Дэвальвацыя навечна?
Спецыялісты па піяр-тэхналогіях выдатна ведаюць, наколькі важна абраць зручны час для піяр-кампаніі. Не менш выдатна яны ведаюць і пра форс-мажоры. Гэта калі ты пачынаеш кампанію, а ў свеце здараецца такое, што зводзіць усе твае намаганні на нішто: грамадства заклапочваецца іншымі праблемамі.
Нешта падобнае здарылася з Аляксандрам Рыгоравічам.
Падаецца, прэзідэнцкія выбары ўсё ж пройдуць у 2019-м. Занадта багата апошнім часам беларускі правадыр дае інфармацыйных нагодаў. То заявіць пра неабходнасць зменаў у Канстытуцыю, то пачне размаўляць пра перадачу паўнамоцтваў парламенту, то папраўкі ў закон пра СМІ падрыхтуюць…
Нядаўна Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ. Прычым, даволі цікава сустрэўся — да яго візіту быў абвешчаны збор пытанняў да кіраўніка краіны праз інтэрнэт. Планавалася (і адбылося), што на некаторыя з іх ён адкажа. Гэта даволі ўдалы сродак надаць падзеі дадатковую ўвагу.
Чаму я лічу гэта піяр-кампаніяй? У такой сустрэчы асаблівай неабходнасці не было. У Аляксандра Рыгоравіча ёсць графік выступаў, і для таго, каб сказаць нешта важнае, ён мог бы скарыстацца сваім пасланнем парламенту і народу, якое павінна адбыцца 24 красавіка. Таму дадатковая прэс-канферэнцыя, хай і «для сваіх» — дзіўнаватая. Нібыта ён вырашыў праінспектаваць тых, хто знаходзіцца на пярэднім краі ідэалагічнай барацьбы... А чым можа быць выкліканая такая інспекцыя? Хіба што падрыхтоўкай да выбараў.
Так, Лукашэнка на сустрэчы нагаварыў шмат цікавага. Але збольшага яго ніхто не слухаў, бо здарыўся той самы сусветны форс-мажор. У выніку ўвядзення ў дзеянне пакета амерыканскіх санкцый супраць Расіі затрэсла расійскі рубель. Услед за ім абрынулася і беларуская валюта — прычым, ледзьве не рэкордна. З 1,95 рубля за долар наш «зайчык» прасеў да 2 рублёў і 3 капеек.
Расійскі рубель за два дні знізіўся на 10%, з 58 рублёў за долар ён скаціўся да 63 з капейкамі, і падзенне працягваецца. Індэкс Маскоўскай біржы (былая ММВБ) толькі ў панядзелак апусціўся больш чым на 9%, а індэкс РТС — амаль на 11%. Абвал па акцыях Ашчадбанка і ВТБ на працягу дня перавысіў 15%. Сукупная капіталізацыя 50 найбагацейшых людзей Расіі за дзень скарацілася больш чым на $11,7 мільярда, па дадзеных часопіса «Forbes», які разлічваецца ў рэжыме рэальнага часу. Больш за ўсіх страціў Алег Дзерыпаска, чые капіталы на фоне рэзкага зніжэння кошту папер Rusal і En+ Group на 1,3 мільярда долараў. Віктар Вексельберг страціў 908 мільёнаў долараў, Сулейман Керымаў — 813 мільёнаў. Гэтыя людзі непасрэдна ўнесеныя ў санкцыйны спіс Мінфіну ЗША як «алігархі», якія «адыгрываюць ключавую ролю ў падтрымцы зламысных дзеянняў Расіі», а таму не павінны быць «ізаляваныя ад наступстваў дэстабілізуючай дзейнасці» расійскіх уладаў.
Яны пацягнулі за сабою асноўнага ўладальніка «Нарыльскага нікелю» (кошт акцыяў 9 красавіка зваліўся больш чым на 15%) Уладзіміра Патаніна, якога, у адрозненне ад першых трох, Мінфін ЗША пакуль у санкцыйны спіс не ўключыў.
І гэты амерыканскі ўдар па алігархах — не апошні. Як паведамляецца, Кангрэс ЗША пачаў падрыхтоўку новага пакета фінансавых санкцый супраць Расіі як адказ на атручванне ў Солсберы экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля. Новы законапраект патрабуе поўнай забароны для амерыканскіх фізічных і юрыдычных асоб на любыя аперацыі з расійскім дзярждоўгам, а таксама на аперацыі з сямі расійскімі дзяржбанкамі: Ашчадбанкам, ВТБ, Газпромбанкам, Банкам Масквы, Рассельгасбанкам, Промсувязьбанкам і ВЭБ. Што, зразумела, не дадае стабільнасці расійскай валюце.
І замест таго, каб уважліва слухаць Аляксандра Рыгоравіча, беларусы ў чарговы раз задаліся пытаннем: ці чакаць у Сінявокай дэвальвацыю? Бо мы, як заўсёды, апынуліся закладнікамі завязкі большасці свайго гандлю на ўсходнюю суседку.
Падзенне расійскага рубля ў адносінах да долара непазбежна выкліча падаражанне (у доларавым эквіваленце) у Расіі беларускіх тавараў. Адпаведна, іх стануць менш набываць. Для таго, каб узнавіць попыт, трэба будзе альбо зніжаць цэны, альбо зніжаць курс беларускай валюты да долара — то бок, праводзіць дэвальвацыю. Улічваючы, што на Расію ў нас прыходзіцца 44% экспарту і 57% імпарту, адно толькі зніжэнне цэнаў не спрацуе.
Варта зазначыць, што панікаваць пакуль рана — у нас ёсць пэўная «падушка бяспекі». Згодна з планам урада, напрыканцы мінулага года долар павінен быў каштаваць 2,2114 беларускіх рубля. Па выніках гэтага — 2,2267. Але, дзякуючы пісьменнай і адданай працы Нацбанка, ён захоўваў свае пазіцыі ніжэйшымі за 2 рубля. І таму цяперашні абвал расійскіх грошай пакуль не крытычны для Беларусі. А вось калі падзенне працягнецца…
Падзенне расійскага рубля ў той жа час можа паспрыяць не толькі абвалу беларускага, але і вымыванню з нашай краіны доларавых «заначак» насельніцтва. Адмыслоўцы ўзгадалі: калі расійскі рубель абрынуўся ў 2014-м, беларусы масава паехалі на закупы ў Бранск і Смаленск — па танныя аўтамабілі і электроніку.
Вымыванне валюты з краіны таксама можа ляснуць беларускі рубель, пра што нядаўна казаў старшы прадстаўнік МВФ у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Бас Бакер. Па словах Бакера, рэзервовыя актывы Беларусі знаходзяцца на нізкім узроўні, а патрэба ў валюце ў краіны — высокая. Гэта і ўяўляе пагрозу дэвальвацыі. А калі долары яшчэ і «з’едуць» з краіны ў Расію…
Суцяшацца пакуль можна тым, што «расійскі шопінг» адбыўся ў той час, калі расійскі рубель страціў каля 30% сваёй вартасці і апусціўся да 80 рублёў за долар. І зараз важна пачакаць: ці працягнецца падзенне расійскага рубля, альбо гэта была ўсяго толькі рынкавая «флуктуацыя» на фоне запуску «санкцыйнага спісу» ЗША.
Карацей, Расія зноў прымусіла нас пахвалявацца. Але няма нічога ліхога, каб на добрае не выйшла. Беларусы ў чарговы раз могуць паздзекавацца з «Рассельгаснагляду», які нібыта знайшоў у беларускай свініне рэшткі афрыканскай чумы свінняў і забараніў яе пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю. Прычым, пра забарону паведаміў на сваім сайце, не даслаўшы афіцыйныя паперы зацікаўленым прадпрыемствам.
Такім чынам, нашыя кілбасныя заводы могуць з чыстым сумленнем пачакаць, наколькі прасядзе ў суседзяў іх рубель. І, адпаведна, са зняццем пытанняў па свініне, выставіць расіянам сваю прадукцыю ўжо па новых коштах.