Прэзідэнт, які скраў сцяг

Бразільская апазіцыя вінаваціць прэзідэнта ў тым, што ў мэтах палітычнага піяру ён прысабечыў нацыянальную сімволіку. У якасці выйсця некаторыя прапануюць бразільцам прыдумаць сабе новыя сімвалы.

Фота politica.estadao.com.br

Фота politica.estadao.com.br

У Бразіліі любяць казаць, што ўсе бразільцы нараджаюцца на свет з футбольным мячом. Не дзіўна, што тутэйшыя палітыкі, каб здабыць галасы выбаршчыкаў, заўжды любілі з’яўляцца на публіцы ў жоўта-зялёнай футболцы нацыянальнай зборнай. Тым самым яны асацыятыўна траплялі ў кампанію з такімі нацыянальнымі кумірамі, як Пеле, Раналду або Рывалду.

Аднак усіх папярэднікаў на глебе эксплуатацыі нацыянальных колераў пераплюнуў цяперашні прэзідэнт —  Жаір Балсанару. Такое ўражанне, што ён увогуле не здымае футболку. Не дзіўна, што паступова гэта зрабіла жоўта-зялёныя фарбы колерам прэзідэнцкай палітычнай сілы. Прынамсі, на праўладныя мітынгі тыфозі Балсанару ходзяць выключна ў такіх футболках. Праўладныя актывісты фарбуюць аб’екты інфраструктуры і ўстановы ў жоўты.

Паўзучая прыватызацыя партыяй прэзідэнта canarinho (так называюць футболкі з зялёна-жоўтай афарбоўкай) ад самага пачатку не падабалася апанентам Балсанару. Па ходзе эскалацыі палітычнай сітуацыі ў краіне (праз спробу прэзідэнта спыніць працу парламента) і прыходу эпідэміі, якая ўжо забіла больш за 65 тысяч бразільцаў, крытычная рэфлексія наконт учынкаў гаранта стала больш бескампраміснай. Апаненты прэзідэнта кажуць, што той скраў іх нацыянальныя сімвалы. «Я заўсёды думаў, што наш сцяг і нашы колеры былі такімі прыгожымі, але сёння для мяне яны сімвалізуюць нецярпімасць, палітычнае цемрашальства, нават фашызм», — прызнаўся адзін з бразільцаў журналістам брытанскага The Guardian.

Як вынік, пачалі гучаць заклікі забыцца пра canarinho — і ўсёй грамадой прыдумаць новую сімволіку для краіны. «Мы знаходзімся ў жахлівай сітуацыі з жудасным урадам, які скраў наш сцяг», — катэгарычна заявіў адзін з куратараў кампаніі за новую сімволіку.

Ужо ёсць і першыя напрацоўкі. Архіварыусы ўзгадалі, што да 1950 года бразільцы гулялі ў бела-блакітных футболках. Традыцыю парушыў канфуз на Кубку свету 1950-га, калі Бразілія ў фінале прайграла Уругваю. Краіну адразу ахапіў усеагульны смутак. Каб забыць пра тую трагедыю, мясцовая федэрацыя футбола вырашыла прыдумаць новую форму для зборнай. Тады і нарадзілася canarinho, якую з часам праславілі бразільскія футбалісты, што выйгралі пяць тытулаў чэмпіёнаў свету. Такім чынам, бразільцам прапануюць выкарыстоўваюць у якасці нацыянальных сімвалаў бела-блакітныя матывы.

Цяпер рыхтуецца агульнанацыянальныя кампанія за новую сімволіку, першым крокам якой стане петыцыя ад імя грамадскіх арганізацый. «Мы ўжо змянялі кашулю (нацыянальнай зборнай) адзін раз, у 1950 годзе. Праз семдзясят гадоў мы можам змяніць яе зноў», — аптымістычна кажуць яе ініцыятары.

Праўда, не ўсе бразільцы прагрэсіўных поглядаў схільныя да такога радыкальнага кроку, як змена сімволікі. «Вы не можаце дазволіць махлярам скрасці вашыя самыя важныя асабістыя рэчы», — кажа 70-гадовы ветэран незалежнай журналістыкі. І дадае: «Аддаваць фашыстам наш сцяг — азначае адмовіцца ад аднаго з самых важных сімвалаў нашай барацьбы. У нас ёсць адзіны сцяг, і мы мусім яго абараніць, нават калі ён шкодзіць нашаму эга». Ён нагадвае, што яго пакаленне не адмовілася ад жоўта-зялёных колераў Бразіліі, калі ў 1969-м у краіне адбыўся путч, і ваенная дыктатура выкарыстоўвала canarinho для рэкламы новага рэжыму. Аматары гэтага кірунку, у сваю чаргу, запусцілі кампанію DevolvamNossaBandeira (вярнуць наш сцяг).

Паралельна пачаўся флэшмоб «вярнуць жоўтае». Сэнс акцыі ў тым, каб жоўты колер не выклікаў асацыяцыю выключна з цяперашняй уладай. Напрыклад, апазіцыйныя газеты друкуюцца на жоўтых старонках. «Спроба перафарбаваць старонкі ў жоўты азначае, што гэты колер звязаны не толькі з балсанарызмам або кансерватызмам, але і з дэмакратычнымі рухамі», — растлумачыў галоўны рэдактар Folha de São Paulo — самай буйной газеты ў краіне.

Тыя, хто агітуе за бела-блакітныя колеры, разглядаюць згаданыя вышэй акцыі як апартуністычныя спробы ўсядзець на двух крэслах. «Я думаю, што насіць жоўты колер — азначае страляць сабе ў нагу, таму што жоўты ідэнтыфікуецца з бандай Балсанару. Такога факту не пазбегнуць. Нам трэба насіць бела-сіні колер, каб супрацьпаставіць сябе прэзідэнту», — абураны прыхільнік новых сімвалаў. Тым самым міжволі пацвярджаючы думку — мы жывем у незвычайны час, калі каштоўнасці мінулага лёгка губляюць сакральнасць.