ЗША і амаль 100 краін свету зрабілі сумесную заяву аб эвакуацыі з Афганістана
Дзяржавы свету ў сумеснай заяве нагадалі «Талібану», што ён абяцаў іх грамадзянам і афганцам, якія атрымалі дазволы на ўезд ад гэтых краін, бесперашкодны выезд з Афганістана.
«Голас Амерыкі» паведамляе, што ўрады ЗША і больш як 90 дзяржаў свету 29 жніўня апублікавалі сумесную заяву з нагоды эвакуацыі з Афганістана. У заяве яны выказалі намер прыкласці ўсе намаганні, каб іх грамадзяне і пастаянныя жыхары, а таксама афганцы, якія працавалі з імі, ды людзі з груп рызыкі маглі і далей свабодна выязджаць у пункты прызначэння па-за межамі Афганістана.
У заяве гаворыцца, што ўрады гэтых краін будуць і далей выдаваць праязныя дакументы пэўным групам афганцаў і чакаюць ад «Талібана», што яны змогуць бесперашкодна выехаць у адпаведныя краіны.
Заяву, у прыватнасці, падпісалі ўрады ЗША, Эстоніі, Грузіі, Казахстана, Кіргізіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Украіны, а таксама вярхоўны прадстаўнік ЕС у міжнародных справах і генеральны сакратар NATO.
Талібы захапілі Кабул 15 жніўня. Прэзідэнт Афганістана Ашраф Гані пакінуў краіну. У перыяд свайго папярэдняга праўлення ў Афганістане, з 1996 па 2001 год, «Талібан» прытрымліваўся строгай версіі шарыяту. У краіне былі абмежаваныя многія палітычныя правы і асноўныя свабоды. Жорсткія правілы дзейнічалі перадусім у дачыненні да жанчын і дзяўчынак. Цяпер талібы заяўляюць, што будуць выконваць правы чалавека, але многія афганцы кажуць, што давяраць ісламістам нельга.
26 жніўня побач з аэрапортам Кабула адбылася серыя з шасці выбухаў. У выніку тэракту, адказнасць за які ўзяла «Ісламская дзяржава», загінулі каля 200 чалавек, у тым ліку мірныя афганцы і 13 амерыканскіх вайскоўцаў.
Улады ЗША паабяцалі адказаць на тэракты ў Кабуле. 28 жніўня амерыканскія вайскоўцы нанеслі авіяўдар з дрона па ўдзельніках групоўкі «Ісламская дзяржава». Паводле ўлад ЗША, у выніку быў забіты адзін з арганізатараў тэрактаў у Кабуле.
ЗША 29 жніўня нанеслі беспілотнікам удар па транспартным сродку, у якім знаходзіліся баевікі «Ісламскай дзяржавы».