Як нямецкія кансерватары пасварыліся
На партыйнай сцэне ФРГ імклівая перамена дэкарацый. Услед за партыяй «Левыя» раскол адбыўся ў шэрагах кансерватараў.
Новая партыя, якая ўзнікла на месцы расколу, называецца Wertunion, што можна перакласці як Саюз Каштоўнасцяў. І як і ўсякая партыя, Wertunion не з'явілася ніадкуль. Каля вытокаў яе генезісу стаяла група пад экстравагантнай назвай «Асацыяцыя абуджэння свабоды і кансерватызму», заснаваная 25 сакавіка 2017 года сябрамі Хрысціянска-Дэмакратычнага Саюза (CDU) і іх баварскай філіі ў выглядзе Хрысціянска-Сацыяльнага Саюза (CSU). Пазней «Асацыяцыя» вырашыла змяніць назву на Саюз каштоўнасцяў.
Спачатку ўсе думалі, што гаворка ідзе аб спробе каардынацыі часткі правага крыла ХДС. Такія каля партыйныя ініцыятывы звычайная з'ява ў нямецкай палітычнай культуры. Нядзіўна, што многія партыйныя бонзы CDU, у тым ліку нават тагачасныя міністры, віталі ініцыятыву аднапартыйцаў.
Крыху пазней удзельнікамі Wertunion быў прыняты «Кансерватыўны маніфест». Менавіта тады на Саюз каштоўнасцей упершыню звярнулі сур'ёзную ўвагу. Дакумент заклікаў да радыкальнай змены цяперашняга курса CDU-CSU.
Галоўныя тэзісы Маніфеста — незадаволенасць кіраўніцтвам CDU, якое нібыта да гэтага часу знаходзіцца пад уплывам спадчыны былой старшыні Ангелы Меркель. На думку лідараў Саюза каштоўнасцяў, CDU знаходзіцца на пазіцыях, якія «несумяшчальныя са свабодным і хрысціянскім поглядам». Таму партыя нясе галоўную адказнасць за «міграцыйную катастрофу», «безадказны энергетычны пераход», «залежнасць ад Расіі», «катастрафічны правал у сістэме адукацыі», «крызіс сям'і і эканамічную палітыку». А таксама «падрыў вяршэнства закону і дэмакратыі», выступаючы за ізаляцыю і палітычную дыскрымінацыю тых партайгеносэ, хто думае інакш.
Самае незвычайнае ў дакуменце тое, што курс CDU у ім называюць «неасацыялістычным», хаця цяперашні лідар CDU Фрыдрых Метц хутчэй мае імідж ліберала і еўраатлантыста.
Напісаннем маніфестаў справа не абмежавалася. Аматары каштоўнасцяў актыўна падтрымлівалі правых дысідэнтаў унутры Саюза, што забяспечвала нейкі «хайп» у медыя і прыток новых актывістаў. Неўзабаве кіраўніцтва CDU было змушанае заявіць, што «некаторыя колы праводзяць агрэсіўную фундаментальную крытыку кіраўніцтва партыі. Робяцца спробы ініцыяваць сумнеўнае супрацоўніцтва з партыямі, якія канкуруюць з СDU, ці нават заснаваць новую партыю».
Неўзабаве справа дайшла да спробы выключыць з CDU і Ханса-Георга Маасена, старшыню Саюза Каштоўнасцяў, які ў мінулым паспеў папрацаваць старшынёй Службы аховы Канстытуцыі.
У адказ Ганс-Георг узняў унутрыпартыйны бунт, абвясціўшы, што разглядаецца магчымасць стварэння на базе Саюза Каштоўнасцяў новай партыі. Нарэшце 20 студзеня 2024 года ў Эрфурце агульны сход арганізацыі, які пераважнай большасцю галасоў прагаласаваў за стварэнне новай «кансерватыўна-ліберальнай партыі» пад той жа назвай.
Па ўласных заявах заснавальнікаў партыі, зарэгістраванае аб'яднанне налічвае больш за 4000 сябраў. Пры гэтым 85 працэнтаў з якіх з'яўляюцца членамі ХДС. Паколькі падвойнае сяброўства ў абедзвюх партыях немагчыма, колькасць актыву Wertunion пакуль цяжка ацаніць.
Варта адзначыць, што лідары партыі камплементарна выказваюцца наконт блока з Сарай Вагенкнехт — аднаго з экс-лідараў партыі «Левыя». У мінулую суботу Сара і яе паслядоўнікі стварылі ўласную партыю. Ад партыі «Левых» яе адрознівае ў тым ліку крытыка ліберальнай міграцыйнай палітыкі кіраўніцтва ФРГ, што вельмі падабаецца лідарам Саюза Каштоўнасцяў.
Патэнцыйным партнёрам Саюза Каштоўнасцяў таксама называюць Альтэрнатыву для Германіі (AfD), чый рэйтынг б'е рэкорды. Альтэрнатыва на сённяшні момант другая па папулярнасці партыя ў Германіі. Раней Саюз каштоўнасцяў адпрэчыў якія-небудзь кааліцыі з AfD на федэральным узроўні, пакуль тая не пазбавіцца ад свайго правага экстрэмісцкага крыла. Аднак на рэгіянальным і мясцовым узроўні неаднаразова фіксаваліся факты, калі актывісты Саюза каштоўнасцяў сімпатызавалі Альтэрнатыве, што выклікала незадаволенасць галоўнага офіса CDU.
Зрэшты, казаць пра якія-небудзь міжпартыйныя альянсы з удзелам Wertunion яшчэ рана. Калі прадукт Сары Вагенкнехт, паводле апытанняў, ужо мае свой электарат прыкладна ў 6-10 працэнтаў, то Саюз Каштоўнасцяў толькі пачынаюць рэйтынгаваць. Пакуль палітолагі ацэньваюць узровень іх электаральнай падтрымкі ў 2-3 працэнты, што, вядома, вельмі мала.
Увогуле хапае скепсісу адносна перспектыў новага аб'яднання. У класічным паліталагічным вымярэнні праект можна аднесці да правых кансерватараў. Аднак на партыйным рынку ўжо ёсць у чымсьці падобны, прычым вельмі раскручаны брэнд — тая ж Альтэрнатыва. Застаецца чэрпаць кадравы і электаральны рэсурс з фондаў CDU. Аднак за час Ангелы Меркель кансерватыўная партыя ў Германіі моцна змянілася. Цяпер CDU гэтага хутчэй партыя ліберальнага цэнтру, у якой правых кансерватараў не вельмі шмат.
Таму існуе версія, што Саюз Каштоўнасцяў з'яўляецца «нашмат пераацэненым праектам«. Зрэшты, усё пакажуць выбары. На ўстаноўчым з'ездзе Wertunion было падкрэслена, што стварэнне партыі павінна адбыцца як мага хутчэй, каб яна паспела прыняць удзел у выбарах у зямельныя парламенты Цюрынгіі, Саксоніі і Брандэнбургу ў верасні 2024-га.