Як серыял зрынуў Чаўшэску
У красавіку спаўняецца 40 гадоў славутаму серыялу «Далас», які, як высвятляецца сёння, быў вельмі важным фактарам краху дыктатуры Нікалае Чаўшэску.
У вядомым рамане-ўтопіі Уладзіміра Вайновіча «Масква–2042» ёсць сцэна пра тое, як у будучыні жыхары камуністычнай Масквы глядзяць «Далас», кадры якога амерыканцы навучыліся дэманстраваць на неба. Вось як апісваецца сцэна ад імя героя кнігі:
«Усё неба над галавой шугала рознакаляровым полымем. На аблоках, якія пакрывалі сотні ці нават тысячы гектараў неба, дэманстраваўся нейкі фільм. З’явіліся ясна бачныя фігуры. Дзве дамы ў раскошных сукенках пілі ў рэстарацыі шампанскае. Павольна праплыў доўгі “кадылак”. Я прыгледзеўся і ахнуў: гэта быў “Далас”, знакаміты амерыканскі фільм. Па вуліцы міма нас цёк натоўп народу: мужчыны, жанчыны, дзеці і старыя. Многія з іх цягнулі ў руках подсцілкі, падушкі і коўдры. Гэта было падобна на масавую раптоўную эвакуацыю. Я ўліўся ў агульную плынь і неўзабаве разам з усімі апынуўся на шырокай пустцы. Там сядзела ўжо процьма народу. Тысячы, а можа нават дзясяткі тысяч. Яны сядзелі ціха, некаторыя паасобку, іншыя групамі. Усе глядзелі ў неба, і ўсё маўчалі. Нейкая маўклівая змова».
Хаця жанрава «Масква–2042» лічыцца сатырычнай фантастыкай, на самай справе нешта падобнае было ў Румыніі часоў дыктатуры Чаўшэску. Прыкладна ў пачатку 1980-х гадоў дыктатар вырашыў паказаць румынам «Далас». На той момант серыял ужо быў сапраўднай класікай. «Мыльная опера», якая транслявалася каналам CBS з 2 красавіка 1978 года, пабіла ўсе рэкорды. Фільму ўдалося прыцягнуць да экранаў рэкордныя 83 мільёны гледачоў — гэта значыць, 76 працэнтаў ад тых, хто глядзіць тэлебачанне ў ЗША.
Дагэтуль сярод культуролагаў працягваюцца спрэчкі пра прычыны поспеху сагі, якая, нагадаем, распавядала пра разборкі ўнутры заможнай тэхаскай сям’і Юнгаў. Лічыцца, што твор выцягнуў акцёр Лары Хэгмэн, які выканаў ролю адмоўнага персанажа Джэя Ара, якога таксама называлі Дж. Р. Нечакана публіка палюбіла героя Хэгмэна, які прыдумляў хітрыя падступныя махінацыі для дасягнення мэтаў. Дайшло да таго, што ў Злучаных Штатах з’явіліся налепкі «Дж.Р. у прэзідэнты».
Яшчэ адно ноў-хаў «Даласа» — так званыя «кліфхэнгеры» (англ. сliffhanger, або cliffhanger ending), мастацкі прыём у стварэнні сюжэтнай лініі. Усе эпізоды ў «Даласе» — не толькі заключныя — заканчваліся драматычнымі сцэнамі. У фінале кожнай серыі хтосьці з герояў абавязкова трапляў у аварыю, губляў дзіця або раптам даведваўся пра цяжарнасць.
Аднак не гэта падштурхнула Чаўшэску набыць серыял для пракату ў Румыніі. Румынскае кіраўніцтва, як пішуць гісторыкі, вырашыла на прыкладзе «Даласу» давесці карупцыйную прыроду амерыканскай мадэлі, маральны дэкаданс яе эліты.
Аднак румыны адрэагавалі на серыял інакш. Яны ўбачылі на экране не карупцыю, а шмат рэчаў, пра існаванне якіх нават не ведалі. Такую рэакцыю можна цалкам зразумець, калі ўзгадаць рэаліі румынскага сацыялізму. Паводле афіцыйных інструкцый, у кватэры дазвалялася запальваць толькі адну лямпачку магутнасцю 15 ват, выкарыстанне халадзільнікаў і іншых электрапрыбораў зімой катэгарычна забаранялася. Парушэнні выяўляліся спецыяльна створанай з гэтай мэтай «эканамічнай паліцыяй». Парушальнікаў для пачатку каралі штрафамі, а ў выпадку рэцыдыву — адключэннем газу і электраэнергіі наогул. Гарачая вада ў кватэры практычна не падавалася.
Што тычыцца тэлебачання, то яно працавала 2–3 гадзіны на суткі. Большасць кантэнту складалі прапагандысцкія праграмы. Не дзіўна, што «Далас» на іх фоне выглядаў вельмі прывабна. Хутка краіну ахапіла сапраўдная мода на серыял. Суайчыннікі пісалі, што ў той час румынскія бацькі публічна ганарыліся тым, што ў іх сем’ях расце хуліган, не горшы за Дж. Р.
Хутка спецслужбы заўважылі негатыўны ўплыў серыялу на грамадскую думку, пра што аператыўна даклалі наверх. Кажуць, што Чаўшэску таксама зразумеў памылку, аднак здымаць стужку з праграмы тэлебачання было ўжо позна. Акрамя таго «генія Карпатаў» (афіцыйны тытул Чаўшэску) душыла жаба — за серыял было заплачана каштоўнай валютай.
У кнізе Вайновіча прагляд «Даласа» заканчваецца з’яўленнем армады вайсковых самалётаў, якія перарываюць сеанс, абстрэльваючы аблокі трасіруючымі снарадамі. Гледачы пры гэтым разбягаюцца. У румынскім варыянце ўсё было інакш. Калі ўвосень 1989-га ў краіне пачаліся першыя хваляванні, румыны аказаліся пасіўнымі да заклікаў афіцыёзу «не дапусціць рэстаўрацыі капіталізму». Наглядзеўшыся «Даласа», яны, наадварот, толькі гэтага і хацелі. Значэнне «Даласа» адзначалі самі рэвалюцыянеры. Ледзь не першым, што зрабілі на румынскім тэлебачанні пасля рэвалюцыі — паказалі серыял без цэнзуры (цэнзары Чаўшэску выразалі з «Даласа» ўсе эратычныя сцэны). Сам Хэгэн у сваіх інтэрв’ю вельмі ганарыўся тым, што серыял з яго ўдзелам зрынуў Чаўшэску.
І толькі пасля смерці актора ў 2012 годзе высветлілася, што ўся гэта гісторыя дасюль хавае шмат сакрэтаў. Стала вядома, напрыклад, што Чаўшэску быў вялікім фанатам Хэгмэна, якому нават даваў хабары. Сам Хэгмэн казаў, што гэта плата за дазвол дэманстраваць свае выявы на білбордах у Бухарэсце. Аднак той факт, што ён хаваў гэтую інфармацыю да самай смерці, дазваляе прэсе дапускаць самыя неверагодныя версіі. Аж да таго, што загад страляць у 1989 годзе ў натоўп Нікалае Чаўшэску аддаў, жадаючы быць падобным на свайго куміра Дж. Р.