Як забівалі Скрыпаля. Рэканструкцыя на падставе расследавання
У гэтым матэрыяле з дапамогай крыніц адкрытага доступу, на падставе атрыманай новай інфармацыі ад міжнароднай расследавальнай групы мы рэканструюем спробу забойства Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Русланам Башыравым і Аляксандрам Пятровым, падазраванымі брытанскім следствам меркаванымі кадравымі афіцэрамі Генеральнага ўпраўлення Генштабу Узброеных сіл РФ — колішняе ГРУ.

Сяргей Скрыпаль і яго дачка
Непасрэдным доказам мажлівай датычнасці грамадзян РФ Руслана Башырава (прозвішча ў арыгінале — «Боширов» — заўв.
аўт.) і Аляксандра Пятрова да спробы забойства Сяргея і Юлі Скрыпаль можна
лічыць інтэрв’ю прапагандысткі Маргарыты Сіманьян, апублікаванае 13 верасня на
інфармацыйным канале RT (колішні Russia Today). Адразу зазначым, што імёны
гэтых падазраваных відавочна з’яўляюцца несапраўднымі і прыдуманымі,
выкарыстоўваюцца дзеля прыкрыцця і пазбягання ідэнтыфікацыі іх сапраўдных асобаў
і біяграфічных дадзеных.
Паводле інфармацыі, атрыманай з закрытых крыніцаў у выніку супольнага расследавання The Bellingcat і The Insider, з вялікай доляй верагоднасці вызначаная асоба Руслана Башырава. Гэта палкоўнік Галоўнага ўпраўлення Генштабу Узброеных сілаў РФ Анатоль Уладзіміравіч Чапіга, 05.04.1979 г.н.

Фота дакументацыі з ФМС РФ / The Bellingcat & The Insider
Высветлена, што ён служыў у 14-й асобнай брыгадзе спецназу ГУ ГШ (в/ч 74854, месца сталай дыслакацыі — Хабараўск). У снежні 2014 года кіраўнік РФ У.Пуцін надаў яму найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду — званне «Героя Расіі» за выкананне міратворчай місіі.
На той момант адзіным ваенным канфліктам, у якім наўпрост удзельнічалі Узброеныя сілы РФ, былі акупацыя Крыму і вядзенне баявых дзеянняў супроць украінскай арміі на Данбасе. Міжнародная выведвальная супольнасць InformNapalm напрыканцы верасня 2014 года зафіксавала падраздзяленне 14-й АбрСпН у раёне аэрадрому Мілерава ў Растоўскай вобласці — за пару дзясяткаў кіламетраў ад мяжы з Украінай. Вайскоўцаў з брыгадаў спецназу ГУ ГШ перакідвалі на тэрыторыю ўкраінскага Данбасу ў складзе дыверсійна-выведвальных групаў для выканання баявых задачаў. З улікам гэтай інфармацыі, цалкам мажліва, што Анатоль Чапіга атрымаў сваю «зорку героя» менавіта за ўдзел у баявых дзеяннях супраць Украіны.
Выкарыстанне для здзяйснення спецаперацыі ГУ ГШ у Солсберы вайскоўца старшага афіцэрскага складу, да таго ж Героя Расіі, можа сведчыць пра яе замову вышэйшым вайскова-палітычным кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі. Гэта ўскосна пацвярджае перадгісторыя інтэрв’ю з падазраванымі, якое было інсцэнаванае ад самага пачатку.
За дзень да яго, 12 верасня, Уладзімір Пуцін на Усходнім эканамічным форуме ва Уладзівастоку заявіў, што расійскім уладам вядома пра падазраваных у справе Скрыпалёў, і запэўніў, што з імі не звязана нічога крымінальнага (падаем у арыгінале):
«В принципе, мы, конечно, посмотрели, что это за люди, мы знаем, кто они такие, мы их нашли. Надеюсь, что они сами появятся и сами о себе расскажут. Это будет лучше для всех. Ничего там особенного и криминального нет»,— зазначыў Пуцін, а на пытанне прапагандыста Сяргея Брылёва падкрэсліў, што яны з’яўляюцца цывільнымі асобамі. Пасля гэтага звярнуўся наўпрост да падазраваных:
«Я хочу к ним обратиться, чтобы они нас услышали сегодня. Пускай они куда-нибудь придут — вот к вам в средства массовой информации».

Загад галоўнакамандуючага, які, цалкам магчыма, асабіста ўзнагародзіў аднаго з падазраваных, быў выкананы своечасова і ў поўным аб’ёме. Характэрна, што камінг-аўт двух меркаваных «грушнікаў» быў інсцэнаваны не для тэлеканала Брылёва ВГТРК«Россия» ці іншых прапагандысцкіх рупараў Крамля — «Первый канал», НТВ, — але для галоўнага сродку інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння РФ за мяжой — каналу RT, разлічанага на замежную аўдыторыю.
Інтэрв’ю з Башыравым-Чапігам і Пятровым сфакусаванае перадусім на англамоўнага масавага гледача дзеля спробаў маніпулявання і наўпроставага ўздзеяння на яго свядомасць з мэтай разбіць аргументацыю брытанскіх следчых органаў непасрэдна на іх тэрыторыі.

Скрышнот відэа інтэрв’ю расійскага прапагандысцкага тэлеканалу RT
Аднак, як было зазначана напачатку, менавіта гэтае інтэрв’ю і стала ўскосным доказам віны падазраваных з абсалютна адваротным эфектам і значэннем не толькі для замежнай аўдыторыі, але і для расійскай. Бо, калі спецслужбы РФ добра валодаюць ведамі і практыкай што да надання формы чыннікам, то пра іх змест відавочна маюць толькі апасродкаванае ўяўленне. Гэта даводзіць падрабязны аналіз ніжэй.
Фігуранты справы самі прызнаюць, што менавіта яны зафіксаваныя ў фота і відэасведчаннях брытанскай выведкі. Аматар англійскай готыкі — Башыраў-Чапіга, паводле сваіх жа слоў пра вядомы на ўвесь свет кафедральны сабор у Солсберы, не здольны нават слушна вымавіць назву гэтай святыні. Абодва падазраваных для падмацавання сваёй легенды пра турыстычную мэту візіту не надаюць абсалютна аніякіх фота- і відэасведчанняў са свайго падарожжа, пра што зазначае сама Сіманьян.
Зробім рэканструкцыю падзеяў паводле наяўнай у адкрытым доступе інфармацыі.
Башыраў-Чапіга і Пятроў вылецелі 2 сакавіка 2018 года з Масквы з аэрапорту Шарамеццева ў Лондан рэйсам «Аэрафлоту» SU2588, прыляцелі а 15.00 (паводле мясцовага часу) у аэрапорт Гэтвік (Gatwick). Падчас праходжання праз выхадную браму з зоны мытнага кантролю яны патрапілі ў аб’ектыў камер вонкавага назірання.

Metropolitan Police/PA

Metropolitan Police/PA
Характэрна, што афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава ў тыповай для яе правакацыйнай манеры зрабіла заяву адносна гэтых фотаздымкаў (пакідаем у арыгінале):
«Либо это наложенные сверху фотографии дата и точное время, либо это сотрудники ГРУ России, которые научились ходить одновременно, но их образы запечатлены в двух разных фотографиях. Это такой, знаете, уже троллинг уровня бог».
Калі ж уважліва прааналізаваць гэтыя два фотаздымкі і параўнаць з фота выхадной брамы з зоны кантролю, то атрымліваецца зразумелым, што «грушнікі» прайшлі адначасова праз два паралельныя суседнія калідоры гэтай брамы, але не праз адну.

Фота выхадной брамы аэрапорту Гэтвік. Уверсе можна пабачыць камеры назірання, якія зафіксавалі Башырава-Чапігу і Пятрова / Google Map
З аэрапорту на цягніку яны едуць у цэнтральны Лондан, прыблізна а 17.40 прыбываюць на станцыю Вікторыя. Затым на грамадскім транспарце дабіраюцца да станцыі Ватэрлоа, у раёне якой знаходзяцца паміж 18.00 і 19.00. Пасля едуць у гатэль City Stay Hotel, што размяшчаецца ў Іст-Лондане на вуліцы Боў-Роўд.

Супрацоўнікі брытанскай паліцыі аглядаюць гатэль, у якім спыняліся падазраваныя
На наступны дзень, 3 сакавіка, яны выходзяць з гатэлю, спускаюцца ў метро і прыкладна а 11.45 з’яўляюцца на станцыі Ватэрлоа. З гэтай станцыі на цягніку рушаць у Солсберы, прыбываюць туды прыблізна а 14.25, дзе, паводле версіі брытанскай паліцыі, здзяйсняюць рэкагнасцыроўку мясцовасці. У горадзе яны знаходзяцца зусім нядоўга. Ужо а 16.11 іх фіксуе камера на чыгуначным вакзале.

Metropolitan Police/PA
У City Stay Hotel яны вяртаюцца а 20.05. Паводле версіі падазраваных,
прычынай іх хуткага вяртання з Солсберы ў Лондан быў
нібыта «снежны калапс», праз які яны не маглі патрапіць да славутасцяў гораду.
Аднак, паводле дадзеных паліцыі графства
Уілтшыр, 3 сакавіка большасць дарог была ачышчана ад снегу, а, згодна з сервісам
«timeanddate»,
у Солсберы не было аніякага снегападу.

Фотаздымкі кафедральнага сабору ў Солсберы, зробленыя 3 сакавіка 2018 года, сведчаць пра тое, што вакол храму была невялікая колькасць снежнага покрыва.

У нядзелю, 4 сакавіка, яны зноў выпраўляюцца па сваім папярэднім маршруце: з дапамогаю метро дабіраюцца а 08.05 на станцыю Ватэрлоа, едуць цягніком адтуль у бок Солсберы. Характэрна, што адразу яны накіроўваюцца не да мэты свайго падарожжа — Кафедральнага сабору Дзевы Марыі, — але ідуць у абсалютна супрацьлеглым кірунку ў раён прыватнай забудовы, у якім практычна няма турыстычных аб’ектаў.
Мапа Солсберы з месцамі фіксацыі камерамі вонкавага назірання Башырава-Чапігі і Пятрова 4 сакавіка 2018 года (час GMT, выкарыстаны сервіс Google Earth)

Аб 11.48 іх фіксуе камера на выхадзе з чыгуначнага вакзалу Солсберы.

Metropolitan Police/PA
Праз дзесяць хвілін, аб 11.58, іх ужо фіксуе камера вонкавага назірання на аўтазапраўцы Shell V-Power, што знаходзіцца непадалёк дому Скрыпалёў на вуліцы Уілтан-роўд.

Выява з камеры назірання (Metropolitan Police/PA).

Скрыншот для геапазіцыянавання з рэжыму вулічнага агляду сервісу Google Earth
Далей яны, меркавана, збочваюць праз 90 метраў на Канадскае авеню, уздымаюцца 300 метраў уверх да авеню Святога Грыгорыя, ідуць праваруч да кварталу на Крысці-Мілер-роўд, напрыканцы якога, паводле версіі следства, наносяць баявое атрутнае рэчыва «Навічок» на ручку ўваходных дзвярэй дому Сяргея Скрыпаля. А 13.05 падазраваных фіксуе камера на вуліцы Фішэртун-роўд у цэнтры гораду, на шляху да чыгуначнага вакзалу.

Выява з камеры назірання (Metropolitan Police/PA)

Скрыншот з рэжыму вулічнага агляду сэрвісу Google Earth (чырвоным пазначаная камера назірання)
Праз тры хвіліны іх фіксуе ў сваім сектары агляду яшчэ адна камера на Фішэртун-роўд:

Выява з камеры назірання (Metropolitan Police/PA)

Скрыншот з рэжыму вулічнага агляду сэрвісу Google Earth (чырвоным пазначаная камера назірання)
А 13.50 яны трапляюць у аб’ектыў камеры, усталяванай на чыгуначным вакзале Солсберы, з якога выязджаюць у Лондан і прыбываюць прыблізна а 16.45 на станцыю Ватэрлоа.

Metropolitan Police/PA
Амаль праз дзве гадзіны, а 18.30, яны спускаюцца ў падземку і едуць у бок аэрапорта Хітроў. А 19:28 праходзяць кантроль сістэмы бяспекі і вяртаюцца рэйсам «Аэрафлоту» SU2585 назад у Маскву, куды прылятаюць а 22.30.

У гэты ж дзень колішняга двайнога агента, расійскага палкоўніка Сяргея Скрыпаля
і яго дачку Юлю знаходзяць у крытычным стане на лаве ля гандлёвага цэнтру
Maltings у Солсберы. Паводле брытанскага следства, яны былі атручаны нервова-паралітычным
рэчывам «Навічок», распрацаваным яшчэ савецкімі вайсковымі навукоўцамі.
Паводле інфармацыі, якая стала даступнай з адкрытых крыніцаў, да свайго сёлетняга сакавіцкага візіту ў Лондан і Солсберы Башыраў-Чапіга і Пятроў былі ў Вялікабрытаніі як мінімум двойчы. Першы раз яны знаходзіліся ў Лондане з 17 па 23 верасня 2016 года. Наступным разам яны наведвалі брытанскаю сталіцу з 28 лютага па 5 сакавіка 2017 года.
Яны мелі дастаткова часу, каб спаталіць сваю прагу пабачыць славутасці Солсберы і перадусім гатычны сабор Дзевы Марыі. Аднак, паводле іх слоў, яны вырашаюць адмыслова дзеля гэтага здзейсніць сваю трэцюю паездку ў Вялікабрытанію ўсяго на адзін дзень. Паводле дадзеных, атрыманых у выніку супольнага расследавання The Bellingcat і The Insider, яны набываюць авіяквіткі 1 сакавіка 2018 года за 15 гадзін да пачатку рэгістрацыі на авіярэйс з Масквы да Лондану.

Скрыншот з расследавання The Bellingcat і The Insider
Гэта цалкам супярэчыць іх версіі пра ранейшую запланаванасць турыстычнага
падарожжа. Дадаткова версію «грушнікаў» пра турыстычную паездку разбівае і прыродны
фактар — з канца лютага і да першых дзён сакавіка ў Брытаніі панаваў палярны
цыклон «Звер з Усходу» (Beast from the East). Яго моц значна ўзрасла, калі на
тэрыторыю Англіі абрынуўся ў дадатак яшчэ і самы магутны за
апошнія 50 гадоў снежны шторм «Эма», што ператварыў асобныя рэгіёны на зоны
стыхійнага ліха.

Снежны шторм «Эма» / express.co.uk
Менавіта ў момант скасавання авіярэйсаў у Лондане, Глазга, Ньюкасле, абвяшчэння ў шматлікіх раёнах Вялікабрытаніі чырвонага ўзроўню трывогі, суцэльнага хаосу на дарогах, аматары гатычнай архітэктуры і мегалітычных пабудоў вырашаюць паляцець на адзін дзень у Лондан і Солсберы, каб наведаць кафедральны сабор, Олд Сарум і Стоўнхендж. Гэта нонсенс, легенда не вытрымлівае абсалютна аніякай крытыкі. Адзіным лагічным тлумачэннем гэтай раптоўнай паездкі ёсць тое, што акурат 1 сакавіка, раней за падазраваных, квіток на авіярэйс да Лондану на 3 сакавіка набыла Юля Скрыпаль, якая адмыслова ляцела наведаць свайго бацьку. «Грушнікі» мелі наўпроставае пацвярджэнне месцазнаходжання Сяргея Скрыпаля ў гэтыя дні.
Цікава, што, паводле дадзеных з пазначанай вышэй рэгістрацыі на авіярэйс, нумары замежных пашпартоў Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова маюць аднолькавую серыю «65» і розняцца толькі адной апошняй лічбай, адпаведна: 65№4341294 і 65№4341297. Не менш цікава і тое, што намеснік расійскага вайсковага аташэ ў Польшчы, афіцэр ГУ Генштабу Узброеных сілаў РФ Эдуард Шышмакоў, які быў у 2014 годзе прызнаны польскім бокам персонай нон-грата і выдалены з краіны, меў замежны пашпарт з той жа серыяй і нумарам — 65№4341323, які адрозніваўся ўсяго на 28 і 25 пазіцыяй ад пашпартных нумароў Башырава-Чапігі і Пятрова адпаведна.

Фотаздымак пашпарту Эдуарда Шышмакова / Sky UK
Цалкам мажліва, ГУ Мінабароны РФ зазнае істотны кадравы голад сярод афіцэрскага складу, бо выкрытага польскімі спецслужбамі расійскага «грушніка» ў 2016 годзе ўжо з іншым прозвішчам («Шырокаў») накіроўваць для выканання задання ў Чарнагорыю. Аднак яго выкрываюць зноў, абвінавачваюць у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту, спробах тэрарызму і абвяшчаюць паводле лініі Інтэрполу ў міжнародны вышук.
Расійскае выданне з Санкт-Пецярбургу «Фонтанка»выявіла яшчэ некалькі чалавек з нумарамі пашпартоў, якія адрозніваюцца толькі апошнімі лічбамі. Гэтак, напрыклад, на некалькі пазіцый раней за Башырава-Чапігу атрымаў замежны пашпарт грамадзянін з прозвішчам Андрэў, адразу за солсберыйскім «Героем Расіі» пашпарт з нумарам 65№4341295 быў выдадзены чалавеку з прозвішчам Крымскі, таксама ў зазначаным дыяпазоне нумароў зарэгістраваны пашпарт Аляксандра Палякова. Усе яны пазначылі ў якасці месца жыхарства аднолькавы маскоўскі адрас — Харашоўская шаша, 76Б. Гэты будынак уваходзіць у комплекс штаб-кватэры Галоўнага ўпраўлення Генштабу Мінабароны РФ.

Штаб-кватэра ГУ Генштабу Узброеных сілаў РФ
Паводле інфармацыі, атрыманай The Bellingcat і The Insider ад сваіх крыніцаў у Федэральнай міграцыйнай службе РФ, вынікае, што службовыя дадзеныя пра выдачу ранейшых пашпартоў, біяграфічныя звесткі Башырава-Чапігі і Пятрова засакрэчаныя рэзалюцыяй «Сведений не давать» і пазначэннямі «Есть письмо», «С.С.» — цалкам сакрэтна.


Фота дакументацыі з ФМС РФ / The Bellingcat & The Insider
Распачатая ФСБ праверка па факце
раскрыцця асабістых дадзеных падазраваных Башырава-Чапігі і Пятрова сведчыць,
што інфармацыя, атрыманая супольнай расследавальнай групай, сапраўдная.
Журналіст Патрык Рывэл з амерыканскага тэлеканала ABC News і Олівер Кэрал з брытанскага выдання The Independent патэлефанавалі на нумар «195-79-66», пададзены ў пазначэнні пра забарону надання інфармацыі, дадаўшы маскоўскі прэфікс: +7(499). Ім пацвердзілі, што гэта тэлефонны нумар Міністэрства абароны РФ (1, 2).
Брытанскі бок абвінавачвае Руслана Башырава (Анатоля Чапігу) і Аляксандра Пятрова адразу па чатырох артыкулах — змова з мэтай забойства Сяргея Скрыпаля; спроба забойства Сяргея і Юлі Скрыпаль, паліцэйскага Ніка Бэйлі; захоўванне і выкарыстанне баявога атрутнага рэчыва «Навічок» з парушэннем Канвенцыі пра забарону хімічнай зброі; наўмыснае ўчыненне значнай шкоды здароўю Скрыпалям. Падазраваныя абвешчаныя ў вышук.

Любы, хто мае пра іх інфармацыю аператыўнага значэння, заўважыў іх на тэрыторыі Беларусі і жадае дапамагчы расследавальнай групе, можа даслаць паведамленне на электронную пошту: salisbury2018@met.police.uk.
Спроба забойства Сяргея Скрыпаля ўзняла цэлы пласт праблематыкі што да вялікай небяспекі, якую нясуць цывілізаванаму свету расійскія спецслужбы. Таксама яна засведчыла той узровень дэградацыі і стану распаду, у якім знаходзіцца ключавы орган вайсковай выведкі Узброеных сіл РФ.
На жаль, Беларусь знаходзіцца ў зоне стратэгічных інтарэсаў Расійскай Федэрацыі, інтэграваная з ёй ва ўсе мажлівыя вайскова-палітычныя і эканамічныя хаўрусы, мае вялікую колькасць агентаў расійскага ўплыву на ўсіх узроўнях сістэмы дзяржаўнага кіравання. Расійскія Башыравы і Пятровы актыўна дзейнічаюць і непасрэдна на тэрыторыі Беларусі, адным з яскравых доказаў гэтаму ёсць выкраданне ўкраінца Паўла Грыба.
Задачай палітычнай эліты і грамадзянскай супольнасці павінен стаць выхад з-пад кантролю РФ, узмацненне сістэмы нацыянальнай бяспекі і эканамічная незалежнасць. Прамаруджванне з гэтымі пытаннямі можа каштаваць Беларусі суверэнітэту і незалежнасці.