Якім будзе Афганістан пасля сыходу амерыканцаў. Чатыры пытанні і адказы
Упершыню ад 2001 года ў Афганістане няма амерыканскіх войск — пасля таго, як Злучаныя Штаты завяршылі эвакуацыю большасці сваіх грамадзян і тысяч афганцаў, якія знаходзяцца ў групе рызыкі.
Больш як 114 000 чалавек былі вывезеныя самалётамі з аэрапорта Кабула за апошнія два тыдні ў выніку эвакуацыйнай аперацыі пад кіраўніцтвам ЗША. Але спыненне вайсковай прысутнасці ЗША ў Афганістане ўздымае новы набор пытанняў для Байдэна і яго адміністрацыі, піша «Свабода».
Што будзе з амерыканцамі і афганцамі з групы рызыкі, якія засталіся ў Афганістане
Злучаныя Штаты эвакуавалі ад 14 жніўня больш як 5 500 грамадзян ЗША. Аднак невялікая колькасць амерыканскіх грамадзян вырашыла і далей заставацца ў Афганістане, многія з іх хочуць застацца са сваімі сем’ямі.
Адміністрацыя Байдэна чакае, што «Талібан» дазволіць
бяспечнае перамяшчэнне амерыканцам і іншым асобам, якія пакідаюць Афганістан
пасля завяршэння вываду амерыканскіх войск. Але ёсць асцярогі з нагоды
таго, як гэтыя грамадзяне змогуць з'ехаць, калі не будзе дзеючага аэрапорта.
Дзясяткі тысяч афганцаў з групы рызыкі — такія, як
перакладчыкі, што працавалі з амерыканскімі вайскоўцамі, журналісты і абаронцы
правоў жанчын, — таксама засталіся нявывезенымі. Незразумела, які лёс іх чакае,
але афіцыйныя асобы занепакоеныя тым, што «Талібан» можа пачаць помсціць.
Паводле сумеснай заявы, апублікаванай у нядзелю Вялікай
Брытаніяй, ЗША і іншымі краінамі, талібы паабяцалі дазволіць усім іншаземцам і
афганскім грамадзянам, якія маюць дазвол на выезд, пакінуць Афганістан.
Што будзе з кабульскім аэрапортам пасля адыходу сіл ЗША
На працягу апошніх двух тыдняў амаль 6000 амерыканскіх вайскоўцаў ахоўвалі і забяспечвалі працу кабульскага міжнароднага аэрапорта імя Хаміда Карзая.
«Талібан» вядзе перамовы з урадамі некаторых дзяржаў — такіх, як Катар і Турцыя, — з просьбай дапамагчы ў забеспячэнні палётаў цывільных
самалётаў з Кабула, што з'яўляецца адзіным спосабам для многіх пакінуць
Афганістан.
Міністр замежных спраў Турцыі Мэўлют Чавушаглу заявіў,
што ў аэрапорце неабходна правесці рамонт, перш чым ён будзе адкрыты для
цывільных рэйсаў.
Турцыя, якая ўваходзіць у склад місіі NATO, апошнія 6
гадоў адказвала за бяспеку ў аэрапорце. Захаванне функцый аэрапорта пасля
перадачы кантролю замежнымі войскамі жыццёва важнае не толькі для Афганістана,
каб заставацца на сувязі са светам, але і для забеспячэння паставак
гуманітарнай дапамогі і для выканання палётаў.
Якая будучыня адносін ЗША і «Талібана»
Злучаныя Штаты заявілі, што не плануюць пакідаць дыпламатаў у Афганістане і будуць вырашаць, што рабіць у будучыні, у залежнасці ад дзеянняў талібаў.
Але адміністрацыі Байдэна давядзецца вызначаць, як яна можа
прадухіліць гуманітарны і эканамічны крызіс у краіне.
Паводле даных ААН, больш як 18 мільёнаў чалавек — а гэта
звыш паловы насельніцтва Афганістана — маюць патрэбу ў дапамозе, а палова ўсіх
афганскіх дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў ужо цярпяць ад вострага недаядання
падчас другой засухі за чатыры гады.
Некаторыя краіны, уключаючы Вялікую Брытанію, заявілі, што аніводная дзяржава не павінна прызнаваць на двухбаковай аснове талібаў у якасці
ўраду Афганістана.
Якую пагрозу нясе «Ісламская дзяржава»
Адзіная галіна супрацоўніцтва паміж ЗША і «Талібанам» можа быць звязаная з пагрозай, якая зыходзіць ад баевікоў «Ісламскай дзяржавы». Аднак узнікаюць пытанні, як Вашынгтон і «Талібан» могуць каардынаваць свае дзеянні і нават абменьвацца інфармацыяй для процідзеяння гэтай групоўцы.
«Ісламская дзяржава Харасан», названая так у гонар
гістарычнага рэгіёна, упершыню з'явілася на ўсходзе Афганістана ў канцы 2014
года і неўзабаве стала вядомая сваёй крайняй жорсткасцю.
Група ўзяла на сябе адказнасць за выбух
тэрарыстам-самазабойцам каля аэрапорта 26 жніўня, у выніку якога загінулі 13
амерыканскіх вайскоўцаў і мноства афганскіх мірных жыхароў.
Ад таго часу Злучаныя Штаты нанеслі па гэтай групе як
мінімум два ўдары з дапамогай беспілотнікаў, і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн
заявіў, што яго адміністрацыя працягне прымаць меры ў адказ.
«Ісламская дзяржава Харасан» — закляты вораг талібаў. Але прадстаўнікі амерыканскай выведкі лічаць, што рух выкарыстаў нестабільнасць, якая прывяла да краху афганскага ўрада, каб умацаваць свае пазіцыі і актывізаваць вербаванне незадаволеных чальцоў «Талібана».