Як рускаму стаць казахам?

Прэзідэнтам Казахстана можа быць толькі этнічны казах і ні ў якім разе не рускі. Такую заяву зрабіла частка казахскай апазіцыі.

Нагадаем, 28 кастрычніка ў Алма-Аце група казахскіх нацыяналістаў сарвала прэс-канферэнцыю лідэра партыі «Алга!» Ула­дзіміра Казлова — закідала яго яйкамі і пластыкавымі пляшкамі з мінеральнай вадой. Віна апошняга заключалася ў тым, што ён — не этнічны казах — вырашыў выставіць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта краіны. Выбары запланаваны на 2012 год.



14c879f3f5d8ed93a09f6090d77c2cc3.jpg

Прэзідэнтам Казахстана можа быць толькі этнічны казах і ні ў якім разе не рускі. Такую заяву зрабіла частка казахскай апазіцыі.
Нагадаем, 28 кастрычніка ў Алма-Аце група казахскіх нацыяналістаў сарвала прэс-канферэнцыю лідэра партыі «Алга!» Ула­дзіміра Казлова — закідала яго яйкамі і пластыкавымі пляшкамі з мінеральнай вадой. Віна апошняга заключалася ў тым, што ён — не этнічны казах — вырашыў выставіць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта краіны. Выбары запланаваны на 2012 год.
Невялікая па маштабах патасоўка раскалола казахскую апазіцыю і грамадскасць.
Адна частка аб’ядналася вакол Гульбахрам Жуніс, якая прадстаўляе рух «Жэлкастан–86». Гэта ветэраны падзей 16 снежня 1986 года, калі адбыўся выступ казахскай моладзі пад патрыятычнымі лозунгамі. Па афіцыйнай версіі, хваляванні пачаліся з-за рашэння Гарбачова зняць з пасады першага сакратара кампартыі Казахстана Дзінмухамеда Кунаева, і замяніць яго на Яўгенам Кілбіным, першым сакратаром Ульянаўскага абкама партыі. Удзельнікі беспарадкаў патрабавалі прызначыць на пасаду не «варага», а казаха ці рускага з прадстаўнікоў мясцовай эліты, для якога Казахская ССР з’яўлялася радзімай. Выступ быў падаўлены ў рамках спецыяльнай міліцэйскай аперацыі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ўдзельнікі снежаньскіх падзей сталі нацыянальнымі героямі.
Менавіта ўдзельнікі руху «Жэлкастан–86», або, як іх інакш называюць, «дзекабрысты», сёння зноў рэанімавалі заклік 1986 года: «Кожнай нацыі свайго правадыра».
Па думку Жуніс, «нацыянальныя меншасці ў рэспубліцы маюць права браць удзел у палітыцы краіны, калі не будуць лезці ў вялікую палітыку. «Казахстан — гэта зямля казахаў, — упэўнена яна, — а значыць, неабходна, каб у казахаў быў свой правадыр».
Іншы «жэлкастанец», удзельнік снежня 1986-га Амангазы Карыпжан у сваіх заявах пра адсутнасць права Уладзіміра Казлова ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах пайшоў яшчэ далей. Ён згадаў пра тое, што Казлоў паабяцаў да выбараў вывучыць казахскую мову. Па словах Карыпжана, «мала ведаць казахскую мову», трэба яшчэ і «духам, целам і каранямі быць цалкам казахам». «Каша-маша не пройдзе», — падвёў ён рысу. Акрамя таго, Амангазы Карыпжан лічыць, што рускія могуць балатавацца ў прэзідэнты Казахстана выключна тады, калі іх продкі жылі на казахскай зямлі 400 гадоў. «Чаму менавіта 400?» — спытаў у Карыпжана хтосьці з журналістаў. — «Таму што расійская акупацыя Казахстана цягнецца ўжо 400 гадоў», — адказаў той.
Нарэшце «дачка казахскага народа» — так называе сябе Жуніс — звярнула ўвагу на прозвішча кандыдата ад партыі «Алга!». Па яе словах, абіраць чалавека з прозвішчам Казлоў на пасаду лідэра — тое ж самае, што запісаць усіх казахаў у казлы.
Другая частка апазіцыі падтрымала Казлова. Па-першае, адпаведна канстытуцыі, кожны грамадзянін краіны можа заняць пасаду прэзідэнта. Па-другое, ужо сам факт таго, што на вярхоўную пасаду балатуецца рускі, — вельмі сімвалічная падзея. На працягу ўсяго праўлення Назарбаева афіцыйная прапаганда казала, што толькі Нурсултан гарантуе казахскім рускім міжэтнічны мір і правы. Аказалася, што рускія, як сведчыць учынак Казлова, не ў захапленні ад рэжыму.
Узнікла канцэпцыя тандэмнай пераходнай апазіцыі. Яе абараняе стары нацыяналіст Жасарал Куанышалін, які таксама высунуў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта. Аднак працаваць збіраецца з казахскім сегментам электарату.
Сутнасць гэтай ідэі тлумачыць газета «Республика»: «Транзітна-прэзідэнцкі тандэм — сімбіёз «рускага» дэмакрата і казахскага нацыяналіста — сведчыць пра тое, што прэзідэнцкім паліттэхнолагам цяжка будзе выкарыстоўваць раскручаны трэнд міжнацыянальнай згоды як выключную заслугу казахскіх уладаў. На проціпастаўленні «мы, улада, — умераныя асвечаныя нацыяналісты» і «яны — радыкалы-казахізатары» згуляць будзе цяжка».
Казлоў — Куанышалін таксама сцвярджаюць, што «Жэлкастан–86» — гэта замова ўладаў. Інцыдэнт і сапраўды паказаў даўні крызіс у асяроддзі «жэлкастанаўскіх» арганізацый, якіх у краін аж сем штук. Адно крыло з іх выступае за дэмакратычныя змены, а іншае — адкрыта падыгрывае аўтарытарнаму рэжыму Назарбаева і атрымлівае ад яго бонусы. Цікава, што ў снежні 1986 года Назарбаеў як апаратчык быў па розныя бакі барыкад з дзекабрыстамі.
Наколькі будзе паспяховым праект тандэмнай апазіцыі, пакуль казаць заўчасна. Тым больш, што яго ўдзельнікі — рускія дэмакраты і казахскія нацыяналісты — часам не гатовыя да супрацоўніцтва. Не паспеў Куанышалін прызнаць значэнне рускага фактара, як у рунэце з’явіліся яўна шавіністычныя заявы кшталту: «Без прагматычнага рускага ядра апазіцыйная тусоўка ў большай ступені, чым сама ўлада, апынулася інтэлектуальна слабай і зладзюкаватай. У шэрагах апазіцыі застаюцца толькі люмпен і маргіналы, а таксама частка аульнай моладзі, якая падпала пад уплыў нацыяналістычнай рыторыкі. Так што ў гэтых умовах, вельмі неспрыяльных для апазіцыі, трэба шукаць нестандартныя рашэнні, каб наогул не выпасці ў асадак».
Не кажучы пра тое, што Казлоў — цёмная кабылка. Людзі баяцца, што лідэр «Алга!» падаўся ў прэзідэнты, каб зрабіць сябе піяр.
Тым часам, відавочна, што на правакацыі «Жэлкастану–86» справа не закончыцца. У казахскі інтэрнэт нехта запусціў яўна правакацыйную плётку пра тое, што Уладзімір Казлоў ніякі не рускі, а габрэй.