтым годзе гэты паказчык дасягаў 9 кілаграмаў, адзначаюць у арганізацыі. Дыпламатычныя крыніцы звязваюць такое зніжэнне тэмпаў з непрамымі перамовамі паміж Тэгеранам і Вашынгтонам, іншым вынікам якіх стаў абмен зняволенымі ў верасні. 

Глядзіце таксама

Іран не выконвае патрабаванні МАГАТЭ

У 2015 годзе Іран падпісаў Сумесны ўсеабдымны план дзеянняў (СВПД) з «групай шасці» ў складзе ЗША, Расіі, Кітая, Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі. План прадугледжваў паступова зняцце эканамічных санкцый з Ірана ў абмен на згортванне ім сваёй ядзернай праграмы. Аднак у 2018 годзе ЗША пад кіраўніцтвам Трампа абвясцілі аб выхадзе з пагаднення. Тэгеран у адказ пачаў адмаўляцца ад выканання сваёй часткі дамовы.

Глядзіце таксама

Год таму Рада МАГАТЭ запатрабавала ад Ірана правесці расследаванне наконт слядоў урана, знойдзеных на трох незадэклараваных Тэгеранам аб'ектах. Пасля МАГАТЭ прыбрала адзін аб'ект са спісу, але прагрэсу ў расследаванні дасягнута не было. Толькі часткова было выканана ў гэтым годзе пагадненне аб пераўсталёўцы абсталявання для маніторынгу, уключаючы камеры назірання, знятыя летась іранскім бокам. Нарэшце, у верасні Тэгеран адклікаў акрэдытацыю ў некаторых інспектараў МАГАТЭ.

Нягледзячы на ўсё гэта, Іран наўрад ці сутыкнецца з сур'ёзнымі наступствамі, калі Рада МАГАТЭ збярэцца на наступным тыдні, піша Reuters. ЗША і Еўропа, адзначаюць агенцтва, імкнуцца пазбегнуць дыпламатычных ускладненняў з Іранам на фоне вайны Ізраіля з тэрарыстычным рухам ХАМАС — існуе асцярога, што Тэгеран або яго сатэліты могуць у яе ўмяшацца.


Глядзіце таксама