Як кававая выспа Цэйлон стала чайнай Шры-Ланкой

52 гады таму на выспе Цэйлон была прынята новая Канстытуцыя, згодна з якой былы брытанскі дамініон абвясціў сябе рэспублікай і змяніў назву на рэспубліку Шры-Ланка. Разам з тым, у сусветную гісторыю Цэйлон увайшоў як буйны вытворца кавы, а новая сацыялістычная дзяржава праславілася гарбатай. Як так здарылася?

vokladka_95.jpg

Пад эгідай Вялікабрытаніі выспа знаходзілася з 18 стагоддзя — у тыя часы, гледзячы на спрыяльны вільготны клімат, брытанцы вырашылі пачаць вырошчваць на Цэйлоне кававыя бабы. Да 1820-х гадоў востраў быў ахоплены сапраўднай «кававай ліхаманкай»: каб вызваліць месца для новых плантацый, каланізатары высякалі трапічныя лясы і прыпынялі дзейнасць па вырошчванні і апрацоўцы іншых сельскагаспадарчых культур.

Збор кававых бабоў на Цэйлоне

Збор кававых бабоў на Цэйлоне

Цэйлон прыцягваў да сябе інвестараў, што моцна паўплывала на яго інфраструктуру, узровень жыцця, аблічча. На выспе пачалі будаваць буйную сетку чыгуначных галін, дарог высокай якасці, партоў і гаваняў. Хаця, безумоўна, абсалютная частка даходаў трапляла ў кішэні каланізатараў, у той час як мясцовае насельніцтва працягвала жыць у беднасці і галечы. У «кававай справе» была занята большасць цэйлонцаў.

Часам карэнныя жыхары адмаўляліся працаваць у цяжкіх умовах, уключаючы расчыстку зямлі і вырошчванне кавы. У такім выпадку плантатары наймалі танную працоўную сілу з Паўднёвай Індыі. Хуткі рост кававай індустрыі прывёў да вялікага прытоку пераважна неадукаваных і непісьменных працаўнікоў, таму існавала неабходнасць стварэння простай сістэмы аплаты — так брытанцы прыдумалі спецыяльныя жэтоны.

Згодна з Пастановай аб працоўным праве 1841 года, заробак павінен быў выплачвацца ў канцы кожнага дня. Звычайна аплата рабілася або за дзень, або за выкананае заданне.

Маёнтак Хангуранкета брытанскага кававага магната Джэроніса дэ Сойса

Маёнтак Хангуранкета брытанскага кававага магната Джэроніса дэ Сойса

Азіяцкая выспа хутка ўвайшла ў тройку сусветных лідараў па аб’ёмах вытворчасці: паказчыкі ўражвалі на толькі ў параўнанні з тагачаснымі меркамі, але і з сучаснасцю. Такіх поспехаў, якіх Цэйлон дасягаў ажно тры стагоддзі таму, сёння не маюць нават вядомыя сярод аматараў фільтр-кавы гіганты Кенія ды Коста-Рыка — і гэта з улікам прымянення новых тэхналогій апрацоўкі.

Не марныя, а рэальныя перспектывы вясёлкавай будучыні краіны ў імгненне накрыліся «іржавым тазам». 

У 1869 годзе фермеры з некаторых рэгіёнаў выспы заўважылі, што на лістоце кававых дрэў пачалі з'яўляцца бледна-жоўтыя плямы, якія хутка павялічваліся ў памерах і зліваліся з суседнімі. Ніжні бок лісця пакрываўся ​​жоўта-аранжавымі рысачкамі, якія паступова заражалі іншыя расліны. Нягледзячы на паскораныя тэмпы развіцця хваробы, трывогі і думак пра зварочванне бізнесу брытанцы асабліва не паднімалі. Фермеры былі ўпэўнены ў тым, што гэта часовы вірус, які наўпрост знясіліў расліны на некаторы час. Яны спрабавалі супрацьстаяць невядомай хваробе, лечачы і абразаючы галіны раслін, але ўсё было дарэмна — у першую чаргу дзякуючы вільготнаму асяроддзю, якое спрыяла хуткаму распаўсюджванню хваробы.

Кававая іржа

Кававая іржа

Наступіла беззваротная смерць плантацый, а разам з тым перспектыў, прыкладзеных сіл і намаганняў — Цэйлон быў заражаны Hemileia vastatrix, або кававай іржой. Назва гучала даволі складана, прычым як для мясцовых пасяленцаў, так і для брытанцаў, таму ахрысцілі яе «разбуральнай Эмілі», ад «Hemileia» («Эмілія»).

Пакрытае грыбком лісце павольна зморшчвалася і ападала, праз што ягады аказваліся пад адкрытым сонцам і высыхалі ўшчэнт. Хвароба, якая атакуе выключна кававыя дрэвы, паступова знішчыла больш за 90% плантацый. Праз 20 гадоў гісторыя цэйлонскай кавы была скончана. 

Разам з тым, хвароба пачала распаўсюджвацца па ўсім свеце і набыла статус пандэміі. Адзіным месцам на Зямлі, куды ёй не ўдавалася дабрацца, доўгім часам былі Гавайскія выспы, аднак пасля 2020 года (сімвалічна!) пандэмія закранула і іх. Тым не менш, у адрозненне ад пазамінулага стагоддзя, навукоўцы і біёлагі вынайшлі спосабы, як эфектыўна змагацца з кававым вірусам, таму сучасным плантатарам не прыходзіцца пакутаваць так моцна, як гэта было ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Цяпер «разбуральная Эмілі» ператварылася ў сталае паўсюднае эндэмічнае заражэнне, якое магчыма толькі стрымліваць. 

У часы яўнага заняпаду кававых дрэў некаторыя фермеры пачалі эксперыментаваць з іншымі раслінамі, якія маглі б стаць выратаваннем ад патэнцыйнай гібелі бізнесу. Найбольш лагічным выбарам быў сыход у «сумежную» дзейнасць — таксама жыватворныя гарачыя напоі! Камелія кітайская, яна ж больш вядомая як звычайны чайны куст, выдатна прыжылася на былых кававых плантацыях.

Плантатар Джэймс Тэйлар разам са зборчшчыкамі гарбаты

Плантатар Джэймс Тэйлар разам са зборчшчыкамі гарбаты

У 1872 годзе шатландскі прадпрымальнік Джэймс Тэйлар упершыню адправіў невялікую пасылку гатовай гарбаты вагой у 21 кілаграм у Вялікабрытанію. Лонданскія знатакі прадэгуставалі напой на смак і прызналі прадукт годным, але праз боязь заражэння кававай іржой ці іншым захворваннем камерцыйныя пастаўкі пачаліся толькі праз пяць гадоў. Тады ж свет даведаўся, што «разбуральная Эмілі» дакладна не разбурае чайныя плантацыі, як мінімум у яе бягучым стане без новых мутацый.

Да 80-х гадоў усе кававыя плантацыі Цэйлона былі ператвораны ў чайныя. Праз складанасць выкарчоўвання былых гаёў і арганізацыі новых плантацый, якія выглядалі і дзейнічалі зусім па-іншаму, гэта быў марудны і цяжкі працэс. Да таго ж, усю наладжаную мануфактуру па апрацоўцы кававых бабоў прыйшлося перапрафіляваць пад лісце гарбаты.

Чайныя плантацыі на Цэйлоне, XIX стагоддзе 

Чайныя плантацыі на Цэйлоне, XIX стагоддзе 

Канец XIX стагоддзя Цэйлон сустрэў, горда несучы «чайны сцяг». Буйныя брытанскія кампаніі працягвалі валодаць плантацыямі да 1972 года, калі была абвешчана поўная незалежнасць рэспублікі ад Вялікабрытаніі. Тады ж, згодна з рэферэндумам, Цэйлон быў перайменаваны ў Дэмакратычную Сацыялістычную Рэспубліку Шры-Ланка — сучасная назва выспы даслоўна перакладаецца як «Блаславёная Зямля».

Так і склалася, што Цэйлон увайшоў у гісторыю як кававая дзяржава, а Шры-Ланка — чайны гігант у сусветным топ-5 вытворцаў гэтага напою. Сёння аб'ём збору чайнага лісця на выспе дасягае 350 тысяч тон у год. Але...

Гарбату так ніхто і не стаў называць ні ланкійскай, ні шры-ланкійскай! Праз 150 гадоў яна застаецца цэйлонскай.

Ланкійскія плантацыі гарбаты сёння

Ланкійскія плантацыі гарбаты сёння