Якая будучыня ў Вышаграда?

Польшча 1 ліпеня пераймае старшынства ў Вышаградскай групе — аб’яднанні чатырох краін Усходняй Еўропы, роля якіх апошнім часам становіцца ўсё больш прыкметнай. Ці здолее Вышаград стаць уплывовым аб'яднаннем?

Фота www.minfin.com.ua

Фота www.minfin.com.ua


Нягледзячы на сталы прынцып працы Вышаградскай чацвёркі (у прэсе яе часта называюць проста V4), наяўнасць працуючых органаў і праграм, статус аб’яднання ў палітычным жыцці рэгіёна мяняўся. Ініцыятыва аб’яднання цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаў (Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі) паўстала 25 год таму, і з часам інтарэс, які быў да гэтых краін, саслаб.
Гэта тлумачыцца аб’ектыўнымі фактарамі. На старце праекту перад яго ўдзельнікамі стаяла, па сутнасці, рэвалюцыйная задача — правядзенне інстытуцыйных і рынкавых рэформаў. Падчас станаўлення інстытутаў дэмакратыі і інтэграцыі лакальных эканомік у сусветны рынак павестка дня Вышаграда стала больш будзённай.
Акрамя таго, пасля далучэння ўсіх сяброў V4 да Еўрасаюза ў 2004 годзе, некаторыя функцыі Вышаграду пачалі дубляваць еўраструктуры. Напэўна, пра нейкую асаблівую пазіцыю рэгіёна казалі толькі падчас падрыхтоўкі інтэрвенцыі ЗША і Вялікабрытаніі ў Ірак. Тады краіны Вышаграду, насуперак Старой Еўропе, дружна падтрымалі ідэю паходу на Багдад.
Пра месца Вышаграда ў палітычным жыцці яго суб’ектаў сведчаць вынікі апытання, зробленыя ў краінах-сябрах аб’яднання ў мінулым годзе. Найбольш адсочваюць дзейнасць аб’яднання ў Славакіі: 54% рэспандэнтаў. У іншых краінах інтарэс меншы: 37% — у Чэхіі, 26% — у Венгрыі і 17% — у Польшчы.
Тым не менш, у кантэксце апошніх падзей — міграцыйны крызіс, пагроза дэзынтэграцыі Еўрасаюза, канфлікт ва Украіне і новая халодная вайна з Расіяй, — роля Вышаграда як пляцоўкі для агучвання агульнай думкі Усходняй Еўропы імкліва адрадзілася. У прынцыпе, самі сябры-краіны вымушаны больш інтэнсіўна кантактаваць і фармуляваць агульную пазіцыю.
Рэнесанс аўтарытэту Вышаграда пачаўся пасля крымскіх падзей 2014-га. Гэта было ўспрынята як сігнал пагрозы для рэгіянальнай бяспекі. Ужо 14 сакавіка 2014 года ўдзельнікамі ініцыятывы была падпісаная дамова пра стварэнне сумеснага ваеннага органа ў рамках Еўрапейскага саюза як адказ на ваенную інтэрвенцыю ва Украіну. Дамова ўключае ў сябе пункты пра сумесныя ваенныя вучэнні, скаардынаваныя закупы зброі і сумеснае развіццё абароны чатырох краін Цэнтральнай Еўропы. У маі гэтага года краіны Вышаградскай групы адназначна падтрымалі пазіцыю Балтыйскіх краін і Польшчы, якія патрабуюць павелічэння ваеннай прысутнасці NATO.
Акрамя таго, Усходнюю Еўропу, якая мае агульную мяжу з Украінай, турбуе праблема бежанцаў — ахвяр вайны. На Пражскім саміце ў пачатку чэрвеня лідары краін звярнуліся да старшыні Еўракамісіі з прапановай заснаваць фонд падтрымкі Украіны, які дапаможа аслабіць націск мігрантаў на ўсходнюю мяжу ЕС. Вышаградскія краіны таксама заявілі пра гатоўнасць рэалізаваць такую праграму.
Калі гутарка ідзе пра Украіну, нельга прайсці міма цікавага эпізоду. У снежні 2014 года прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падчас сустрэчы з дэлегацыяй краін Вышаградскай групы ў Кіеве выказаў надзею, што Вышаградская чацвёрка зменіцца з V4 на V5 за кошт удзелу Украіны. Міністр замежных спраў Польшчы ў сваю чаргу заявіў, што Польшча падтрымае Украіну, калі яна захоча ўступіць у склад гэтага аб’яднання.
Усходнееўрапейскай ідэнтычнасці спрыяў і міграцыйны крызіс. Краіны Усходняй Еўропы выступілі супраць спроб увесці сістэму нацыянальных квот для бежанцаў, нягледзячы на ціск з боку іншых краін ЕС. З улікам таго, што пры ўладзе ў Варшаве і ў Будапешце знаходзяцца правыя партыі, прыток мігрантаў, якія накіроўваюцца ў асноўным з краін Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, трактуецца як цывілізацыйная пагроза.
Пікіроўка з Брусэлем наконт квот стала базай для спекуляцый наконт таго, што Вышаград можа стаць своеасаблівым геапалітычным полюсам еўраскептыкаў, якія будуць намагацца абараняць сваю формулу еўраінтэграцыі. На інтэрнэт-старонках правых польскіх арганізацый можна прачытаць нават пра тое, што Вышаградская група ў перспектыве можа выйсці са складу ЕС і разам з Украінай адрадзіць балтыйска-чарнаморскі праект накшталт сярэднявечнай Рэчы Паспалітай. Цікава, што канцэпцыю «моцнага Вышаграда» падтрымаў і беларускі афіцыёз.
Аднак наўрад ці фронда ўсходнееўрапейскіх еўраскептыкаў зойдзе так далёка. Пражскае выданне «Нospodarske noviny», каментуючы саміт 9 чэрвеня, піша, што існуе пагроза ператварэння аб’яднання ў інструмент абароны індывідуальных амбіцый палітыкаў. Быццам бы пра гэта кулуарна заявіў чэшскі прэм’ер Багуслаў Саботка, падводзячы вынікі чэшскага мандату. Калі верыць СМІ, ён расчараваны тым, што некаторыя бачаць у Вышаградзе выключна сродак прыкрыцця сваіх вузканацыянальных забабонаў. З іншага боку, усе СМІ адзначаюць, што міграцыйны крызіс ужо не такі жорсткі, як раней, і што градус еўрафобскіх настрояў хутка паменшыцца.
Якім будзе новы фармат Вышаграда, пакуль цалкам незразумела, аднак рост рэгіянальнага супрацоўніцтва проста непазбежны. Беручы пад увагу актыўную ролю Польшчы ва Усходняй Еўропе, яе кадэнцыя можа быць вызначальнай для далейшага лёсу V4. Другая палова 2016-га — вельмі зручны час для нейкіх маштабных ініцыятыў з боку краін Усходняй Еўропы. Асабліва з улікам таго, што Славакія таксама 1 ліпеня пачынае старшынства ў ЕС.