Як хавалі Папу Бенедыкта. Пяць момантаў, на якія варта звярнуць увагу
Пахаванне пачэснага Папы Бенедыкта XVI, што адбылося сёння ў Ватыкане, суправаджалася не зусім звыклым для такой падзеі цырыманіялам. Чаму Папу паклалі ў тры труны і пахаваюць у магіле папярэдніка? «Новы Час» адказвае на самыя распаўсюджаныя пытанні.
Нагадаем, што Бенедыкт XVI пайшоў з жыцця 31 снежня ва ўзросце 95 гадоў. Адмовіўшыся ў 2013-м ад прастола па стане здароўя, ён стаў першым пантыфікам за 600 гадоў, што добраахвотна пакінуў пасаду — у 1415-м тое ж зрабіў Грыгорый ХІІ. Узамен складзеных паўнамоцтваў Ёзэф Ратцынгер (такое імя насіў Бенедыкт у мірскім жыцці) атрымаў тытул «Папа ў спакоі» і дажываў век у жаночым манастыры Маці-Касцёла ў Ватыкане. Цырымонія развітання з пантыфікам цягнулася тры дні — і скончылася ўрачыстым пахаваннем у базіліцы святога Пятра.
Чаму не званілі званы?
У цэнтры Ватыкана ўвесь чацвер стаяла нязвыклая для моманту цішыня. Як вядома, пасля смерці пантыфіка мясцовыя бомы галосна абвяшчаюць пра жалобную падзею. Зараз жа перазвон смутку чуўся толькі ў Германіі: на радзіме Ратцынгера канферэнцыя епіскапаў рэкамендавала 27 каталіцкім епархіям правесці ў краіне цэнтралізаваную акцыю памяці.
Але з якой нагоды Рым праігнараваў маркотны перазвон? Ватыкан патлумачыў сітуацыю так: паколькі ў 2013-м бомы гулі падчас абвесткі Бенедыкта аб сыходзе з пасады, зараз паўтараць працэдуру сэнсу няма. Фармальна Ратцынгер памёр ужо не ў статусе Папы, а як чалавек без афіцыйных паўнамоцтваў. Дарэчы, з гэтай жа нагоды цырыманіял больш нагадвае пахаванне кардынала, чым Папы.
Чаму Бенедыкта паклалі ў тры труны?
Тут справа ў сімвалізме. Першапачаткова цела Папы змясцілі ў кіпарысавую дамавіну, каб падкрэсліць яго чалавечую натуру. Туды ж паклалі манеты з выявамі Ратцынгера, адчаканеныя падчас пантыфікату з 2005 па 2013 гады. Там знайшлі прытулак і папскі плашч ды скрутак з тэкстам, які падсумоўвае дзейнасць Бенедыкта на пасадзе. Апошні для надзейнасці змясцілі ў спецыяльную металічную колбу.
Другая труна — свінцовая. На ёй напісана імя Папы і даты яго праўлення. Яна быццам сейф, што захоўвае спадчыну пантыфіка для нашчадкаў. Сюды ўкладзены копіі самых важных папер, падпісаных пантыфікам пры жыцці, а таксама зламаная папская пячатка. Апошняя — доказ афіцыйных дзей Папы ды сведчанне пра «заканчэнне» яго працы.
Нарэшце, труна з вязу — самага дарагога дрэва, якое толькі можна знайсці ў ваколіцах Рыма. Гэта сімвал велічы рэлігійнага дзеяча. Яе, як і ўсе папярэднія дамавіны, запячатваюць і зверху пакрываюць стужкамі крыж-накрыж.
Чаму Бенедыкта пахаваюць у магіле папярэдніка?
Гэта жаданне самога Ратцынгера, якое ён афіцыйна агучыў свайму біёграфу. Месца ў склепе пад базілікай святога Пятра з 2005 па 2011 гады належала Яну Паўлу ІІ. Аднак у сярэдзіне працэсу беатыфікацыі цела паляка перанеслі ў галоўны неф пабудовы, а пасля кананізацыі — пад алтар капліцы Сан-Себасцьян. Зараз гэта месца адкрыта для наведвання людзьмі.
Вольную ж прастору, што засталася ад «папы-пілігрыма», як часам называюць Караля Вайтылу, вырашыў заняць Бенедыкт. З аднаго боку, гэта даніна павагі папярэдніку. З іншага — яшчэ адна праява мірской прастаты Ратцынгера. Такая ж, напрыклад, як і патрабаванне правесці пахаванне максімальна сціпла. Бенедыкт скарыстаўся прабеламі ў пратаколе, дзе дэтальна не прапісана, як хаваць «Папу-эметырыуса», то-бок Папу без дзеючых функцый, і выключыў з цырыманіялу цэлы шэраг эпізодаў, у якіх, на яго думку, не было патрэбы.
Дарэчы, побач з месцам, дзе пахаваны Бенедыкт, знаходзяцца грабніцы амаль сотні пантыфікаў — апошнім Папам, пахаваным не ў Рыме, застаецца Урбан V, што правіў у 14-м стагоддзі.
Чаму афіцыйных жалобных дэлегацый толькі дзве?
Фармальна Папа Рымскі з'яўляецца першай асобай Ватыкана і як палітычнага ўтварэння. Таму развітацца з ім звычайна прыбываюць кіраўнікі дзяржаў з усяго свету. Аднак у нашым выпадку Бенедыкт пасля адрачэння ад прастола склаў і ўладныя функцыі. Таму апошнюю даніну павагі замежныя госці аддавалі яму як знакаваму, але простаму чалавеку. Афіцыйны статус дэлегацыі мелі толькі прадстаўнікі Італіі па зразумелых геаграфічна-палітычных прычынах, а таксама немцы. Апошніх у запавеце запрасіў на цырымонію сам Ратцынгер у знак павагі да радзімы.
Дадамо, што першых асоб з усёй Еўропы на развітанні хапала: кароль Бельгіі Філіп, каралева Іспаніі Летыцыя, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і шмат хто іншы вырашылі аддаць даніну пашаны папе Бенедыкту.
Чаму на цырымоніі з'явіўся Папа Францыск?
Звычайна ў апошні шлях пантыфіка праводзіць камерарый — чалавек, які пасля пахавання становіцца часовым выканаўцам абавязкаў Папы. Аднак сёння, як і апошнія дзевяць з паловай гадоў, усе афіцыйныя паўнамоцтвы мае Францішак (у міры — Хорхе Марыя Берголья). Адпаведна, вышэй за яго ў каталіцкай іерархіі людзей няма. Вось і здарылася сітуацыя, калі ўпершыню ў гісторыі развітаннем з былым Папам кіраваў цяперашні. І хай сабе Францыск знаходзіўся ў вазку з-за даўніх праблем з каленам, абавязкі ён выканаў — і нават выступіў з прамовай адпаведна абраду «Ordo exequiarum Romani Pontificis», што прапісаны ў апостальскай канстытуцыі «Universi Dominici Gregis» з 1996 года.