АДКБ запэўнівае, што салдат у Афганістан не адправіць

Апасенні грамадзян краін-членаў АДКБ з нагоды магчымай адпраўкі салдат у Афганістан безгрунтоўныя, заявіў генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась у эфіры тэлеканала СТБ.

«Гэта абсалютна безгрунтоўныя асцярогі. Чаму? АДКБ — гэта выключна абарончая вайскова-палітычная арганізацыя. І ў дамове калектыўнай бяспекі, статуце нашай арганізацыі прадугледжана ўжыванне калектыўных абарончых сіл выключна ў межах зоны адказнасці АДКБ — гэта значыць у межах нашых краін», — заявіў ён.

16 жніўня Станіслаў Зась ад імя АДКБ сказаў, што ў выпадку абвастрэння становішча на мяжы і ўзнікнення пагрозы бяспецы Таджыкістана будуць прынятыя ўсе меры, якія неабходныя для аказання дапамогі саюзніку.

А міністр абароны РФ генерал арміі Сяргей Шайгу назваў слушнымі папераджальныя дзеянні краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) на тле пагрозы з Афганістана. Міністр нагадаў, што, калі пачалі развівацца негатыўныя падзеі ў Афганістане, краіны АДКБ пачалі сумесныя вучэнні. У тым ліку Расія правяла супольныя манеўры з Таджыкістанам і Узбекістанам на мяжы з Афганістанам. Акрамя таго, былі праведзеныя вучэнні, дзе ўдзельнікамі выступілі 3 краіны АДКБ: Таджыкістан, Узбекістан і Расія.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: