Як дыктатар рэферэндум праводзіў

У ліпені 1947-га ў Іспаніі прайшоў адзін з самых дзіўных плебісцытаў у гісторыі. Іспанцы прагаласавалі супраць наяўнай дыктатуры, пры гэтым ухваліўшы існуючы дыктатарскі рэжым.

2_53_1.jpg


Калі ў красавіку 45-га ў Іспанію прыйшла навіна аб самагубстве Гітлера, некаторыя мясцовыя чыноўнікі вырашылі ўшанаваць нябожчыка. Сапраўды, без падтрымкі нацыстаў Франка наўрад ці перамог у грамадзянскай вайне. У адным са сталічных сабораў была заказана афіцыйная памінальная служба па фюрары. Мерапрыемства паспелі адмяніць у самы апошні момант.
Няма сумневаў, што за рашэннем стаялі людзі ў атачэнні дыктатара. Там разумелі, што вайна скончылася на карысць тых, хто фашызм не прымаў. Таму франкістам трэба было вырашаць пытанне — як забяспечыць сабе легітымнасць у вачах сусветнай супольнасці? Пры гэтым, адаптуючы дыктатуру да новых знешніх абставін. Таксама было патрэбна, магчыма, у некаторым закамуфляваным выглядзе, захаваць яе інстытуты.
Спачатку гэта атрымлівалася дрэнна. Па заканчэнні вайны Франка як саюзнік Гітлера быў самым ненавісным палітыкам у Еўропе. У вачах шмат каго ён застаўся адзіным еўрапейскім фашысцкім дыктатарам, а гэта дазволіла прагрэсіўным сілам разгарнуць міжнародную кампанію ціску на Мадрыд.
У 1945 годзе на Патсдамскай канферэнцыі прадстаўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі была дасягнута дамоўленасць, якая блакавала ўступленне Іспаніі ў ААН. У выніку энергічнай дзейнасці савецкай і польскай дэлегацый Генеральная Асамблея ў канцы 1946-га прыняла рашэнне — рэкамендаваць усім краінам-чальцам ААН адклікаць сваіх паслоў з Іспаніі. Замежныя дыпламаты, за выключэннем паслоў Партугаліі, Ватыкана і Аргенціны, хутка пакінулі краіну. Адначасова Францыя закрыла мяжу з Іспаніяй і нават заплюшчыла вочы на тое, што іспанскія рэспубліканцы пачалі нелегальна заходзіць у краіну з французскай тэрыторыі для арганізацыі «партызанкі».
Аднак халодная вайна, якая пачалася неўзабаве, падарвала адзінства былых саюзнікаў, што стварыла Мадрыду нейкую глебу для знешнепалітычнага манеўру. Але для зняцця дыпламатычнай блакады гэтага было мала. Франка атрымаў легітымнасць з дапамогай рэферэндуму, які адбыўся ў ліпені 1947 года.
Іспанцам, якія прыйшлі тады на ўчасткі галасавання, прапанавалі выбар паміж дзвюма опцыямі. Першая — усё застаецца як ёсць, гэта значыць, уся ўлада як належала так і будзе належаць каўдыльё. Іншы варыянт — у нейкай перспектыве месца Франка зойме манарх, які будзе праводзіць свае законы праз Картэсы.
Праўда, устанаўленне каралеўскай улады павінна было адбыцца толькі пасля смерці Франка, які ў выпадку падтрымкі на рэферэндуме яго прапановы аб'яўляўся пажыццёвым кіраўніком. Закон таксама даў яму права прызначаць сваім пераемнікам караля або рэгента з дынастыі іспанскіх Бурбонаў.
У выніку на прапанаванае ўдзельнікам плебісцыту пытанне — «Ці ўхваляеце вы закон аб атрыманні ў спадчыну вяршэнства дзяржавы?» 95,1% адказалі «так». Яўка склала 88,6 працэнта.
Пераканаўчая падтрымка народам прапаноў улады стала асноўнай падставай легітымацыі франкістаў. У 1948-м усе заходнія паслы вярнуліся ў Іспанію. А ў наступным годзе ЗША заключылі з Франкам так званы «Мадрыдскі акт», які па сутнасці азначаў інтэграцыю Іспаніі ў блок NATO і міжнародныя структуры Захаду. Пытанне аб існаванні ў Еўропе дыктатуры, якая да таго ж мае фашысцкія традыцыі, цяпер цікавіла вельмі мала заходніх палітыкаў.
Што тычыцца электарату, то яго, на першы погляд, «кінулі» — прапанавалі галасаваць за праект канстытуцыйнай манархіі, які ў любым выпадку быў больш сімпатычны, чым адкрытая ваенная дыктатура. Аднак галасуючы за такі праект, іспанцы змушаныя былі пагадзіцца з тым, што цяперашні дыктатар застанецца ва ўладзе пажыццёва.
Зрэшты, гісторыкі не лічаць іспанскіх выбаршчыкаў такімі ўжо дурнямі. Голас «за» быў таксама голасам за змены: новы закон адкрываў каналы для ўдзелу грамадзян у палітычным жыцці краіны, хаця і ў вузкіх рамках, якія дапускаў рэжым. Напэўна, шмат хто кіраваўся і тым, што Франка, як і ўсе мы, быў звычайным жывым чалавекам. Яго раптоўны скон адкрываў дарогу да рэформаў.
Вынікі плебісцыту таксама аказаліся неадназначнымі для лёсу дыктатуры. Рэферэндум дазволіў маргіналізаваць секцыю фалангістаў, якія не адмаўляліся ад праекту фашысцкай дзяржавы. Ракіроўкі ў кабінетах далі старт кадравай рэвалюцыі, калі чыноўнікаў-фалангістаў пачалі замяняць маладыя тэхнакраты. У глыбіні душы многія з іх падтрымлівалі лібералізацыю.
Эканамічны бум 60-х і першай паловы 70-х гадоў умацаваў пазіцыі «новай» іспанскай буржуазіі і ўзмацніў яе незадаволенасць палітыкай дыктатара. У гэтых умовах унутраны канфлікт паміж рознымі фракцыямі ва ўладзе дынамічна пачаў набываць вострыя формы. Аднак драматычнай развязкі не атрымалася. Смерць Франка абумовіла маментальны крах рэтраградаў — фалангістаў — і старт пераменаў.

Зрэшты, фенаменальна хуткая дэмакратызацыя Іспаніі на мяжы 70-80-х гадоў не значыць, што з дэбатаў сучасных гісторыкаў канчаткова знікла пытанне: як хутка прыйшла б Іспанія да дэмакратыі без рэферэндуму 1947-га і легітымацыі Франка?

У пошуках адказу, натуральна, рызыкуеш трапіць у вобласць суб'ектыўных фантазій. І ўсё ж ёсць шмат рэзонаў сцвярджаць: калі б экс-саюзнікам па антыгітлераўскай кааліцыі ўдалося разам прадоўжыць курс на ізаляцыю Мадрыда, напэўна, перамены ў Іспаніі наступілі б раней.